— Доўга ўсё-ткі ды вечар,— засумняваўся Ляшчэвіч.
— Нічога страшнага, мы зараз паложам яго спаць, не будзем яму гаварыць...— шэптам сказала жонка, каб не пачуў сын, які гуляў у калідоры кардоннай мазаікай, складваў з яе малюнкі жывёл.
— Ты звар’яцела, ці што? — не ўтрываў, павысіў голас Ляшчэвіч: часам жонка проста дзівіла бязглуздасцю сваіх заяў, якія яна рабіла ўсур’ёз і безапеляцыйна.— А раптам ён прачнецца?
— Не прачнецца! Славік, хадзі, сынок, спацькі! — Яна пайшла да ложка сцяліць сыну пасцель.
— Не хачу, мама, яшчэ рана, я казку не глядзеў...
— А ты ляжаш і будзеш глядзець.
Яна ўлажыла сына, і ён, падпёршы рукамі шчочкі, глядзеў на тэлевізар. Гэты жончын намер выводзіў Ляшчэвіча з сябе: цяжка ўявіць, што пачнецца, калі дзіця, прачнуўшыся, убачыць, што няма бацькоў. Ды з ім можа прыключыцца чортведама што: і псіхіка парушыцца, і голы ды босы выскачыць на вуліцу.
— Ведаеш, Каця, або яму трэба сказаць, што мы пойдзем, або некаму з нас не ісці,— сказаў Ляшчэвіч цвёрдым голасам, бо не сумняваўся, што слушна гаворыць.
— Я суседку папярэджу... Яна будзе наглядаць.
— Ды што суседка! Яна праз мінуту думаць забудзе пра твайго сына. Не будзе ж яна сядзець каля яго і каравуліць.
— Тады ты не ідзі...
Ляшчэвіч адчуваў, што разгараецца спрэчка, што здавацца трэба яму. Жонка не саступіць — жаночая ўпартасць! Ды і натуру такую мае: ніколі не робіць паварот, каб зноў з самага пачатку перабраць па звёнцу ланцужок сваіх довадаў. Але як яму здавацца, калі спрачаліся цяпер не вакол нейкай эфемернай ідэі, а вакол ісціны яўнай: сын яшчэ малы, каб пакідаць яго аднаго. І ён ужо каторы раз падумаў, што, як добра было б, колькі праблем знялося б, калі б жыла ў іх, як у некаторых маладых сем’ях, бабуля, скажам, маці яго ці жончына. Тады і пасля работы не трэба было б, захакаўшыся, бегчы забіраць сына, і свежая страва заўсёды стаяла б на пліце, і парадак у кватэры быў бы, і ў выхадныя не сядзеў бы як прывязаны дома... Адным словам, вольніца! Яго маці во прыедзе падлячыцца, можа, пагаварыць з ёю, каб пажыла з год у яго. Але не, не згодзіцца яна: там, у вёсцы, куры, свінні, карова, бацька адзін не справіцца дый не захоча — ад суму памерці можна. Жончыны бацькі маладзейшыя, яшчэ працуюць; праўда, жыве з імі бабуля, але ёй за восемдзесят і яе самую трэба глядзець — толькі лішні клопат. Хоць трэсні — нянькі няма. А гады ідуць — лепшыя, маладыя, калі і можна нешта зрабіць, убачыць, паспытаць, адчуць асалоду; аглянешся — як кажуць, «ужо не да глупстваў». Адно спадзяванне і застаецца — чакаць: а раптам прыйдзе час, і тое, да чаго ты рыхтаваўся, імкнуўся, адкрыецца табе ва ўсёй паўнаце, шчодрасці і неабмежаванасці?
— Я не пайшоў у басейн, а цяпер і ў тэатр не ісці? Ну, раз так! — Ляшчэвіч рашуча падышоў да сына.— Славічак, мы з мамай зараз ідзём у тэатр... ты пабудзеш адзін.
— Гэта ў такое, што мы глядзелі... «Воўк і сямёра казлянят»?
— Ага, такое... толькі дарослае.
— Навошта ты сказаў яму? — падскочыла жонка, твар яе пабялеў.— Ідыёт жа ты!
— Правільна, татачка, што ты мяне папярэдзіў... Малайчына! — як дарослы малога, сур’ёзна пахваліў Ляшчэвіча сын.
Жонка заікнулася, зіркала то на мужа, то на сына.
— Я вось навяду будзільнік, калі зазвоніць — уключыш тэлевізар. Паглядзіш казку — выключыш.— Ляшчэвіч не хацеў, каб доўга працаваў тэлевізар — пабойваўся, што ад перагрэву, чаго добрага, загарыцца — колькі выпадкаў!
— Добра, тата,— з удзячнасцю і ліслівай згодаю сказаў сын, перавярнуўшыся на спіну. Як яны ўсё разумеюць, дзеці! Мы, дарослыя, проста самаўпэўненыя, таму і не заўважаем, не хочам заўважаць, каб не прыніжаць сябе, што дзеці ў псіхалагічных тонкасцях калі не пераўзыходзяць нас, то на роўных з намі.
— А то бывае, што тэлевізар доўга ідзе і загараецца. І дзеці тады хаваюцца пад стол ці пад канапу... і-і згараюць.
— Што ты плявузгаеш, толькі палохаеш малога? — зноў прарэзаўся голас у жонкі.
— Кацярына, калі ласка, адыдзі,— папрасіў Ляшчэвіч, улагоджаны сынавым разуменнем.
— Як згараюць? — У вачах у сына ўспыхнула цікавасць, звычайная, дзіцячая, але, мабыць, не толькі цікавасць, яшчэ падмешваўся і страх. Дзеці баяцца часта ад няведання, падумаў Ляшчэвіч, ім трэба растлумачваць, інакш страх напластуецца ў падсвядомасці, адкуль яго потым і ў сталым узросце не заўсёды ўдаецца выбіць.
— Ну, агонь, пажар — па тэлевізары ж бачыў... Але хавацца нікуды не трэба. Трэба выскачыць на калідор ці на вуліцу і закрычаць.