У панядзелак, спытаўшы ў Косці тэлефон, Ляшчэвіч пазваніў ягонаму бацьку, прафесару Бірукову.
— Слухаю вас,— пачуў ён у трубцы знаёмы голас, з трохі чужаватым адценнем саліднасці, таямнічасці, ці што. Ляшчэвіч растлумачыў, хто ён і чаго звоніць.
— Калі ласка, калі ласка,— адказаў прафесар, быццам ён быў гасподзь бог, якому блізкія просьбы, малітвы і беды ніжэйшых стварэнняў.— Прыводзьце сваю маму.— І на Ляшчэвічава «да пабачэння»: «Усяго добрага, мой друг!»
Ляшчэвіч, здаецца, скінуў з сябе спружыністую кальчугу, якая сціскала яго, цяжэла на плячах, хоць і не перастала тачыць сумненне, што не ўсё так лёгка будзе вырашыць. І наогул — у яго быў няпросты прамежак жыцця. Можа, вонкава і просты, для душы — няпросты. Сутнасць жыцця, складанае яно ці лёгкае, вызначаецца глыбінёю перажытага, а не колькасцю пераездаў, прафесій, жонак, дзяцей...
А тут яшчэ зноў выклікаў Марускоў. Напусціў на сябе строгі, важны выгляд, але вочы здрадліва выдавалі змесціва ягонае душы — там не было ні злосці, ні пыхі.
— Што са справаздачаю? — гартаючы паперы і як бы ўнікаючы ў тое, што ў іх было напісана, спытаў Марускоў.
— Складзена як і трэба,— адказаў Ляшчэвіч, збянтэжыўшыся і жахнуўшыся, што зусім забыў ён на заўвагу загадчыка. Затлуміўся, закруціўся — і забыў. Мабыць, не мёдам лягла яму на сэрца заўвага тая, неістотнаю здалася, неабавязковаю, няйнакш, прыдзіркаю.
— У час — гэта правільна, але ж у мяне была прапанова.— Марускоў не паднімаў вачэй. Ляшчэвіч адчуў, што яго ўпартасць загадчыку не спадабалася. Упартасць нікому не падабаецца. Усе любяць чалавека рахманага, пакладлівага.
— Ведаеце, я не бачу асаблівых прычын мяняць сутнасць сваёй справаздачы.
Марускоў прамаўчаў: мабыць, разумеў, пачні націскаць — выявіш сваю бязглуздасць. А гэта ўсё-такі свой супрацоўнік, думка якога суседзіцца да іншых думак, з якіх і вырастае меркаванне. Лепш напусціць на твар выраз шматзначнасці, мудрасці і маўчаць.
— Я лічу, што гэты дырэктар нічым не вылучаецца сярод іншых і не заслугоўвае, каб ішлі ў яго на павадку,— Ляшчэвіч адчуваў, што гаворыць не пустыя словы, абы пярэчыць, а тое, што стала яго перакананнем. Толькі ці можа быць у падначаленага перакананне, калі яно не супадае з перакананнем начальніка?
Марускоў яго ўважліва, аж зачырванеліся кончыкі вушэй, слухаў.
— Ну-ну, далей, далей...— Марускоў, мабыць, добра завучыў, што шматзначнасці ніколі не надасі словамі, зразумелай размоваю, яна ў намёках, міміцы, у рэпліках.
Ляшчэвіч адчуваў, што загадчык трымаецца не за сваю ідэю, ён адстойвае нейчую, чужую, можа, якога ўплывовага таварыша, пярэчыць якому ён не можа. Магчыма, ужо тонка, далікатна паспрабаваў, але, як кажуць, неўпратык.
— А чаму-та я, скажыце, павінен адмаўляцца ад сваёй ідэі, калі яна здалася некаму памылковай?
— Таму што яна шкодзіць агульнай справе! — прарвала нарэшце Марускова, і ён, зыгнуўшыся ў крэсле, паправіў пад пінжаком падцяжкі.
— А я лічу, што на карысць,— адказаў Ляшчэвіч, баючыся, каб не павысіць голасу. Ён даражыў сваёй ідэяй, але даражыў і работаю, іменна работаю, а не пасадаю. Акажыся ён зараз без работы — і што тады? Колькі чыстага сумлення закаламучана, светлых струн парвана ў душах самай рознай вышыні палёту з-за боязі страціць работу?
— Сваё «я» пакінь на потым,— Марускоў уперыў у яго востры, але не злы, а нейкі смяшлівы позірк,— а зараз прэч адсюль і рабі, што табе гавораць! — Ён нават крыху пачырванеў і адчуў сябе няёмка.
Ляшчэвіч устаў рашуча, але сказаў спакойным голасам:
— Мне што, я перараблю.— Ён паказваў, што не вельмі ўступае сваім прынцыпам, нялёгка ідзе на згоду, бо не хацеў балюча раніць самалюбства. Самалюбства ён шанаваў, годнасцю памыкаў, а гонарам не даражыў. Забіты гонар, замкнуты пад сямю замкамі, і рэдка калі ўсе замкі адмыкаў: два, тры, чатыры... Калі не можа нічога памяняць, настояць на сваім, то чаго лезці на ражон? Урэшце, будзь ты хоць геній, начальнік заўсёды знойдзе за што прычапіцца, аб’явіць вымову. Выб’ешся ты ў начальства, тады будзеш дыктаваць ты. Проста лёгка быць шчодрым, добранькім, ні за што не адказваючы. Ён разумеў і ў нечым нават апраўдваў Марускова, хоць адчуваў сябе прыгнечаным і пакрыўджаным.
Ён сеў і за паўгадзіны перапісаў справаздачу — так, як хацеў загадчык. Няхай радуецца, пацірае рукі ад радасці. Можа, у гэтым — дэманстраваць сваю ўладу — уся яго сутнасць? Але як бы ні ставіў сябе Ляшчэвіч у думках вышэй за Марускова, на справе даказаць гэтага не мог.
Ад бяссілля міжволі прапалі, як бы ўлятучыліся бадзёрасць і смак жыцця. Ён пазваніў свайму сябру-аднакурсніку, Івану Шэлеху, які працаваў у міністэрстве лясной гаспадаркі і з якім тады-сяды сустракаліся. Той абрадаваўся: «Сяргей? Даўно не чуў твайго голасу! Давай пасля работы састыкуемся. Я акурат са Свіцязі прыехаў, таранкі прывёз...» Такога захаплення ад Івана Ляшчэвіч аніяк не чакаў, хоць яны даўно сябравалі. Лічы, з першага курса, калі і пазнаёміліся. Цяжка сказаць, што людзі знаходзяць блізкага адно ў адным, бо чалавек усё-ткі мяняецца. Можа, тое, што яны абодва з вёскі, выраслі каля вады: Шэлех — на Свіцязі, ён, Ляшчэвіч,— на Сажы. Можа, душэўная мяккасць, няўменне на нахабства адказаць нахабствам; урэшце, няздольнасць на подласць — найдаражэйшая з людскіх якасцей. Ва ўсякім разе так думаў Ляшчэвіч, і ён жа разумеў, што і тут усё адносна, бо ніхто не думае пра сябе кепска.