Выбрать главу

Янка Купала

Нікому

З часоў прыгону

I

Скончыўся дзень працы, Сонейка зайшло, Вечарок асеньні Сходзіць на сяло.
Станавяцца ў хатах Дзяды па кутох, Час агонь паліці, Ночкі цень залёг.
Пук лучынак ёмкі, Дзяўчынка, нясі, Пры сьвятле іх будзем Гутарку вясьці.
Раскажу вам тутка Здарэньне адно, – За часоў прыгону Здарылась яно.
Слухаць толькі ўважна, Не перабіваць. Сьціхлі. Ладна! Толькі З чаго б тут пачаць?

II

Гэй, думка ўдалая, Ты мяне нясі Па роднай старонцы – Па Белай Русі!
Нясі ў час мінулы, Як горасна тут Год таму з паўсотні Жыў наш бедны люд.
Сьмерць ішла ня ў часе, Дый не к аднаму, Жаліцца ў няшчасьці Не было каму.
На бяду і гора, На сьлёзы і жаль Паншчына спраўляла Свой прадсьмертны баль.
Хоць мінуў даўно ўжо Час той – ліхадзей, Але не мінула Памяць у людзей.

III

Сярод гор пясчаных Ды панскіх лясоў Расьселася вёска Зь якіх хат са сто.
Жыве ў гэтай вёсцы Душ якіх зь пяцьсот, – Працуе на пана Ўвесь гэты народ.
Пан што хоча робіць. Грозен яго кнут, Лье пот, кроў і сьлёзы Зацяганы люд.
За віну малую Розгамі сякуць, За праступак большы Ў рэкруты здадуць.
Бацька робіць «дзела», Ў салдатах сынок, Бярэ за каханак Пан жонак, дачок.

IV

Вось у гэтай вёсцы, У сям'і аднэй, Вырасла дзяўчына, А ўсіх прыгажэй!
Звалася Аленай Дзяўчынка-душа, Ну... і пакахала Шчыра Тамаша.
I Тамаш Алену, Ой, не ад таго; Сказаць пра іх любасьць Можна шмат чаго.
Любіліся шчыра Пара галубкоў, Дый ня мелі шчасьця Для сваіх галоў.
Бор над іх бы доляй Плакаў і шумеў... Аленку-красуню Пан на воку меў.

V

Раз, пекна прыбраўшысь, Быццам на кірмаш, Пайшлі ў двор да пана Алена й Тамаш.
Прыйшлі. Пан к ім выйшаў, А яны да ног: «Пазволь пажаніцца Нам, ясны панок!»
«Жаніцеся! – што ж там... – Кажа пан з двара. — Калі ж будзе шлюб ваш?» – «Панок, на Пятра».
Як прыйшлі, йдуць нашы Дамоў жаніхі. Весела варкочуць... Пан добры такі.
I няўцям ім, бедным, Што за імі ўсьлед Ліха злое пхнецца I натворыць бед.

VI

Грыміць палац белы – Ў пана йдзе банкет, Гуляе магнаціва Гулка, на чым сьвет.
Сталы паўнютэнькі Яды дарагой, Дарагія віны Ліюцца ракой.
Бяз сораму жарты У п'яных пайшлі, Аж іх жонкі, дочкі Са стыду ўцяклі.
I гэтага толькі Хацеў зброд п'яны. – Дзевак сюды! Дзевак! – Крыкнулі паны.
Гаспадар гасьцінны Ўгадзіць рад гасьцям. – Тут Алену ўспомніў, К якой лас быў сам.

VII

А Тамаш з Аленай – Муж і жонка ўжо – I ад шлюбу едуць Роднаю мяжой.
Дамоў едуць хутка, Ён штось шэпча ей, Яна вочкі спусьціць, Стане ружавей.
Але не пашэньціць, Мабыць, маладым: Кепскія варожбы Пападаюць ім.
Перабег дарогу Заяц разы два, Груган закружыўся, Гукнула сава.
З трывогай друг к дружцы Маладыя льнуць... Каб хаця ім, бедным, Злых прыгод мінуць!