Выбрать главу

Недзе напрыканцы студзеня, вось так выняўшы са скрыні газеты, Ляшчэвіч убачыў, што з іх выткнуўся і сіні ражок канверта. З ДАІ! А ён, прызнацца, ужо рэдка пачаў успамінаць, што паслаў скаргу,— астываюць старыя пачуцці, даючы ў душы месца новым. На сіненькім бланку за подпісам начальніка ДАІ УУС Мінгарвыканкома Ляшчэвіч прачытаў: «Грамадзяніну Ляшчэвічу С. В. Ваша заява Дзяржаўтаінспекцыяй г. Мінска разгледжана. Паведамляю, што за дапушчанае парушэнне Правіл дарожнага руху вадзіцель аўтамашыны УАЗ д. н. 88—44 МИЩ Базута М. М. накіраваны на праверку ведаў Правіл дарожнага руху».

Ён з радасцю паказаў жонцы ліст.

— Хутка адказалі,— не беручы яго ў рукі, сказала яна.

— Трэба ведаць, як пісаць! — казырнуў Ляшчэвіч. Увогуле ён не любіў сябе хваліць, і калі гэта рабіў, дык дзеля жарту, а не так, як некаторыя — і часта, і ўсур’ёз. Але яму было прыемна, што не махнуў рукою, пастаяў за справядлівасць, што яго турбуе нядбайства, няхай сабе і нязначнае, дробнае. Праўда, ён і блізка не задумваўся, ці зрабіў бы так, калі б той шафёр апырскаў не яго, а, скажам, тую жанчыну ў акулярах. І калі — не, не зрабіў бы, то грош цана — і яму, і яго абурэнню.

— Ну, на аднаго ты напісаў, а колькі такіх...— зводзіла на нішто яго намаганні жонка.

— А калі кожны напіша? — знайшоў, што адказаць Ляшчэвіч.

— Ага, чакай — сыр з’ясі,— з’язвіла жонка.— Ніхто звязвацца не хоча.

— Ды ўсе мы разлічваем, што добры дзядзька за нас зробіць! Так і думаем: я заняты, я не дробязны, я сціплы, я высакародны... няхай хто другі. Як быццам другому і праўда няма чаго рабіць.

— Загаварыў...— хмыкнула, усміхнуўшыся, жонка.— Не дараваў адзін раз нахабніку, дык ужо нос задраў, а колькі разоў закрываў вочы...

— А можа, гэта пачатак, можа, цяпер я ніякай брыдзе саступаць не буду? — пра сур’ёзнае, але жартам сказаў Ляшчэвіч.

— Паглядзім.— У жончыным голасе была іронія.— Дарэчы, маці дакладна не перадавала, калі прыедзе?

— Не. А што?

— Білеты ў нас у тэатр на суботу. Дастала... Цікавы спектакль.

— Ну, канечне ж, у гэтую суботу яшчэ не прыедзе. Мне ж папярэдне трэба дамовіцца з людзьмі... з Біруковым.

— Няма з кім Славіка пакінуць... А пра пастаноўку «Глядзіце, хто прыйшоў» усе шумяць.

Ляшчэвічава жонка хадзіла на тыя спектаклі, фільмы, чытала тыя кнігі, артыкулы ў газетах, якія «шумелі». Яе цікавіў не столькі іх змест, колькі сам факт, што яна глядзела ці чытала, тады ў размове з сяброўкамі магла фарсануць, што далучана да самых модных павеваў. Яна раўніва сачыла за модаю, імкнулася адзявацца з шыкам, хоць, як кажуць, яе цягнік пайшоў і ёй ужо не ўгнацца за пятнаццаці-шаснаццацігадовымі дзяўчаткамі, якія імгненна мянялі пакроі, колеры, прычоскі.

Апошнім часам ажыятаж распаліўся вакол тэатра-студыі кінаакцёра, туды цяжка было трапіць, але жонка праз сакратарку дырэктара вучылішча, муж якой рабіў у тэатры электрыкам, дастала білеты.

— Пачакаем суботы.— Ляшчэвіч быў не супраць схадзіць: столькі было надзей на гэтыя тэатры, калі прыехаў з вёскі ў Мінск, ды аказалася, не так проста і час знайсці, і выбрацца.

У суботу Ляшчэвіч раптам успомніў, што ўвечары яму трэба яшчэ і ў басейн. Выбірай — калі ласка! Басейн з саунаю не хацелася прапускаць. Пачаўшы хадзіць у яго, ён адразу падужэў, адчуў бадзёрасць, палепшыўся сон, і радасна было думаць, што гэта добрая замена бегу, таксама апора ў вірлівым кругазвароце жыцця. Але і ў тэатр не заўсёды вырвешся. Праўда, жонка не настойвала, каб ён ішоў з ёю,— напрошваліся сяброўкі, а яна заўсёды імкнулася зрабіць ім прыемнае, каб лішні раз выставіць сябе, пацешыць самалюбства. Ляшчэвіч разумеў: не пойдзе на спектакль цяпер — магчыма, не зможа пайсці і год, і два. Гэта адно здаецца, што проста схадзіць у кіно, тэатр, на выстаўку. Дробная мітусня так закручвае, носіць па сваёй арбіце, што, каб вырвацца з яе, патрэбна, па-першае, воля, а па-другое — нешта абавязкова занядбаць.

— Добра, я ўсё-ткі пайду з табою,— сказаў ён жонцы,— але як са Славікам?

— Пабудзе адзін,— рашуча адказала жонка.

З год назад пакідаць сына аднаго — было гэтак жа неверагодна, як вось зараз узяць ды паляцець на Марс ці Венеру. Ён баяўся застацца адзін нават на мінуту; схадзіць па газеты — трэба ўпрошваць, пакідаць адчыненымі дзверы; цяпер жа, здаецца, ён пасмялеў, адпускаў у магазін, гуляў у пакоі, не злякаючыся, ці дома хто з бацькоў — а раптам выйшлі? Ляшчэвіч прыкмеціў, адкуль гэтая сынава перамена пачалася: з таго часу, як пайшоў у «нулёўку». Напачатку вучоба здавалася яму такою пакутаю, што ён гатовы быў застацца адзін у кватэры, абы толькі не ісці ў сад. «Я не пайду ў сад»,— хныкаў ён раніцаю. «А дзе ты будзеш?» — «Дома».— «З кім? Мы ж на працу пойдзем...» — «Ну і што. Адзін буду...» Прынамсі, гэта яго смеласць не толькі здзіўляла, але і радавала: выходзіла, сын пасталеў, смакаваў самастойнасць і не так прывязваў да сябе бацькоў.