Выбрать главу

МІША ДЗЯТЛАЎ (1930 г.)

Вёска Змяёўка, Гомельская вобласць.

ДАРОГА Ў АТРАД

Наша вёска Ягадка стаяла каля самага лесу. Як наступалі немцы, дык пасля баёў там заставалася шмат зброі. Я і надумаўся збіраць яе для партызанаў. Але аднаму рабіць гэта было страшнавата. Аб сваім намеры я расказаў суседскаму хлопчыку Марату Добушу, які сябраваў са мною.

Вечарам таго ж дня мы ўзялі торбы і накіраваліся на «работу». Прайшлі агародамі — і ў лес. На ўскрайку спыніліся, прыслухаліся і пайшлі далей. Для смеласці трымаліся паблізу адзін ля аднаго. Неўзабаве мы наткнуліся на кучу гранат, якія ляжалі пад маладой развесістай елачкай. Мы аж затрэсліся: гэтулькі зброі мы яшчэ не бачылі!

— Што мы будзем з ёю рабіць? — спытаў Марат.

— Трэба схаваць,— кажу я.

Мы прынеслі гранаты на ўскраіну і закапалі ў яму пад арэхавым кустом. Каб ніхто не пазнаў гэтае месца, засыпалі яго лісцем.

Потым мы зноў падаліся ў пошукі. У адным месцы знайшлі станковы кулямёт, каля якога ляжаў забіты чалавек, уткнуўшыся тварам у зямлю. Ля правага вуха яго чарнелася маленькая дзірачка. Кроў, якая цякла з раны, паспела засохнуць. Вакол кулямёта валяліся адны гільзы. Відаць, кулямётчык да апошняга патрона вёў агонь і як герой загінуў у барацьбе з немцамі. Мы наказалі дзеду Сідаровічу Пракопу. Той употай зрабіў труну і прынёс яе ў лес. Мы дапамаглі яму выкапаць магілу і пахаваць героя-кулямётчыка. Дакументаў пры ім ніякіх не было, і мы не даведаліся, якое яго прозвішча і адкуль ён родам.

Кулямёт мы прыцягнулі ў вёску і схавалі каля нашай хаты ў старым склепе. Потым знайшлі яшчэ ручны кулямёт, тол, бікфордаў шнур. Усё гэта занеслі туды ж. Хутка наш склеп ператварыўся ў склад зброі.

У вёску пачалі прыязджаць партызаны. Яны цішком дапытваліся, у каго ёсць зброя.

Аднаго разу яны прыехалі ноччу і пачалі стукаць у дзверы. Маці перапалохалася: яна думала, што гэта паліцаі.

— Што вам трэба? — запыталася яна.

— Дзе ваш Шура?

— Спіць...

— Пабудзіце яго.

Маці расштурхала мяне і сказала, у чым справа. Я адразу здагадаўся і выйшаў на двор. Партызан было пяць чалавек.

— Камісар атрада прасіў, каб ты дастаў гранат,— сказаў адзін з іх, відаць, старшы.

Я ўсхвалявана прашаптаў:

— Гэта можна, яны ў мяне ёсць.

— Давай іх сюды.

— А на чым вы іх павезяце? — спытаў я.

— Мы панясём на сабе.

— У вас не хопіць сілы.

— А хіба іх так многа? — здзівіліся яны.

— Многа,— прамовіў я і павёў да ямы.

Калі яны ўбачылі, колькі там гранат, то аж за галовы схапіліся.

— Дзе ты набраў іх столькі?

Я расказаў.

— Малайчына! — пахваліў старшы і загадаў двум партызанам схадзіць на пасёлак і ўзяць каня. Тыя пайшлі і хутка вярнуліся з падводай. Пагрузіўшы на воз гранаты, старшы раптам спытаўся, ці ёсць у мяне запалы. Я сказаў, што зараз у мяне іх няма, але я магу дастаць. Ён папрасіў абавязкова дастаць, бо яны вельмі патрэбны.

Раніцай я пайшоў да Марата і расказаў, што было ноччу. Ён выслухаў мяне і спытаў:

— I ты ніводнай не пакінуў сабе?

— Не. А навошта яны нам?

— А калі што якое?..

Тады Марат падумаў і сказаў:

— Ну што ж, аддаў дык аддаў. Але дзе мы возьмем запалы?

Я адкрыў яму сакрэт. Недалёка ад нас жыў селянін Левановіч. Яго сын Ігнась прынёс з лесу скрынку запалаў. Аб гэтым ён расказваў сам. Дзе ён схаваў яе, я не ведаў. Цяпер ён збіраўся ісці ў паліцыю. Жадаючы паказаць сваю адданасць немцам, ён хацеў занесці ім і скрынку з запаламі. Каб яны не дасталіся ворагу, мы павінны былі адшукаць іх і выкрасці.

Падпільнаваўшы, калі Левановічы пайшлі на поле, мы кінуліся ў разведку. Мы кружыліся каля хаты з такім выглядам, нібы што згубілі і цяпер шукаем. Пасля доўгіх пошукаў мы заўважылі, што ў адным месцы на прызбе зямля была нібы крыху свяжэйшая. Я ўзяў кавалак тоўстага дроту і пачаў ім торкаць. Хутка ён застукаў аб нешта цвёрдае. Гэта была скрынка.

Вярнуліся мы дадому радасныя і пачалі чакаць вечара. Як толькі сцямнела, я і Марат падкраліся да Левановічавай хаты, асцярожна адкапалі скрынку і прынеслі да нас. Праз дзень прыехалі партызаны і забралі яе. У гэты прыезд мы аддалі ім і кулямёты. Партызаны ад душы падзякавалі нам за дапамогу.

Праз некаторы час немцы зрабілі налёт на вёску. Яны схапілі нашых бацькоў. Мы зразумелі, што немцы даведаліся аб нашай сувязі з партызанамі. Я і мой брат Толя паспелі ўцячы. Прыбеглі ў лес, які быў зараз жа за агародамі. Ва ўмоўленым месцы нас ужо чакаў Марат. Адсопшыся крыху, мы сталі наглядаць, што робіцца ў вёсцы. Мы бачылі, як забіралі нашых бацькоў і павялі ў падвал лесапільнага завода. Мы знаходзіліся недалёка ад іх і не маглі нічым дапамагчы. Ад гэтага было вельмі крыўдна і балюча, і мы заплакалі. Бацькі, вядома, нічога не выдалі нямецкім катам. Пазней мы даведаліся, што нашых бацькоў і многіх жыхароў вёскі расстралялі.