Выбрать главу

Ніна чакала яго каля паштамта. Гэтае месца выбіраюць для сустрэч і каханыя, і палюбоўнікі, і дзелавыя людзі, і выпадковыя знаёмыя. Колькі тут за ўвесь час завязалася адносін, з якіх узялі пачатак дарогі і ў шчасце, і ў бяду. Ніна змянілася, адразу кінулася ў вочы — пахудзела. Яна была ў чырвоным паліто, у вязанай шапачцы і рудых, з кароткімі халяўкамі ботах. Рука ў яе была халодная, чырвоная і — зноў, як і колісь, звярнуў увагу Ляшчэвіч — вялікая. Як у мужчыны. Пяшчотная дзявочая ласка вялікімі, як у мужчыны, рукамі — гэта ўразіла, запала Ляшчэвічу ў сэрца тады, як пазнаёміліся. У бацькі быў юбілей, шэсцьдзесят гадоў. Ленка, сястра, прыехала з Магілёва на ўрачыстасць з сяброўкаю. Абедзве танюткія, модныя — у штруксах, балоневых спартыўных куртачках, у красоўках. Ніна адразу выклікала ва ўсіх прыхільнасць, яна была простая, раскаваная, таварыская. Сястра падленьвалася, сачкавала, а гэта і пасуду памые, і ў талерачку падкладзе салаты, і юбіляру гальштук падправіць, брытву падасць. Да таго ж яна была ў ладзе з гумарам, што рэдка сустрэнеш сярод дзяўчат яе ўзроcту,— міла ўсміхалася поўнымі, прыгожа развінутымі вуснамі, адкрываючы белы радок верхніх зубоў, якія, здавалася, пазвоньвалі, бы тонкая металічная падкоўка, калі Ніна падносіла відэлец да рота. І тады першы раз Ляшчэвіч убачыў, што ў яе вялікія рукі, тоўстыя вузлаватыя пальцы. Неяк само сабою выявілася, што ў Ніны бацькі няма, рана памёр, а маці — алкагалічка. І ёй, Ніне, з малых гадоў трэба было парадчыць гаспадарку, капаць бульбу, касіць, палоць грады, карміць свіней, курэй, даіць карову, няньчыць малодшых браціка і сястрычку. Дзіўна, проста дзіўна, як у такой сям’і яна сумела захаваць сваё жыццялюбства. Не то шкадоба, не то павага ці яшчэ нейкае іншае пачуццё з гэтай чуллівай хвалі пачало ціха плёскацца Ляшчэвічу ў сэрца. Яна была на пяць гадоў маладзейшая за яго, а ён (шапнула яму сястра) «зусім не для яе густу», але нешта іх ужо звязвала, цягнула адно да аднаго. Той вечар і ледзь не ўсю ноч яны правялі за вёскаю, у старым калгасным садзе, каля будачкі вартаўніка, на лаўцы пад яблыняю. Такой даверлівай адкрытасці, нязмушанасці ў кожным руху, кроку, слове, такога ўзаемнага парывання да чыстай ласкі, да ледзь не бясцямнага ўпівання ёю, калі баішся даць хоць маленькі намёк на нешта грубае, здаецца, Ляшчэвіч ні з кім пасля не спазнаваў. І што дзіўна: з ёй самой, Нінай, былі потым сустрэчы, але ніколі не было такога трапяткога, цнатлівага самазабыцця. Мабыць, кожнаму дадзена перажыць яго толькі раз.

І вось цяпер — праз дзесяць гадоў — зноў сустрэча. Ніна яму абрадавалася, усміхалася, міла адкрываючы зубы, толькі ўжо не беленькую падкоўку, а жоўтую — залатыя фіксы. Не, час усё-такі няўмольны да маладосці, да жанчыны асабліва.

— Ну, як ты жывеш? — спытала яна, не выпускаючы яго рукі.

— Як усе.

— Што значыць... «усе»? Усе разводзяцца.

— А-а, калі гаварыць пра гэта, то нармальна жыву.

— Дзяцей колькі ў цябе?

— Адно. Сын.

— Ну што гэтак слаба? Трэба трое, чэцвера...

— Кажуць, цяжка з дзецьмі спраўляцца ў горадзе. У вёсцы прасцей — выпусціў на вуліцу, і няхай бегаюць. Я і сам гэта назіраў.

— Я пабыла ўсюды: і ў горадзе, і ў вёсцы, і ў глухім лесе... мужа ганялі з месца на месца. Справа не ў месцы, а ў сям’і...

— У сям’і, канечне... Але што мы стаім? — спахапіўся ён.— І па вуліцы хадзіць — холадна.

— Можа, на паштамт зайдзем?

— Ды ну ты што! Няўжо я такі кепскі джэнтльмен? Там людзей ажно кішыць... Трэба некуды ў цяпло, пасядзець спакойна, прыстойна, як салідныя людзі. Што бліжэй? «Мінск»? Не люблю. Каля стадыёна «Мядуха», давай туды.

Яны завярнулі за паштамт. Вуліца кацілася ўніз — ісці было лёгка, а Ляшчэвічу, наўпярок, хацелася замаруджваць хаду, каб даўжэй ісці да кафэ. У няспешнай хадзе, у дарозе з жанчынаю прасцей ладзіць гаворку, заўсёды вальней выяўляюцца пачуцці і намеры.

Яму падабалася назва кафэ — «Мядуха», было ў ёй нешта ад грунтоўнага, народнага, веяла не толькі мядовым водарам, але і водарам гісторыі, тым нязнаным, чым жылі дасюль продкі. Над дзвярыма, дзе звычайна вісіць ліхтар, была прымацавана ёмкая бочачка чорнага колеру, абвітая чатырма жоўтымі абручамі. Накрыўка ў бочачцы была размалявана пад соты. Дзверы былі масіўныя, як у падзямеллі, з цяжкасцю адчыняліся. Усярэдзіне кафэ было цеснаватае, з нізкай столлю, стаялі прысадзістыя чорнага дрэва сталы, са сцен бліскуча пазіралі намаляваныя пэндзлем мастака жоўтыя вочкі сотаў, як і на бочачцы пры ўваходзе.

Ляшчэвіч дапамог Ніне распрануцца, здаў адзенне гардэробшчыку — бадзёраму вусатаму дзеду, які надта лісліва падаў яму два бляшаныя жэтончыкі-нумаркі. Ніна стаяла перад шырокім, на ўвесь прасценак люстрам, у якім чалавек бачыў сябе на поўны рост, і засяроджана расчэсвала грабянцом светлыя, льняна-мяккія валасы. Збоку Ляшчэвіч бачыў, што і вусаты дзед-гардэробшчык, і нейкая летуценна-палявая Ніна ў блузцы з вышытай на грудзях кветкаю так хораша ўпісваюцца ў гэты нешматфарбны, некрыкліва-сціплы асяродак. А вось ён — у строгім металёва-шэрага колеру касцюме, у блакітнаватай кашулі з чырвоным гальштукам — ці ўпісваецца, каб яму хто сказаў? Не, пра гэта ніхто яму не скажа, бо, мабыць, ніхто з рэдкіх наведнікаў, што сядзелі за сталамі, пра гэта не думаў. Неяк ціха, нават журботна было ў адсеках — як у вагонах купэ — залы; спакойна, прыглушана гучалі галасы, бясшумна, як цені, снавалі афіцыянткі ў белых, вышытых заблыццю сукенках.