Выбрать главу

VIII

Вечар. Ціха ў вёсцы, Раптам грук такі! Гоман. Коней ржаньне, Бразгаюць званкі.
Ўехала дружына – Той цьвяроз, той п'ян, – Сходзяць маладыя На белы дыван.
Выслана да хаты Сьцежка палатном, Ідуць маладыя За ручку ўдваём.
Бацька з маткай века Ад дзяжы дзяржыць, А на ім – гарэлка I хлеб-соль ляжыць.
Музыка марш грае, Аж трасецца пол. Пад векам дружына Йдзе ў хату за стол.

IX

Малады на куце Ўсеўся з маладой, Побач – асістэнты Падрад чарадой.
П'юць, ядуць, гамоняць, Смутку ані-ні, Скрыпачка заводзіць, Кліча да гульні.
Мілая пацеха Ў вочах маладых Сьвеціцца, як сонца, Аж б'е жар ад іх.
Раптам – дзіва! зь дзесяць Панскіх гайдукоў Улятае ў хату, Як дзікіх зьвяроў
«Дзе, – крычаць, – Алена? Маладая дзе? Да сябе на гулі Пан яе заве!»

X

Зьнямела дружына, Зьнямеў малады, Трэба ж, не ставала Гэтакай бяды.
Зналі, на якія Гулі клікаў пан, Што ўчыніць з Аленай Распусны тыран.
Здрыгнуў Тамаш страшна, Пабялеў, як труп, Слупам вочы сталі, I сам стаў, як слуп,
На тое ж Аленку Ўзяў жонкай цяпер, Каб над ёй глуміўся Распасьвены зьвер?!
I схапіў няшчасны Точаны тапор, Ажна ўсіх затрэсла Жудасьць, як віхор.

XI

«Гэй, вы, служкі пана! – Крыкне так Тамаш. – Подлыя вы самі, Падлейшы пан ваш!
Гэй, скажыце, шэльмы, Кату свайму там: Ня дам яму жонкі, На ганьбу ня дам.
Хоць згнію ў астрозе Ці ў віры на дне, – Няхай жа ня будзе Ні пану, ні мне!»
I сякерай гахнуў, Як вокам міргнуць, Па абух ўпілася Ў Аленіну грудзь.
Рухнула Алена На дол без жыцьця, Крывёй цёплай, сьвежай Залітая ўся.

XII

Так сышло вясельле Нашай маладой, – Засыпалі грудзі Зямелькай сырой.
Над яе магілкай Праз доўгія дні Вырас клён і ліпа Роўнай вышыні.
Зімой клён і ліпку Засьцілае сьнег, А мароз знаходзіць Там сабе начлег.
Летам клён і ліпку Зелень адзяе, Сонца й вецер гулі Заводзяць свае.
Людзі й тут па-свойму Нейкі знак знайшлі: Людскія назовы Дзераўцам далі.

XIII

Ад гэтай прыгоды Шмат гадоў прайшло, Няпамяці зельлем Шмат што зарасло.
Засталіся толькі Ў думках з году ў год Крыўды, што ў час гэты Выцерпеў народ.
Зь дзедаў на унукаў, З бацькоў на дзяцей Ланцугом пляцецца, Што было даўней.
І гэта здарэньне, Сьпісанае вам, Расказаў мне так жа Стары дзед Адам.
Вам яшчэ цікава, Як век дажылі Той Тамаш і пан той На гэтай зямлі.

XIV

Тамаша ў кайданы Закулі ў той час I ў Сібір саслалі; Там ён, бедны, згас.
Доўга цягаў тачку Пад звон ланцугоў I памёр далёка Ад родных куткоў.
Пан жа, як, вядома, Як і кожны пан, Панаваў час нейкі, Цёнгле сыт і п'ян.
Пасьля ўсё ж са злосьці Павесіўся ён, Як на зямлі нашай Мінуўся прыгон.
Палац стаіць пусткай, Жыць няма ў ім як, – Здані ў ім здаюцца, Быццам помсты знак.