Выбрать главу

«Дзіўна, чаму яна мне даказвае, як быццам я пярэчу?» — падумаў Ляшчэвіч і не знайшоў, што адказаць, хоць зразумеў, што мела на ўвазе Ніна. Яна прыпамінала ранейшае, іх сяброўства, блізкія адносіны, якія засталіся чыстымі, неапошленымі, мабыць, толькі таму, што Ніна, жартуючы, хіхікаючы, саромела яго за смеласць і рашучасць. А цяпер, ужо сталаму, Ляшчэвічу бачыцца, што быў ён тады і нясмелы, і нерашучы, і няхай яна, Ніначка, не прыпісвае сабе заслугі, не спасылаецца ні на які гонар.

— Я гордая, Сяргей...— паўтарыла Ніна, і Ляшчэвіч падумаў, што многія жанчыны тлумачаць гонарам свае памылкі і пралікі. Нічога не застаецца рабіць? — Быў бы ён, мой муж, нейкі нягеглы там, няварты, замухрышка — я цярпела б, даравала б. А так... Вось такія пірагі. Нечакана, праўда? — Шчокі ў яе злёгку паружавелі, заблішчалі вочы — у глыбіні душы, бачыў ён, яна так імкнулася перад ім апраўдацца. Няўжо ён нешта значыў для яе? А можа, і значыць? Можа, чад першага, юнага кахання не выветрываецца з гадамі? Але чаму тады ён, такі стойкі, не закружвае галавы так, каб безаглядна, напралом, не зважаючы ні на якія перашкоды, непаразуменні, выбрыкі аднаго ці другога, кінуцца на стварэнне сям’і, звязаць сябе навечна шлюбнымі абавязкамі? Не, рэдка бывае так... Вось і яны разышліся, не пажаніліся. А можа, усё вяртаецца «на кругі свая»? Але не, што яму вяртацца, у яго сям’я, яны добра жывуць з жонкаю. Навошта паскудзіць, азмрочваць іх адносіны? Навошта ствараць пагрозу сыну? Гэта зразумела, як двойчы два. Толькі ж чаму жыве ў ім увесь час думка пра іншую жанчыну, часам зусім нерэальную, толькі нейкі вобраз, не кажучы ўжо пра Саўкову? Чаму ён павінен заглушаць у сабе цікавасць да Ніны, яе лёсу, чаму павінен цурацца сустрэчы, прыгнятаць жаданне дапамагчы, паспачуваць ёй? У кожнага мужчыны так ці толькі ў яго? Можа, ён проста амаральны, разбэшчаны тып? А можа, іншыя баяцца сабе прызнацца ў гэтым?

Падобна, Ляшчэвіч шукаў сабе апраўданне, чаму ён зараз сядзіць у кафэ з чужою жанчынаю, якая была некаму жонка, чаму не хоча здацца чэрствым і абыякавым да яе? Ён, відаць, хацеў душэўна настроіць сябе і на тое, што будзе потым, можа, нават непрыстойнае, але непазбежнае, іначай Ніна пакрыўдзіцца, яго адмова прынізіць яе, і ў яе будзе права абазваць яго цынікам, сябелюбцам, нават бабаю і хлапчуком. А ёй так патрэбна зараз цяпло, увага, нават ласка, гэта відаць па яе вачах, позірк якіх выносіць з душы тугу і боль, густа перамешаныя ў незразумелае для свядомасці пачуццё, як два сокі, злітыя ў адну шклянку, даюць незразумелы смак. Выпілі каву, Ляшчэвіч разлічыўся, і яны выйшлі з кафэ як бы засмучаныя. Цьмянае, жоўтае святло ад ліхтароў падала на брудны, растаптаны снег. Цені ад высокіх таполяў на ім былі невыразныя, на няроўнасцях як пакамечаныя, пераламваліся каля сцяны нізенькага будынка — кас стадыёна «Дынама». З коміна над нейкім заводам ці фабрыкаю валіў дым, расплываўся па цёмна-сінім небе шырокім белым палатном. Стукалі па рэйках колы — да вакзала падыходзіў поезд, і Ляшчэвіч уявіў, як прыціскаюцца да вокнаў вагона твары — людзі ўглядаюцца, што за станцыя, ці ёсць на пероне ларок, каб што-небудзь купіць. Сам ён не любіў ездзіць, але жыццё вакзалаў яго чамусьці прываблівала, і ён нярэдка знарок акунаўся ў яго, проста каб забыцца, адключыцца ад нуднай будзённай мітусні.

— Табе куды? — спытаў ён.

— На Мележа... Я жыву ў цёткі, мамінай сястры.

— Далекавата.

— Транспарту хапае...

Яна сказала так, быццам ужо было вырашана, што ён праводзіць яе, але яго бянтэжыць адлегласць.

— Я ведаю...— Гэта было з яго боку пярэчанне, ён паказваў, што спытаў адно дзеля таго, каб ведаць, на які прыпынак ісці.

— Жонкі баішся? — бяскрыўдна ўсміхнулася Ніна.

«Яна — псіхолаг...» — таксама бяскрыўдна, але ў душы, усміхнуўся Ляшчэвіч.

...Кватэру Ніна адамкнула ключом. Ляшчэвіч адчуваў сябе не то як няпрошаны госць, не то зусім як злодзей: прыйшоў у чужую кватэру. Ніна паводзілася вольна, толькі гаварыла шэптам — яе не бянтэжыла цётка, проста баялася, што разбудзіць дачку. З пакоя выглянула жанчына. Яна была тоўстая, у квяцістым халаце, з чорным грабянцом у сівых, коратка падстрыжаных валасах.

— Цётка, гэта брат маёй сяброўкі... Лены Ляшчэвіч.

— Я толькі што піла каву, чайнік яшчэ гарачы...— Надзіва міралюбна сказала цётка, здаецца, без цікаўнасці глянуўшы на госця.

— Леначка-дзевачка спіць?

— Ага, палажыла...

Каву яны не сталі піць, хоць і зайшлі на кухню.

— Лепш паслухаем музыку,— прапанавала Ніна,— у мяне новыя запісы... Металісты так званыя. Цяжкі рок. Любіш? Пасядзі, я зараз...— Яна выйшла лёгкай паходкаю.