Выбрать главу

Яны сустрэліся каля ўвахода ў метро з боку тэатра Янкі Купалы. Іван быў у чорным кажусе, у шапцы з бабра. Ды першае, што кідалася ў вочы,— гэта ўсмешка на твары. Здаецца, яна выбівалася адусюль: з вачэй, з маршчын, з зубоў, са шчок. Гэта рэдкія людзі, у якіх увесь твар як бы з усмешкі. Колісь, будучы на практыцы аж на Украіне, ён бачыў яшчэ і дзяўчыну з такім тварам — гуцулку. Яна працавала брыгадзірам. Тады яна ўразіла яго, і ён ледзь не закахаўся ў яе.

— Здароў! — Іван доўга не выпускаў яго рукі, глядзеў у вочы, быццам пазнаваў.— Ну, дзе мы з табою пасядзім?

Гэта заўсёднае яго пытанне пры сустрэчах. Можна падумаць, што Іван вялікі аматар чаркі. Але не, ён піў зусім мала.

Яны пайшлі ў павільён, які ў народзе называлі «Ясень» — стаяў пад ясенем. Узялі па куфлю піва, селі за стол. Іван выняў з папкі газетны згортак. У ім была таранка. Яна была пахучая, залаціста-вэнджаная. На яе хацелася любавацца, як на залатую рыбку, а не есці.

Іван хвацка злупіў з таранкі луску, адламаў сухую, з пустымі вачніцамі галаву. Ружаватыя пальцы яго блішчалі ад рыбінага тлушчу, як сасіскі, ён выцер іх папяровай сурвэткаю.

— Ну, як ты жывеш? — спытаў Іван, зрабіўшы нарэшце сур’ёзныя вочы.

— Калі хто хваліцца — не веру,— адказаў Ляшчэвіч.— Той, хто нечага дабіваецца ў жыцці, толькі цяжкасці і пераадольвае.

— Ведаеш, і мне абрыдлі гэтыя паперы. Аднымі імі і займаюся. Ад званка да званка.

— Праўду кажаш. Увесь час аб’яўляецца барацьба з паператворчасцю, а папер гэтых не меншае, а большае,— згадзіўся Ляшчэвіч.

— Даведкі, справаздачы, выступленні, інфармацыі... Завіруха!

— А што рабіць? З вышэйшых інстанцый патрабуюць...

— Што рабіць? — Іван нахіліўся, аблёгся грудзямі на стол.— Кінуць усё ды з’ехаць у вёску. Стаць якім-небудзь брыгадзірам рыбалоўнай брыгады. Хоць карысць будзе. Я вось на гэтыя выхадныя ў бацькоў пабыў...— Ён пакруціў галавою, паківаў, прыплюшчыўшы вочы.— Ведаеш, адпачыў як мае быць. Адразу напружанне спала, радасць на душы праклюнулася.

Ляшчэвіч усміхнуўся.

— Гэта два дні ты пабыў... А жыць пастаянна? — Пацягнуў піва, адшчыкнуў ад рыбіны кавалачак.— Мы ўжо не зможам у вёсцы...

— Ды ты што, Сяргей! — Іван тузануў рукою, як не выпліхнуў з куфля піва, пена папаўзла па шкле.

— А вось тое,— цвёрда сказаў Ляшчэвіч. Трохі памаўчаў, смакуючы рыбу.— Мне горад ужо родным домам стаў. Тут кватэра, сям’я, работа... Таксама да бацькоў тады-сяды езджу. Дзень, два пабуду — туга пачынае грызці... Прыеду ў Мінск: вакзал, сяду ў трамвай — сэрца адтае, ірвецца дахаты...

— Мабыць, жонку дужа кахаеш? — падкалоў Іван, зноў затаіўшы на ўсім твары ўсмешку.

— Справа нават не ў жонцы,— тэма была для Ляшчэвіча настолькі сур’ёзная, што ён не захацеў зводзіць яе на жарт, і прапусціў міма вушэй сябрава пад’юджванне.— Тут, у горадзе, нам больш аператыўнага прастору, ці што. Тут мы і благія — харошыя.

— Расшыфруй, нешта мой кацялок не варыць,— дзіўна, што Іван паіранізаваў з сябе. Звычайна ён хваравіта ўспрымаў любы закід у свой адрас і не хацеў сам падстаўляцца для ўколаў, нават смехам назваць нейкую загану. Зрэшты, любому трэба доўга мужнець, самасцвярджацца, пакуль ён набудзе здольнасць бічаваць, насміхацца з сябе.

— Усё проста. Пад маркаю, што горад — кепска, а вёска — добра, мы выдатна сябе адчуваем з усімі сваімі недахопамі, абмежаванасцю, калі хочаш, коснасцю...

— Ну, з гэтым я не згодзен! — рашуча сказаў Іван і стукнуў дном куфля аб стол.— Што ты лічыш сябе горшым за гараджаніна?

— Ведаеш, трэба браць канкрэтна: вось грамадзянін з горада, а вось — я. У горадзе проста больш людзей, а значыць, больш знойдзецца і прайдзісветаў усякіх. Думаеш, мы з табою чысценькія?

— Ва ўсякім разе, у параўнанні...— Іван ікнуў, правёў далонню па жываце.

— Вось іменна! Вось іменна — у параўнанні з падонкамі.— Ад таго, што ўмеў і мог крытычна паглядзець і на сябе, Ляшчэвіч быў лепшы палеміст за Івана, які, канечне, з гэтым не згадзіўся б.