Выбрать главу

Глуха зазваніў будзільнік — быў за сценкаю, у жончыным пакоі, дый пачуў яго Ляшчэвіч скрозь сон. І, мабыць, гэта ўжо быў не сон, а ранішняя дрымота. Ляшчэвіч прачынаўся заўсёды раней, чым зазвоніць будзільнік, але не ўставаў; чакаў іменна званка. У гэтым ранішнім ляжанні ў ложку Ляшчэвіч, колькі і помніць сябе, адчуваў асалоду, пераадольваць якую было вельмі цяжка. Ён ужо няраз спрабаваў раніцаю бегаць, ды волі ў яго хапала не больш як на два тыдні. Якая-небудзь замінка ці лёгкая прастуда, ён ужо не мог прымусіць сябе рана ўстаць і бегчы ў калючы холад вуліцы. Зразумелая рэч, ён проста «не дабег» да таго стану, калі неадольна цягнула б бегаць, як курыльшчыка курыць,— чалавечы арганізм паддаецца толькі сістэме, штодзённаму насіллю над сабой. Адзінае, куды яму часцей хацелася хадзіць,— гэта сауна з басейнам. Прафсаюз «выбіў» некалькі бясплатных абанементаў, і адзін з іх дастаўся яму.

І сёння, адплюшчыўшы вочы, Ляшчэвіч падумаў: можа, пачаць бегаць? Высунуў з-пад коўдры голае плячо — у кватэры халаднавата, праз акно чуваць, як парыпвае пад нагамі ў людзей снег, звонка ляцяць у марозным паветры галасы. Трэба пачакаць, калі пацяплее.

— Сяргей, колькі часу? — пачуў ён жончын голас.

— Дык жа ў цябе будзільнік!

— Не відаць, цёмна.

І жонка не хацела ўставаць, пыталася пра час, каб яшчэ трохі папесціцца ў цёплым ложку. Божа, чаму чалавек аніяк не прывучыць сябе з ахвотаю ўставаць уранні? Ляжы не ляжы, а на працу трэба. Ляшчэвіч адкінуў коўдру, узяў з крэсла цяжкі махровы халат, апрануў яго, завязаў пояс. Унізе і зверху — чуваць было — тупалі ногі, шчоўкалі выключальнікі, пляскалася вада... Гэта ж так рэзаніруюць сцены — не дом, а вялізны музычны інструмент. Які ён багаты і адмысловы, колькі ў ім нот, камедый і трагедый.

Мыўся-галіўся Ляшчэвіч вобміг — з нядаўняга часу ён стаў чысціць зубы ўвечары, перад сном: лепш ачысціць рот ад мікробаў, усякіх вірусаў-папірусаў, чым даваць ім на цэлую ноч волю; галіўся электрабрытваю, звычайнай «Масквою», што было і зручна, і хутка. Нават уяўляць, што трэба ўзбіваць пену, намыльвацца халодным памазком, скрэбціся лязом, потым вымываць прыбор — было моташна, дый час на гэта патрэбен. Калі яны ёсць, дык чаму не пакарыстацца паслугамі цывілізацыі?

Выйшаўшы з ваннай, Ляшчэвіч убачыў, што жонка стаіць у калідорчыку перад вялікім авальным у драўлянай разьбяной аздобе люстрам і расплятае на галаве маленькія коскі — яны, лічыла, лепш кучаравілі валасы, чым бігудзі. Ляшчэвіч трохі пасмейваўся з гэтых косак — іх апошнім часам насілі негрытоскі. Мода такая, ці што, іначай што прымусіць разабраць шчыльную, бы лямец, гушчыню пруткіх, шорсткіх валасоў на дзесяткі тоненькіх, бы наканечнікі пугі, косак?

Дзверы ў залу былі адчынены, туды падала святло з калідорчыка, даставала да канапкі, на якой спаў сын,— вольна раскінуў за галавою ручкі, схіліў да пляча галаву, і нават вейка не падрыгвала на яго твары. «Спіць, бедны, учора позна лёг...» — пашкадаваў Ляшчэвіч сына.

— Будзеш раскатурхваць Славіка ці пойдзеш гатаваць сняданак? — спытала жонка.

— Сняданак...— сказаў Ляшчэвіч і, праходзячы міма жонкі, лёгка штурхануў яе. Яна глянула на яго гулліва.

На кухні калыхаліся фіранкі — хоць і заклеілі акно, аднекуль усё роўна сачыўся скразнячок. Тоненькая чырвоная нітачка ў тэрмометры за шклом паказвала «дваццаць восем». Уначы выпаў снег, імгліўся на дрэвах, зямлі, цьмяна адсвечвалі кузавы легкавікоў на двары. Сцежкі былі ўжо добра ўтоптаны, быццам і снег на іх не падаў. У доўгім дзевяціпавярховым доме-падкове, што бачыўся з кухоннага акна, як па дамоўленасці, плікалі адно за адным вокны — жоўтыя, зялёныя, сінія, ружовыя — пад колер штор. Ляшчэвіч падкруціў настройку радыё — нанач заўсёды выключаў, каб не разбудзіла ў шэсць гадзін.

Жонка тармасіла сына. Ён не хацеў уставаць.

— Сяргей, ідзі ты! — гукнула жонка.

Ляшчэвіч падышоў незадаволены.

— Трэба, Каця, усё-ткі раз і назаўсёды пастанавіць: пасля першай калыханкі класці яго спаць.

— Самі вінаваты: адзін кладзе спаць, другі дазваляе гуляць.

— Я, здаецца, ніколі не лезу, калі ты займаешся ім.

— Ну, і што ў гэтым правільнага? Трэба разам выхоўваць...

— Ага, ты за адну руку, я — за другую?

Даказваючы адно аднаму, як трэба выхоўваць сына, яны так-сяк паднялі яго. Ён сядзеў сонны, не мог падняць павечкі, галава яго матлялася, як агурок на мяккім хвосціку, хілілася то да левага пляча, то да правага.

— На, кашулю надзявай... во калготкі.— Жонка падала яму кашульку, калготкі, вязаную баваўняную паддзёўку.

Ляшчэвіч зноў пайшоў на кухню.

Жонка ўранні амаль нічога не ела — толькі піла каву ці чай; калі была салата з гародніны — ела; апошнім часам яе ўлюбёнай ядою стала капуста — вычытала ў аднаго вядомага акадэміка: набівайце свае страўнікі капустаю. І вітамінаў шмат, і папраўкі не дае. Жонка ледзь не стала спяцом па капусце, асабліва навучылася яе квасіць. Жончыну квашаную капусту хвалілі і госці, і суседзі, і прыезджыя сваякі, і на рабоце, куды яна яе насіла. Іншы раз Ляшчэвіч думаў, што людзі, мабыць, трохі фальшывяць: ну як тут не пахваліць гаспадыню, калі яна носіцца з гэтай капустаю, як з пісанай торбай.