Выбрать главу

— Дыета не скончылася? — усмешліва спытаў у жонкі Ляшчэвіч, калі яна зайшла на кухню з сынам.— Бо я не буду тады на тваю долю рабіць бутэрброды.

— Мне толькі каву... без цукру.

— Хачу піць,— папрасіў сын і тузануў бацьку за канец пояса.

— Што табе: грыба, бярозавіку ці каліны?

— Грыба,— не раздумваючы, адказаў сын.

Так здарылася, што на стале ў Ляшчэвічаў аказалася тры шкляныя слоікі — цэлы выбар напіткаў. У адным — чайны грыб, цёмны, рэзкі напітак; у другім — таксама грыб, толькі японскі, а называлі яго бярозавікам за сіваваты колер і за смак, блізкі да бярозавага соку; у трэцім слоіку быў настой каліны — на лістападаўскія святы Ляшчэвіч ездзіў да бацькоў у вёску і прывёз адтуль цэлафанавы мяшэчак каліны — ураджай з ім жа самім колісь пасаджаных кустоў. Але сын упадабаў толькі грыб, хоць па смаку, здавалася, ён быў не лепшы. Ляшчэвіч наліў яму ў шклянку — напітак засіпеў, запырскаўся, як шыпучка.

— Дзякуй! — сказаў сын і паставіў на стол пустую шклянку. Апранаў футра і надзяваў шапку сыну заўсёды Ляшчэвіч, лёгенька выштурхоўваў за дзверы — быццам даваў гэтым малому зарад бадзёрасці і смеласці, так неабходных у жыцці ў любым узросце. Сад быў за вуглом дома, і сын гадоў з чатырох хадзіў у яго сам, гэта была палёгка — не трэба раней часу апранацца, адводзіць у сад, а потым вяртацца. Для раніцы — эканомія часу вялікая.

Радыё прапікала восем разоў. Трэба выходзіць. Жонка праз гэту сваю прычоску не зможа сёння з ім пайсці. Чакаць яе няма калі — спознішся на працу. Ляшчэвіч нікуды і ніколі не любіў спазняцца, а цяпер і пагатоў — новы загадчык аддзела Марускоў «ганяў» за дысцыпліну. Здаецца, нічога лішняга ён не патрабаваў, але ўсё роўна людзі шапталіся, асуджаючы яго і добрым словам успамінаючы ранейшага загадчыка, які так і не змог ачуцца пасля інфаркту, пайшоў на пенсію. Дзіўна, адны інфарктнікі становяцца ў строй, працуюць як ні ў чым не бывала, а другая — інваліды.

— Я пайду, не буду цябе чакаць...

— Ідзі.— Жонка за сталом, за якім толькі што пілі каву, падмалёўвала тоненька саструганай запалкаю вейкі.— Абавязкова купі ёлку.

— Забірай малога, а я пасля работы зайду на Камароўку.

Жонка хмыкнула: «Якое «забірай»?» Яна, і Ляшчэвіч гэта ведае, ідзе сёння на навагодні агеньчык — так яны вырашылі, бо сёння ж такі агеньчык і ў Ляшчэвіча. Ляшчэвічу на ім край трэба быць, бо ён старшыня культмасавай камісіі мясцкома, але яму не хацелася ісці. Спачатку шмат было жадаючых, а потым, лічы, усе адсеяліся: знайшлі сто прычын, каб не пайсці. Адзін пажылы мужчына сказаў: «Я не алкаголік, але не ўяўляю, што можна рабіць на вечары, што гаварыць за столікам, калі няма спіртнога. Нешта надламала ў псіхалогіі гэтая забарона спіртнога на ўрачыстасцях...»

Нават калі і было б спіртное, Ляшчэвіч усё роўна не пайшоў бы на вечар. Шкада было часу, а толку ніякага: тыя ж людзі, словы, усмешкі, размовы толькі пра работу. Нехта пажартаваў: «Можа, прыхапіць з сабою парачку стандартаў ды абмеркаваць там...» Вольныя вечары... Не так часта выпадае засяродзіцца, нешта запісаць, проста памарыць. Сын цяпер мала патрабаваў да сябе ўвагі, сам апранаўся, распранаўся, хадзіў у туалет, піў і нават еў.

Раніца была марозная, сухая — пякучае, быццам насычанае тоненькімі льдзінкамі-іголкамі паветра пеканула за шчокі, каляна, як спіцамі, палезла ў нос. Было цемнавата і яшчэ гарэлі ліхтары, іх неонавае блакітнае святло быццам сеяла яшчэ большы холад. Ляшчэвіч падняў каўнер дублёнкі, адчуў шчокамі і вушамі, як прыемна, мякка аблёг ворс. Завываючы, набіралі скорасць тралейбусы, мякка затарможвалі на прыпынках аўтобусы, праносіліся легкавікі. Людзі расцякаліся па заводах, фабрыках, установах. А каторыя — і яны дзівілі больш за ўсё — займаліся ў гэты час сабою: прабягалі ў спартыўных куртачках і вязаных шапачках з калматымі пампонамі, выводзілі на павадку сабак, спяшаліся з венікам пад пахаю на першы дух у лазню. Хтосьці кінуў на снег недакурак, і ён свяціў яркаю калінавай жарынкаю — падзьмуў ветрык, выбіў некалькі іскрынак і панёс іх цераз дарогу, як мініяцюрныя «стопсігнальчыкі».

Людзей на прыпынку было небагата — часта падыходзілі тралейбусы і аўтобусы, але ўсё роўна яны былі напханыя людзьмі. Ляшчэвіч убіўся ў заднія дзверы, яго заціснула — не паварушыцца. Трэба пракампасціраваць талон, але як залезці рукою ў кішэню? Можна і ў чужую лучыць. «Пачакаю, пакуль разгрузіцца трохі...»