Выбрать главу

Яны спыніліся каля далёкага двухмеснага століка, селі ў мяккія крэслы з аплеценымі тонкаю лазою спінкамі.

— Як добра тут, праўда? — сказаў ён, адчуўшы адразу расслабленасць, цеплыню на душы.

— А я таксама люблю... можа, не паверыш? — усё простае, каб не кідкае, што напамінае мне пра вёску, маю родную васільковую Віцебшчыну...

— Трохі дзіўна, бо, здаецца, тады ты не была такая...

— Я проста не думала пра гэта... А ў Казані жыла... Туга заядала. Я і ў політэхнічны інстытут паступіла, тры курсы скончыла...

— Во! — радасна ўсклікнуў Ляшчэвіч.— І не хвалішся...

— А што хваліцца... Каб дыплом атрымала. Мужа перавялі — і давялося кінуць.

— У мяне брат стрыечны ваенны. Ужо, мабыць, шэсць месц памяняў, затое да падпалкоўніка даслужыўся.

— Мой капітан... Цяпер, мабыць, не хутка павысяць. Аскандаліўся з гэтым разводам...— Яна апусціла вочы, быццам была вінаватая.

— Сур’ёзныя прычыны былі? — спытаў Ляшчэвіч, адчуўшы, што пытанне ў яго занадта рацыянальнае, а ў такой гаворцы трэба як мага больш далікатнасці.

Ніна не магла падняць на яго вачэй — пераадольвала ў душы, скручвала нейкае пачуццё, якое, мабыць, не магло сумясціцца з самалюбствам. Ніхто ніколі не вінаваціць сябе, толькі іншых. Закон прыроды чалавечай?

Падышла афіцыянтка, стала за спінаю ў Ніны з блакноцікам і алоўкам у руках, позірк яе блукаў недзе далёка, хоць перад ёю блізка была сцяна з намаляванымі сотамі.

— Два кактэйлі, дзвесце цукерак «Мінскіх» і трохі спагадзя дзве кавы,— сказаў Ляшчэвіч, бо ўжо разы два заглянуў у лісток-меню (можа, пяты экземпляр надрукаванага на пішучай машынцы тэксту), які ляжаў перад ім.

Не сказаўшы слова, афіцыянтка адышла. Але цукеркі і кактэйлі прынесла надзіва хутка. У кактэйлях наверсе ляжала шчыльная, як пенапласт, ружовая пена. Ляшчэвіч разварушыў, разбаўтаў яе саломінкаю.

— Смачны! — смактануўшы кактэйлю, пахваліла Ніна.

— Цяпер мода на кактэйлі, дык навучыліся гатаваць,— сказаў Ляшчэвіч.

— А ў Казані я прывыкла да кумысу, самы лепшы для мяне напітак.

— З каровінага малака не такі?

— Параўнаў...— усміхнулася Ніна. Усмешка ў яе, заўважыў Ляшчэвіч, была вымучаная, адно каб паказаць яму, што ёй прыемна з ім, нягледзячы ні на што. Яна сілком надавала сабе весялосці, бадзёрага настрою, але не магла схаваць ад Ляшчэвіча і заклапочанасці, і прыгнечанасці — водгулле тых пакут, што перапала ёй у жыцці.— Ты пытаў, ці сур’ёзныя прычыны? — Нарэшце яна падняла на яго вочы, але яны неяк па-дзіўнаму глядзелі, не маглі зафіксавацца на ім — такое ўражанне, што яны круціліся, як шарыкі.— На мове судовага дакумента, яна гучыць так: «Стварэнне другой сям’і». Гэта яго прычына, а мая: «супружаская нявернасць».

— Не п’янства, не працяглыя адлучкі, не вандраванні? — здзівіўся Ляшчэвіч.

— Не. У яго закахалася мая лепшая сяброўка. Яна была загадчыца дзіцячага сада, у якім я працавала поварам. Яна была разведзеная, дзіця ў маці... Ёй было сумна, і яна хінулася да мяне. Свята — у нас, дзень нараджэння — у нас, проста выхадны... Яна баба відная, канечне... Не раўня мне.

Ляшчэвіч, гледзячы са спачуваннем на Ніну, паціснуў плячыма: маўляў, ты, Ніна, дарэмна ганьбуеш сябе. Яна, мабыць, зразумела, што ён меў на ўвазе, бо тут жа пачала гаварыць больш упэўнена.

— І пачаў мой муж прападаць днямі: то камандзіроўка, то вучэнні, то стрэльбы, то дзяжурствы... нават прыдумаў раз, што лажыцца ў шпіталь на два тыдні, нейкі сакрэтны, куды не пускаюць... Хлусіў, вядома. А потым мне выпадкова трапіла пісьмо, якое яна прыслала яму з поўдня, куды паехала адпачываць, і там былі такія словы: «Свет без цябе, каханы, аднастайны і нецікавы. Я вельмі цяжка пераношу разлуку — калі не прыедзеш хоць на дзень, пайду на дно, у палюбоўніцы да Нептуна...» Я ўжо трохі здагадвалася, а тут мне стала ўсё зразумела, і я сказала: «Едзь!» Ён — прыстойны... і муж добры, бацька, дапамагаў мне на кухні, гуляў з сынам. Але — каханне... Што зробіш? Выцерпець такое немагчыма, гэта ўніжэнне. А я гордая. Хіба не зразумеў?