Выбрать главу

Несці елку таксама было пакутліва. Ледзь не кожны сустрэчны звяртаў увагу на елку і, калі не кідаў рэпліку, то абавязкова хмыкаў: «Ну і елка!» І невядома было, ці ён насміхаўся з Ляшчэвіча, выбраў, называецца, ці гаварыў у дакор прадаўцам, што гандлююць такімі недарэкамі. Ва ўсякім разе Ляшчэвічу было ад гэтага не лягчэй. Размінаючыся, ён не глядзеў людзям у вочы, баючыся падколак. Адна бабуля нават спынілася: «Гэта елка такая?» Ляшчэвіч праз сілу ўсміхнуўся: «Дайце лепшую».

Жонка, калі прыйшла з сынам, тут жа раскусіла, чаму Ляшчэвіч прыбраў адзін елку: «Схаваць заганы хацеў, так?» А раз раскусіла — значыць, ён не схаваў, ды і немагчыма было іх схаваць. Ляшчэвіч сапраўды, толькі зачыніў за сабою дзверы і распрануўся, тут жа ўзяўся прыводзіць да ладу елку. Абрэзаў зусім голыя галіны, некаторыя гусцейшыя, адрэзаўшы, перамясціў, прывязаў медным дроцікам да ствала. Злучыў абедзве і звязаў па камлях і вершалінках, паставіў у спецыяльнае прыстасаванне-пасудзіну на трынозе. Так спяшаўся, ажно спацеў. Начапіў цацкі, закідаў ватаю і абвешаў фіялетава-белым «дожджыкам». Елка, канечне, папрыгажэла, але мала кідалася ў вочы зялёным. Дзе там кінешся, калі зялёных іголак амаль няма. І ўсё-такі — гэта была ёлка! Ён адышоў і залюбаваўся ёю. Бывае ж так! Зазвінеў званок — прыйшлі жонка і сын, быццам чакалі пад дзвярыма, пакуль ён скончыць сваю маскіроўку. Сын вельмі абрадаваўся ёлцы, прыбег да яе не распранаючыся,— яму ўсё роўна, абы ёлка.

— Дзве звязаў, так? — сказала жонка з такою інтанацыяй, каб адразу адмесці ўсе яго заслугі.

— Добра што хоць такая ёсць! — незалюбіў Ляшчэвіч.

— Канечне,— згадзілася жонка, можа, адчуўшы, што, калі яна яшчэ скажа слова насуперак, муж раззлуецца: столькі патраціў часу і сілы на гэтую ёлку.— Можа, пайсці да каго ў госці? — прамовіла яна, сумна гледзячы на ёлку.

— Ды ну іх, госці! Сямейнае свята — Новы год, вось і будзем яго сустракаць у вузкім коле.

— Ну добра, тады давай рыхтавацца,— надзіва лёгка згадзілася жонка.— Выбі дарожкі, схадзі ў магазін, купі селядцоў, буракоў, маянэзу... буду рабіць селядца пад шубаю.— Яна прызнавала стравы, у якія ўваходзіла гародніна.

Ляшчэвіч, ні слова не гаворачы, апрануў балоневую куртку, згроб пад паху скручаныя ў рулоны дарожкі і, узяўшы пластмасавы песцік, выйшаў з кватэры.

Чутно было, як бухаў па дарожцы песцік, гулка аддавалася недзе за дамамі рэха. Не вельмі прыемная гэта «музыка» — выбіванне дываноў, асабліва ўвечары, калі хочаш спакою, ляжаш спаць, а некаму ўзбрыдзе выбіваць. Ёсць дзівакі, што і пасля дванаццаці гадзін ночы выносяць і стукаюць.

Вярнуўся ён хвілін праз дзесяць. Жонка ў сінім трыко мыла падлогу, гэта быў яе любімы занятак, яе хобі, ці што,— мыць падлогу. Нялёгкая работка, калі брацца за яе кожны дзень. Нібыта гэтую прывычку яна пераняла ў бацькі, які служыў на флоце і прывучыўся там драіць да бляску палубу.

У магазін Ляшчэвіч ніколі не хадзіў у тым, у чым быў дома, клапаціў па гаспадарцы,— таму пераадзеўся. Што зробіш, горад ёсць горад, гэта ў вёсцы чалавек ходзіць увесь час у адным і тым жа, пераадзяваецца ў навейшае на святы ды гулянкі.

На мікрараён быў адзін магазін — універсам, і там заўсёды было людна, асабліва ўвечары. У чэргах Ляшчэвіч не любіў стаяць, не мог, перажываў. Пустая трата часу, а яго і так не хапае, вечна спяшаешся, адну справу вырашаеш — набягае дзесяць іншых. Дзе б узяць таго каня, што панёс бы ўгалоп і, абагнаўшы ўсе справы, спыніўся там, дзе жывецца без турбот і весела?

Ва універсаме было двое шкляных дзвярэй і яшчэ круцёлка, якая ўпускала ў гандлёвую залу, а ў зваротным напрамку не круцілася, і калі чалавек, нічога не купіўшы, хацеў выйсці з універсама, ён ішоў да праходу, каля якога сядзела жанчына-вартаўніца. Ляшчэвіч заўсёды хоць нешта купляў, абы толькі не ісці міма гэтай вартаўніцы, якая прыдзірліва прыглядалася, а то і зусім пытала: «У вас нічога няма?» На такую падазронасць хацелася абавязкова сказаць што-небудзь рэзкае і колкае.

З селядцоў былі івасі, іх хапае ў любым магазіне — і разважаныя, і ў драўлянай бочцы, і ў вялізных, як таз, бляшанках. Ляшчэвіч папрасіў прадаўшчыцу зважыць пяць штучак. Яна ўзяла з бочкі двухражковым відэльцам тоўстыя перламутрава-сіняватыя ў спінах рыбінкі, загарнула ў крохкую шэрую паперу, узважыла і напісала цану. Ляшчэвіч узяў яшчэ хлеба, малака, кумысу і два вялікія, з добры мужчынскі кулак, буракі.

Пустую сумку Ляшчэвіч не меў моды здаваць у гардэроб, ставіў наверх на ячэйкі — усё роўна ж пад наглядам гардэробшчыкаў. Праўда, яны былі дзіўныя, гэтыя гардэробшчыкі,— маладыя хлопцы з аднолькава сумнымі, нахмуранымі тварамі, ніколі не ўсміхнуцца, не скажуць слова; як заведзеныя робаты, рэзка хапаюць з рук сумкі, гэтак жа падаюць. Зрэдку аднаго з іх падмяняла старая з белым, бяскроўным тварам, ёй было цяжка ўвіхацца з сумкамі, яна задыхалася, і што яе прымушала працаваць, Ляшчэвіч не разумеў.