Ён пералажыў прадукты з драцяной карзінкі ў чорную цыратовую сумку «Аэрафлот», выйшаў з універсама. З вінна-гарэлачнага аддзела, які нізенькаю пабудоўкаю прытыкаўся да сцяны універсама, доўгім звілістым хвастом цягнулася чарга — чорны «змій» імкнуўся пранікнуць да «зялёнага змія». Ляшчэвіч падумаў, што, толькі ад смерці ратуючыся, можна выстаяць такую чаргу.
Адыходзіў стары год і набліжаўся новы, а на душы было спакойна, не трапятала яна, не трымцела, як раней, гадоў дзесяць назад, бо тады, мабыць, ёю больш і ўспрымалася ўсё, а цяпер — розумам. Душы наіўныя бываюць, а розум ніколі — недалёкі, гэта іншая рэч. Добрае свята Новы год, нават цудоўнае, але яно праходзіць, за ім пачнуцца звычайныя будні, пра якія помніш, не забываеш і ў свята, бо нешта недзе не ладзіцца, з некім канфліктуеш, нейкая справа цябе чакае... І ўсё ж такі звіні, душа, хацелася крыкнуць Ляшчэвічу, свята ёсць свята! Любое свята пачынаецца са свята душы.
Жонка размешвала ў вялікай місе цеста — збіралася пячы пірог. Дыхала цяплом электрапліта.
— Разбяры селядца,— папрасіла яна — не пераносіла селядцовы пах, працірала воцатам кружок, на якім разбіралі селядцы. Ляшчэвіч іншы раз іранізаваў: «Прывучайся, жоначка, да бытавых пахаў». Ён акурат любіў пах і селядцоў, і любой іншай рыбы, і з ахвотаю яе чысціў, разбіраў па костачках. Усё жывое мела для яго натуральны і пах, і колер, і смак, што не скажаш пра хімію, якая з кожным годам шырэй і шырэй пранікала на куханныя прасторы, нярэдка выклікала алергію. Гэта яго не бянтэжыла, наўпярок, падбадзёрвала: усё правільна, прырода не мірыцца з чужынцам. З якою грэблівасцю ён прачытаў нядаўна, што вынайдзеныя на захадзе сасіскі з нафты нічым не ўступаюць мясным. Насякомых хімія патруціла, няўжо яе ўладная сінтэтычная рука замахнецца і на чалавека? Устаяць супраць хіміі — вось такая яна, філасофія быцця.
Накрылі стол — як на ёлцы вярхоўка, так на ім серабрыстай пікаю глядзела ў стол бутэлька шампанскага. Сын скакаў ад радасці і ўсё чакаў, калі яна «выстраліць». Быў ён апрануты ў белыя джынсікі і чырвона-белую, як у клоуна, кофтачку. «Хлапушкі з сюрпрызам» яму ўжо надакучылі, бо ва ўсіх быў адзін сюрпрыз — загорнуты ў цукерачную паперу, абсыпаны белым парашком шар.
Чым бліжэй стрэлкі набліжаліся да дванаццаці, тым больш нарастала хваляванне — міжволі, падсвядома. Ляшчэвіч глянуў у акно. Недалёка ад дома на школьным стадыёне стаяла высокая ёлка, на ёй гарэла гірлянда рознакалёрных лямпачак. Вакол стаялі размаляваныя фанерныя домікі. Каля іх бегалі дзеці. Нехта пусціў ракету, і яна павісла ў нерухомым чорным небе як іскрынка. З каміноў дзвюх хат, што засталіся ад «прыватнага сектара», віўся тоненькай стужачкаю дымок. Там хадзіў каля плота, прынюхваўся да снегу вялізны, як цялё, сабака. Такога вартаўніка любы злодзей абыдзе бокам.
— Сяргей, хадзі! — гукнула жонка.— Зараз будзе віншаванне.
Яны ўтраіх селі за стол, глядзелі ў тэлевізар. Хваляваліся. І праўда: тое, што было, мінула, і тое, што будзе, набывала ў гэтыя апошнія дзесяць мінут старога года ў душы Ляшчэвіча велічны сэнс і значнасць. Ён як бы адчуваў свет на ўсю моц уяўлення, неяк выразна ўсведамляў, што такое планета, бо ўсе ў гэты момант жылі тым, чым і ён, думалі пра адно і тое ж — пра мір, шчасце, надзеі. У гэтыя мінуты людзі рыхтаваліся да аднаго — да ўсмешак, віншаванняў.
На дванаццатым удары гадзінніка Спаскай вежы Ляшчэвіч даў «залп», якога так чакаў сын,— і радасць у грудзях, і ўсмешкі на вуснах заіскрыліся шчыра, вольна, ажно туга забрала, што мала, рэдка яны ўпрыгожваюць людзей у звычайныя дні — на працы, яшчэ менш — дома.
Жонка ўспомніла, што купіла серпанцін, і яны, шчаслівыя, вольныя ад трывог і клопатаў, пачалі развешваць яго ў пакоі. Чаплялі адзін канец за люстру, другі прывязвалі за што-небудзь у куце; серпанцін, скручаны ў спіралькі, пагойдваўся, надаваў усяму пакою рухомасць і казачную таямнічасць. Такія ж рознакалёрныя стужкі кідалі і ў тэлевізары на артыстаў, удзельнікаў-шчасліўчыкаў навагодняга канцэрта.
Першы адсвяткаваў Новы год сын — усё радзей і радзей ён паднімаў галаву з падушкі, нарэшце змогся; потым лягла спаць жонка; Ляшчэвіч сядзеў адзін перад тэлевізарам. Ён любіў слухаць песні, можа, невялікі ён быў знаўца музыкі, але з аднолькавай асалодаю мог слухаць песні сучасныя, з «выкаблучваннем», і звычайныя — народныя, мяккія, задушэўныя. Слухаючы песні, ён не лічыў, што дарма траціць час, нешта ў душы застаецца, асядае, нешта там ачышчае.