Выбрать главу

— Ой! — запішчала жанчына ў дублёнцы.— Запамінайце, хутчэй запамінайце нумар!..— Яна, праціраючы акуляры, жмурачыся, глядзела ўслед грузавіку.

У Ляшчэвіча зрок таксама быў падпсаваны ды яшчэ стаў атрэпвацца ад гразі — нумар не змог убачыць, прачытала і запомніла жонка: 88—44 МИЩ.

— Трэба напісаць у газету!

— Такое нахабства!

— Пазбавіць правоў!..

Гул абурэння нарастаў, ён падбухторваў і Ляшчэвіча да адплаты, да пакарання ліхача. Ляшчэвіч ужо ведаў, калі не зробіць што адразу, па гарачых слядах, потым, астудзіўшыся, не возьмецца і пагатоў. Трохі ачысціўшыся ад бруду, сказаў жонцы, каб ехала, а сам павярнуў да тэлефонных будак. Набраў «02».

— Дежурный слушает!

Ляшчэвіч, глытаючы словы, не вельмі ўдала (хацеў быць строгім!) расказаў, чаго звоніць.

— Звоните в ГАИ Советского райотдела,— параіў дзяжурны і назваў тэлефон. Ляшчэвіч пазваніў туды, і яго пераадрасавалі гарадской ДАІ. Імпэт міжволі таяў, і Ляшчэвіч, шукаючы двушку, думаў, званіць ці не. Трэба ўсё-ткі званіць, бо колькі можна здавацца нахабству. Успомніў, як гады два назад сутыкнуўся з грубасцю таксіста. Да яго ў госці прыехала маці, ён сустрэў яе на вакзале і, каб не штурхацца па трамваях ды тралейбусах з сумкамі, зэканоміць час дый шыкануць перад маці (недзе ў падсвядомасці таілася і гэтая думка, што ён тут у горадзе свой, гаспадар, і жыве па яго законах), ён узяў таксі. Дом, дзе жыў Ляшчэвіч, стаяў далёка ад вуліцы, у глыбіні квартала, і яго рэдкі таксіст знаходзіў адразу. Пад’язджаючы, Ляшчэвіч сказаў, дзе звярнуць, але таксіст і вухам не павёў, пёр на вуліцу, якую назваў Ляшчэвіч, калі садзіўся, і з якой да дома не было пад’езда.

Замест таго каб павініцца, таксіст пачаў лаяць Ляшчэвіча, што той «сядзеў і сапеў у дзве дзюркі» і не падказаў, куды ехаць.

— Ну што ета вы гаворыце!..— не ўцярпела і маці.— Ён жа вам... я сама чула, указаў, дзе завярнуцца.

— Маманя, не вучы мяне жыць, а то адвязу назад у дзярэўню! — Ад фанабэрыі таксіст ажно вочы закаціў пад лоб. Было яму гадоў сорак, можа, меней — рыжыя валасы, чырвоны, што цэгла, твар і нейкая дэбільная мутнаватасць у вачах. «Такіх не ў сферу абслугоўвання трэба,— падумаў Ляшчэвіч,— а ў тайгу мядзведзяў вартаваць!» Над лічыльнікам была і фотка гаспадара таксі, і прозвішча — Ляшчэвіч запомніў яго, думаючы напісаць ці ў таксапарк, ці ў «Вячэрні Мінск», але так і не напісаў — пакуль маці гасцявала, астыў.

У гарадской ДАІ малады ломкі голас сказаў Ляшчэвічу напісаць у іх адрас, на імя начальніка, заяву. І ён, прыйшоўшы на працу, адсунуў далей чарцяжы і напісаў скаргу: «Прашу прыняць меры да вадзіцеля аўтамашыны нумар 88—44 МИЩ. Коратка, у чым справа. 5 студзеня г. г. каля 8.30 раніцы я з жонкаю, ідучы на працу, спыніўся, каб перайсці вуліцу ў дазволеным месцы. Мала таго што вадзіцель не прапусціў людзей ці хоць бы прытармазіў, дык на шалёнай хуткасці газануў упрыцірку з тратуарам, абдаўшы мяне з ног да галавы граззю. І, як кажуць, нават вокам (стоп-сігналам) не маргнуўшы, панёсся далей. Ці варта гаварыць аб рабочым настроі на ўвесь дзень? І чаму з-за нядбайных вадзіцеляў-ліхачоў я павінен лішні раз хадзіць у хімчыстку?

Хацелася б, каб тэрміны адказу на пісьмы і скаргі былі захаваны.

Усяго добрага!

5 студзеня 1986 года».

На канверце Ляшчэвіч напісаў свой дамашні адрас і рабочы тэлефон. Колькі дзён ён жыў гэтым пісьмом-скаргаю, чаго толькі не перадумаў. Іншы раз здавалася, што дарэмна ён пайшоў на гэтую мітрэнгу. Пачнуць цягаць па міліцыі, удакладняць, рабіць вочную стаўку, а вадзіцель, чаго добрага, падпільнуе дзе-небудзь і адпомсціць. Нядаўна, хадзілі чуткі, быў суд над адным тыпам, які пасля таго, як яго, «несуна», пакрытыкавалі на сходзе, вылоўліваў, мерзнучы на марозе, стоячы пад дажджом і ветрам, сваіх «нядобразычліўцаў» і... забіваў. На чацвёртым толькі спынілі.

Цяпер кожны раз, калі яго звалі да тэлефона, ён успамінаў сваё пісьмо і на канвертах, што прыходзілі, тут жа, каля скрыні, чытаў адрасы.

Але перш чым прыляціць вестка з ДАІ, яму пазваніла Ніна, зноў нізкапасаджаным голасам сваім прызнавалася ў радасці мець з ім сустрэчу. Ці трэба адмаўляць жанчыне, ды яшчэ колішняй сяброўцы, якая просіць сустрэцца, Ляшчэвіч не ведаў. Ён не мог пэўна сказаць: выходзіць гэта за рамкі прыстойнасці ці не, амаральна гэта ці, наўпярок, высакародна? Што не ўсё тут чыста, сведчыла хоць бы тое, што жонцы не скажаш, куды ідзеш, з кім сустракаешся.

З жонкаю на дні яны шмат разоў перазвоньваліся. Часцей званіла яна, часам па дробязі, а найперш таму, што, мабыць, не было чаго рабіць і хацелася проста пагаварыць. Ён пазваніў ёй і сказаў, каб забірала сына, бо ў яго... пасяджэнне мясцкома. Пасяджэнне і праўда будзе, але скончыцца яно не пазней, чым канчаецца працоўны дзень.