— Ленка гаварыла, што, можа б, сюды яе на абследаванне...
— А яна зможа прыехаць?
— Ну не цяпер, а як трохі палепшае ёй.
Гэта ён, Ляшчэвіч, сам гады два назад прапаноўваў маці паказацца сталічным дактарам, але тады хвароба яшчэ не вельмі турбавала, і яна адмовілася. А цяпер хвароба гэтая, мабыць, абвастрылася, пайшла ў чарговую атаку на сасуды. Марудзіць было небяспечна: у любы момант тромб, адарваўшыся ад сценкі сасуда, мог спыніцца і паставіць кропку на жыцці. Нядаўна ў інстытуце хавалі мужчыну, яшчэ не старога. Быў жыццярадасны, вясёлы, гумарыст, ніколі не скардзіўся на здароўе, шчокі як два буракі — і раптам: закупорка лёгачнай артэрыі.
Цяпер, хоча ці не хоча маці, трэба настойваць, каб яна прыехала, балазе ў яго знаёмы доктар — прафесар, членкор АМН СССР. Ён — бацька яго таварыша па рабоце, Косці Бірукова — хударлявага, у акулярыках з чорнай драцяной аправай хлопца. Косця ні бельмеса не петрыў у чарцяжах, здаецца, зусім быў далёкі ад іх, слыў у інстытуце дзівачком-меламанам, але быў вельмі душэўны, далікатны, проста нясмелы. Ляшчэвіч, спачуваючы хлопцу, дапамагаў яму чарціць, «кляпаць» праекты. Косця разы два запрашаў яго ў госці, на каву, паслухаць музыку з маленькага японскага магнітафончыка з навушнікамі, на якім вялікімі белымі літарамі было напісана: УНІСЭФ. У адзін з такіх візітаў Ляшчэвіч і пазнаёміўся з Косцевым бацькам. Гэта быў высокі, надзіва рухавы светлавалосы мужчына з дробным, як і ў сына, тварам, на якім дзвюма чорнымі кропкамі блішчалі глыбока схаваныя пад лоб вочы. Гаварыў ён неяк адрывіста, як адсякаў словы, быццам хацеў здавацца кожную хвіліну салідным. Даў Ляшчэвічу візітку, на адным баку якой былі напісаны па-руску, а на другім па-англійску ўсе эскулапскія званні і пасады. Такая ўвага да Ляшчэвіча была не так сабе, нездарма — Косця, канечне, сказаў бацьку, што гэты чалавек яму шмат дапамагае.
Мабыць жа, і прафесар Ляшчэвічу не адмовіць, калі ён папросіць, ці сам няхай паглядзіць маці, ці паспрыяе, каб паглядзелі іншыя, спецыялісты іменна па гэтай хваробе, бо хоць і не разбіраўся толкам Ляшчэвіч у дактарах, здаецца, гэты свяціла медыцыны не туды свяціў. Але ў яго аўтарытэт, сувязі, ён дамовіцца з кім трэба.
Ляшчэвіч заказаў тэлефонную размову з сястрою — у райцэнтр кода не было; дачакаўшыся званка, і цяпер задуменнасць яго ўжо не бянтэжыла жонку, ён сказаў сястры, каб маці ехала ў Мінск. Сястра жыла ў райцэнтры ў двухпакаёвай кватэры-«хрушчоўцы», мела машыну, і яны часта сям’ёю ездзілі ў вёску да маці — балазе недалёка, нейкія два дзесяткі кіламетраў,— бралі там сала, бульбу, капусту, памідоры, варэнне, усякую ўсячыну з лесу, град, пограба і кладоўкі. «Няблага жывецца»,— часам не то з дакорам, не то з зайздрасцю думаў Ляшчэвіч. Магазіны ў горадзе забіралі шмат грошай, і яны ў сям’і ледзь зводзілі канцы з канцамі; як неверагодная мара прыходзіла часам думка, што некалі можна будзе купіць машыну — хоць, расказваюць, скардзяцца, абураюцца некаторыя, і клопатная гэта справа, але вельмі неабходная ў кантора-магазінна-прыпыначным гарадскім жыцці.
— Ну пакуль...— як заўсёды, на разважліва-аптымістычнай ноце скончыла размову сястра.
У Ляшчэвіча акурат гара з плеч звалілася, быццам нанова на свет нарадзіўся, як часам бывае ў страхотлівым сне — прачнешся і так абрадуешся, што гэтага ў сапраўднасці з табою не было.
Ён спытаў у жонкі, дзе сённяшнія газеты, і ўжо больш-менш спакойны, улагоджаны пайшоў у пакой, каб там, лежачы на канапе, пачытаць іх. Газеты апошнім часам сталі цікавыя, друкавалі шмат вострых матэрыялаў пра хабарнікаў, спекулянтаў, прыстасаванцаў, бюракратаў, алкаголікаў і наркаманаў — пра ўсю тую муць, што падымаецца з дна і плыве ў светлай рацэ жыцця. Вяртаючыся з работы, Ляшчэвіч заўсёды з хапатлівасцю, прадчуваючы асалоду ад чытання, адмыкаў паштовую скрыню.