Выбрать главу
Мы — з той вайны. Мы чэсна ваявалі. Хай не героі, ды спазналі мукі. Зашто ж вы нам у душы наплявалі — Вы, нашы дзеці родныя і ўнукі?..»
1991, жнівень

* * *

У беспрасьветны час Зьнявер'я і шаленства, Калі цяжар абраз Гняце душу з маленства, —
Паверыць лёгка ў зло, А вы ў дабро паверце! Абразы не было — I па найстрогай мерцы,
Душы сваёй крыло Даю на адсячэньне: Абразы не было Для сьвята адраджэньня!
Абразы не было. Адкуль жа столькі гневу? Пакуль не адняло — Цягну далоні к небу.
Пасьведчы, Бацька Бог: Хоць і круты не ў меру — Абразіць я не мог Сваю любоў і веру.
Абразы не было. Калі няпраўда гэта — Хай тут жа стлее ў тло Зямны пасад паэта!
Пабеліць стынь чало I цені ў зрэнках згуснуць — «Абразы не было...» — Нячутна сыдзе з вуснаў.
1991, верасень

ПЕРАСЬЦЯРОГА

Беларусы! Ды не верце ж вы Новаяўленым ілжэпрарокам: Умярцьвяць яны наш дух жывы — I давер наш вылезе нам бокам!
Залатое пасьвячы цяля На лугах цяністага падпольля, Злыдні хочуць, каб уся зямля Стала іхняй, — і зямля, і воля.
I зямля, і воля, і душа! — Лёсу трыадзіная апора. Завалодаўшы душой сьпярша, Волю і зямлю прысвояць скора.
I тады ўжо — на вятрах чужых — Нам павек гібець у прыніжэньні. Не шукайце ж праўды-рады ў тых, У каго тапырацца кішэні!
Ні на кроплю ім не верце вы — Гэтым пафасным ілжэпрарокам: Умярцьвяць яны наш дух жывы — I давер наш вылезе нам бокам!
1990—1991

КОЛЬЦЫ

СЬПЯРША

Сьпярша прывучаць вуха, вока Да чужамоўя, а тады... Тады ўжо будзе недалёка Да непапраўнае бяды —
Калі па кроплі, як атрутай, Чужым напоўніцца душа I ўжо не ўспомніць у пакутах, Якой была яна сьпярша.
1991, жнівень

ЦЯПЕР!

Цяпер! Цяпер! Цяпер — і толькі! Або — або, народзе мой! Або — цяпер, нязломна-стойкі, У рукі лёс ты возьмеш свой,
Або — і ў далі найдалёкай, З ярмом, узьдзетым на каўнер, Ты будзеш жыць, як раб і лёкай... Таму — цяпер! Цяпер! Цяпер!
1991, верасень

НА СЬМЕХ...

На сьмех браты мяне ўздымаюць, Што я таксама захацеў Павагу мець, якую маюць Яны. Крычаць: «Ты звар'яцеў!
Хадзіць і дыхаць незалежна? Ды гэта ж бунт і страшны грэх!..» Браты! I праўда, будзе сьмешна, Як сьвет падыме вас на сьмех.
1991, верасень

ВЫ, ШТО ПАЧАЛІ...

Вы, што пачалі ўжо зарыфмоўваць Новае вяльможнае імя, Да нябёс узносіць пышнай мовай, У надзеі, што незадарма,
Помніце пра лёс неблаславёны Тых няшчасных, што да вас жылі I таксама ўладароў імёны Рыфмаваць аднойчы пачалі.
1991, верасень

У ЗОЛЬ I СТЫНЬ

У золь і стынь гібелі людзі — На будаўніцтве, на сяўбе, А зоркі з золата на грудзі Чаплялі выхапні сабе,
А плён іх кралі дармаеды З нутром цынічным і пустым... Адсюль — усе няшчасьці-беды I ў шчырых душах — золь і стынь.
1991, верасень

I ДАБ'Е...

I даб'е цябе наіўнасьць. I даб'е цябе насьмерць. Дзе падступнасьць, дзе нявіннасьць — Ты не здольны зразумець.