Выбрать главу

Хаця пасля вайны ім і некалі было адно аднаму нейкія там словы гаварыць. Тры-чатыры гадзіны ноччу толькі і бачыліся. Мо ён і ходзіць зараз таму, што не выгаварыўся тут, на белым свеце, ходзіць з таго свету, але і з таго свету слова ёй не прыносіць.

Дуб за сцяной, калі знік Іван, ужо не прасіўся ўвайсці ў хату, ён, здавалася, патрабаваў, каб усе жывыя выйшлі з гэтай хаты. Ненене за думкамі, клопатамі і не прыкмеціла, калі і пачалася такая бура. Хісталася і дрыжала старая хатка, хатка, якая ўвогуле ніколі не была новаю, не пабудаваная нават, хутчэй вырасла, як расце грыб, з зямлі; так і яна пачала расці з зямлянкі-закапухі, крытай зялёным мохам. Зямлянку гэтую капала сама Ненене, калі старая хата ўжо развальвалася. Прыйшоў Іван, паставіў закапуху, нешта дагэтуль неверагоднае ні ў якім краі, з жэрдак, што ў два рады былі забітыя ў зямлю, паміж імі палажылі моху, угнялі, уціснулі яго і самі сабе сказалі: будзем жыць. У музей бы такую хатку, дык ніхто б і не паверыў, што ў ёй можна жыць. Ні падлогі, ні даху. Жылі. I вецер жыў разам з імі ў той хаце, усе скразнякі былі іх: і як спявалі ім жэрдкі, кожная мела свой матыў і свой голас. I сёння такі ж вецер і такі ж стогн у хаце. Тупае і тупае карова ў сваім куце, калі б не чула гаспадыні, пэўна, роўма раўла б.

Ненене ўстала, у цемры знайшла, накінула на плечы кухвайку і, як была босая, выйшла на двор. Ноч была вераб'іная. Яна спынілася каля дуба, прыслухалася, не наважылася прайсці куды-небудзь далей, збаялася, што хтось можа прыкмеціць яе на вуліцы ў гэты час і абгаварыць, падумаць бог ведае што. А вакол яе тварылася нешта жахлівае і жудаснае. Як цягнік, грукатаў буравей, лютавала рака. Рака выйшла з берагоў, крышыла, зносіла ўсё, што ні паўставала на яе шляху, і падыходзіла ўжо да вёскі. Але паводка Ненене не палохала: мокры вады не баіцца. Ды іх ужо ў гэтым годзе папярэджвалі, што ідзе вада, вялікая вада, прапаноўвалі нават эвакуацыю. Толькі на гэтую эвакуацыю ніхто не пагадзіўся. Пачаў пакрапваць дожджык, і яна заспяшалася зноў у хату.

Дождж разышоўся і не сціхаў ужо да раніцы, да раніцы выў вецер і раўла рака, нібыта заблукаў у вёску валацужны воўк, знайшоў костку і грыз яе, выў і стагнаў над ёю. Так вада грызла і бурыла вёску. Раніцай яна стаяла ўжо каля ганкаў. I зноў жа ні. Ненене, ні яе аднавяскоўцы не адчулі перад гэтай вадой аніякай трывогі, а Барздыка і рыжы Васька Брытан, яго сын, нават былі радыя: такая вялікая вада, значыць, з горада прыйдзе дапамога, тое-сёе падвязуць. Мукі падкінуць, гэта факт, потым — кілбас, тушонак. Потым яшчэ чаго — кансерваў розных, якіх яны ў добры час не бачылі. Усё гэта можна спажыць і адразу, а лепей прыхаваць на пасля, калі прыспее касавіца і выйдзе ці будзе на зыходзе сваё, вось тады спатрэбіцца і гарадское, якраз у пару прыйдзецца.

Але вада прыбывала і прыбывала, занепакоілася жывёла ў хлеўчуках. Яе непакой перадаўся гаспадыням. I яны перш-наперш, падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, якога ніхто ім не даваў, выгналі з хлявоў жывёлу і кінуліся ратаваць бульбу. Не прыёмнікі і тэлевізары, не сваё дабро, што пажылі пасля вайны, не падушкі і пярыны — што, здавалася б, больш за ўсё баялася вады,— бульбу. Чырвонымі ад холаду рукамі жанчыны выграбалі яе з вады, паграбоў і сцёбак, а дзе магчыма было даступіцца — і капцоў, чырвоную і белую, скараспелку і ракаўстойлівую, і зносілі яе да лодак, яшчэ не маючы ў галаве, куды звозіць, дзе схаваць. А калі дайшла чарга і да гэтага, зняможана апусцілі рукі. Вада ўжо была паўсюдна, куды ні кінь вокам, на ўсе чатыры бакі. Сярод стрэх хат і хлявоў, якія адразу ж сталі. такімі бездапаможнымі, сярод электраслупоў, што панура звесілі да вады такое, здаецца, нетрывалае зараз павуцінне дратоў, цьмяна вылучаўся адзіны толькі ўзгорбак — астравок зямлі.

Могілкі вада не кранула, не паднялася да могілак, а мо й пашкадавала, спынілася каля плота, ля капліцы. Пашкадавала не толькі іх вясковыя могілкі, але і тыя магілы, што належалі невядома каму, магілкі, якія насыпамі белага пяску спакон веку ўзвышаліся над вёскай. Да могілак і кінуліся людзі. Першую лодку, човен, гнала старая Махахеіха. Веславаў, праўда, сам Цімох Махахей, але Махахеіха сядзела наперадзе і сваім чорным носам-дзюбай як бы кіравала ім, і ў тым, як яна сядзела ў гэтым чоўне, як рашуча гнулася і распрамлялася, і нават у паглядзе, было нешта вельмі нядобрае. Да таго нібыта прывязаныя да родных селішчаў і не ланцугамі і вяроўкамі, а нечым больш трывалым, непарыўным, следам за Махахеем паплылі і іншыя лодкі. Барздыкі, Махахеі, Роўды прыставалі да берага, падцягвалі лодкі і чаўны і спяшаліся кожны да свайго блізкага. Тое, што належала не ім, з чым яны былі ніяк не звязаны — старажытныя насыпы з жоўтага пяску,— абыходзілі, не краналі, не трывожылі спакою чужых нават у ліхую для сябе часіну. Мо і грэбавалі, захоўвалі сябе, чысціню сваю, імкнуліся да сваіх, хай і мёртвых, але сваіх.