Выбрать главу

Глыбокая ноч, адзінота не засмучалі, наўпярок, цішыня, спакой давалі магчымасць засяроджвацца, улоўліваць тонкія пачуцці. Гэта былі рэдкія хвіліны дачынення да творчасці, душэўнай лагоды і радасці, так жаданых кожным чалавекам.

І — быццам выбух: крык на вуліцы, унізе, на зямлі: «А-а-а! Машыну крадуць!.. Лаві іх!..» Ляшчэвіча як спружынаю падкінула, ён падбег да акна. Лямантавала з балкона пятага ці шостага паверха жанчына ў белым — ці ў халаце, ці ў начной кашулі.

«Дзе міліцыя? Зладзеі!..»

Ляшчэвіч убачыў, як ад машын, што стаялі ў двары, матлянуліся дзве постаці і, прыгінаючыся, паджгалі да аркі гнутага, як падкова, дзевяціпавярховага дома, які называлі «кітайскай сцяною». Ён быў памкнуўся да тэлефона, але зразумеў, што мала толку званіць у міліцыю, хуліганаў усё роўна не зловіш. Мабыць, дзе-небудзь за вуглом стаіць іх машына — сядуць і праз пятнаццаць хвілін будуць на тым канцы горада. Іншая рэч, калі б нумар машыны ўведаць. А можа, апрануцца ды кінуцца за імі, прасачыць, куды яны пойдуць, можа, і праўда ў машыну сядуць? Не, мабыць, марна гнацца за імі, схаваліся ўжо — не аўчарка, па слядах не пойдзеш, па слядах гадкіх і мярзотных.

Ляшчэвіч, колькі ні задумваўся, не мог зразумець псіхалогію злачынцаў, бо сябе не мог паставіць, уявіць на іх месцы. Любая маленькая, нязначная непрыстойнасць лажылася грузам яму на душу, ціснула, ён не мог на яе доўга забыцца, яму было сорамна перад сабою. А нешта непамыснае, пачварнае ўтвары, адзін раз, другі — як тады ўратаваць сваю душу? Ды яе ж расцісне груз дакору. І ўжо не будзе ні душы, ні цябе самога. Можа, гэтая боязь, няздольнасць адрынуць перажыванні і супыняла яго, не давала ходу, павароту да мяжы непрыстойнасцей? А можа, у ім проста прытуплена адчуванне гэтых непрыстойнасцей, можа, наробленае ім і ёсць самыя жахлівыя непрыстойнасці? І як ён апраўдвае свае, так астатнія знаходзяць апраўданне сваім?

Ляшчэвіч ужо не мог засяроджвацца на тым, што паказвалі па тэлевізары. Позірк у яго быў пусты, адлучаны, бо душа зараз працавала не на вочы, а на думкі, уражанні вакол і зладзеяў, і сваіх учынкаў, прыстойныя яны ці непрыстойныя і наколькі непрыстойныя і ці ёсць чалавек, душа якога ідэальна чыстая, як некрануты снег, як аркуш паперы; калі такі чалавек ёсць і можа сярод людзей існаваць — трэба ламаць, гнуць, кроіць сябе, але цягнуцца да яго.

Ён на хвілінку зноў прынік да тэлевізара, калі зайграў ансамбль «Модэрн токінг» — апошняе і, можа, самае масавае пасля «Бітлз» захапленне меламанаў, моладзі. Гэтых бландзіністага і цёмнавалосага хлопцаў з асалодаю слухаў і Ляшчэвіч. Бляск, яркасць маладосці яны ўдала спалучалі з задушэўнасцю, нязмушанасцю мелодый, спявалі пра мір і каханне...

Набліжалася раніца, пасвятлела на вуліцы. Ужо той-сёй, хто не глядзеў канцэрта, будзе неўзабаве ўставаць, а вось такія, як ён, начнікі толькі думаюць класціся спаць. Ляшчэвіч выключыў тэлевізар — і нейкі міг на цёмным экране блішчала ядраная белая, як іртуць, кропка. І калі ён, сцішваючыся, хвілін пятнаццаць паляжаў у ложку і стаў засынаць, свядомасць яго звузілася ў такую ж маленькую востранькую кропку, якая, мабыць, гэтак жа ставіцца і на жыцці, калі чалавек памірае. Жыццё ў выніку — умяшчаецца ў кропку?

 

Дзед Мароз, як і трэба, з’явіўся перад Новым годам, напалохаў сваім дыханнем і знік. Аднекуль выплыла адліга, сыпкі, сухі снег ператварыўся ў рэдзенькую кашку, а там-сям зусім растаў. З начы над зямлёю вісеў шчыльны туман, фары машын свяціліся цьмяна, як з алею. Такое гнілое надвор’е Ляшчэвіч не любіў, а калі чаго не любіш — псуецца настрой. А сапсаваны з раніцы настрой — гэта вяшчун няўдалага дня. Толькі зрэдзь часу бывае наадварот.

У адзін з такіх дзён Ляшчэвіч з жонкаю спяшаліся на прыпынак. На пераходзе з сінім знакам, на якім пешаход крочыць па белай рабрыстай дарожцы, светлафора не было. Чарадою ішлі па вуліцы машыны, прамежак між імі быў зусім маленькі, і ні адна з іх нават не прытарможвала, хоць на пераходзе сабралася ўжо багата людзей. Хто патыкаўся ступіць на шашу, тут жа падаваўся назад, баючыся трапіць пад кола.

«Ну і нахабнікі гэтыя вадзіцелі! — цярпліва стоячы, думаў Ляшчэвіч.— Па правілах жа, яны павінны прапусціць пешахода». Правілы Ляшчэвіч ведаў з «ваенкі», там здавалі на правы, і хто хацеў, іх атрымліваў.

— Колькі можна стаяць! — абурылася маладая жанчына ў акулярах, у доўгай светлай дублёнцы з апушкаю ўнізе.

— І праўда! — падтрымала яе жонка.— Хадземце.

Ляшчэвіч першы ступіў на дарогу — і грузавічок з велікаватаю кабінаю і маленькім кузаўком, жыгнуўшы каля самых ног, абдаў Ляшчэвіча халодным, ледзяным брудам.