Выбрать главу
Я гляджу — I аж сэрца шчымліва заходзіцца — Да таго дарагія і любыя мне Нашы далі лясныя... Ах, чую, народзіцца Зараз песьня ў душы — Весьняй хваляй памкне!
Нават вейкі прымружыў На хвілю якуюсьці — Як ад чараў... I раптам, нібыта праз сон, Страшны голас нялюдскі скрыгоча: «Любуешся? Ну, любуйся, любуйся, Душа з цябе вон!
Пэўна, думаеш: Вось яна, спадчына вечная! I ты вечны насьледнік яе, валадар. А мяне — I ў разьлік не бярэш, недарэчына? Ну, дык ведай: Не ты тут, а я — гаспадар!
А ў мяне Ёсць стальныя, масіўныя ськівіцы I ёсць чэрава-прорва, Якое не ўняць: Зьем усё тут, усё! Не прасі зьлітасьцівіцца — Схрабашчу ўсе лясы, Што наўкола стаяць! I дубровы-гаі, I бярэзьнікі-ельнікі — Да апошняга дрэўца — Суздром сьцераблю! Зьнішчу ўсё, Каб нашчадкі твае, пераемнікі, Мёртвай пусткай убачылі Гэту зямлю!..»
Жах мяне скалануў. Азіраюся: «Хто гэта?» «Га-га-га!» — Рагатнула нябачная здань. Навакол — ні душы. Рэха страшнага рогату 3 Краснай горкі сьвятой Доўга коціцца ўдаль.
1991, сакавік

КРУМКАЧ

Ізноў, як калісьці, Мне каркае чорны крумкач: Давеку не выйсьці Табе з гістарычных няўдач!
Куды ні паткнуся — Усюды наб'ю сабе гуз: Няма Беларусі! Няма і цябе, беларус!
Куды ты ўсё прэшся? Свой лёс ты між двух выбірай: Ці «ўсходнія крэсы» — Ці «северо-западный край».
Дай дзякуй, сярмяжка, Што знаеш сяўбу ды жніво. Калі ж табе цяжка — Пахліпай сабе ў рукаво!
На гэта ты здатны — На вечную скаргу і плач... ЗамоўкнІ, бяздарны! Не будзе па-твойму, крумкач!
Я хліпаць не стану! Я прагай зьдзяйсьненьня жыву. Найперш — у пашану — Табе я скручу галаву.
Каб гнюсна не каркаў, Каб тут, дзе Купала хадзіў, Рабоў-недавяркаў Агіднай хлусьнёй не пладзіў.
Тут праўда і вера З нябыту ўваскрэснуць навек. I мэтай і мерай Тут будзе ва ўсім — Чалавек.
1991, красавік

ПА ДАРОЗЕ Ў РАЙ

Біце ў ладкі, прастакі! Пляскайце! Пляскайце! Вам пякуцца праснакі У маселцы, маселцы!
I пантофлі без чаргі Купяцца, купяцца — Хай адно хутчэй мазгі Тупяцца, тупяцца!
Хцівец скача, як вар'ят, З радасьці, з радасьці, Што вам сыпе ў душы яд Здраднасьці, здраднасьці.
Напляваць яму на грэх, Белячы,белячы Тыя грошы, што нагрэб Безьлічы, безьлічы.
Краў ён вашу працу-плён — З думаю, з думаю, Што і ўладу купіць ён Сумаю, сумаю.
А тады, ліхвяр і хам, Спрытненька, спрытненька На галовы сядзе вам З прысьмехам, з прысьмехам.
Загадае везьці ў рай — Рыначны, рыначны, У бяздоньне родны край Зрынуўшы, зрынуўшы.
Вам аздобіць лёс такі Пляшкаю, пляшкаю... Дык шчыруйце, прастакі: Пляскайце! Пляскайце!
1991, ліпень

* * *

Дык як жа будзем жыць, Мой мілы пане-браце? Ці так, як набяжыць, Ці — спадарамі ў хаце?
На імпартных мазгах I завазной маралі, Ці — з верай, што ў вяках Для нас дзяды стваралі?
1991, жнівень

АПОШНІЯ

Яны выходзяць на прасьпект зялёны — Пры ордэнах і медалях нацёртых... I кажа мне іх позірк засьлязёны; «Так, мы ідзем да нашых брацьцяў мёртвых.