Выбрать главу

— А чым ты ў сабе не задаволены? — Іван пытаўся, разумеючы, што скажа пра сябе Ляшчэвіч, ён перанясе на сваю персону. Ды Ляшчэвіч і адказаў за двух, а можа, і не толькі за двух:

— Хочаш? Скажу! Прыстасаванцы мы...

— Ну дзіва што: нам трэба прыстасоўвацца да гарадскога асяроддзя.

— Не, я маю на ўвазе не адаптацыю, а так званае ўменне жыць. Дзе трэба сказаць, дзе трэба прамаўчаць... Дзе гаўкнуць, дзе лізнуць... Усё гэта ў нас сядзіць як іржавы цвік.

— У каго яно не сядзіць! — сказаў Іван, гледзячы некуды міма Ляшчэвіча. За спінаю ў Ляшчэвіча спрачаліся: здаецца, бармен некаму даказваў, што была траячка, а не пяцёрка.

— У нас яно неяк больш адладжанае, ці што...

— Ты вось на сябе бочкі коціш,— раззлаваўся Іван,— а капейкі чужой не ўзяў! Людзі толькі і займаюцца махінацыямі і лічаць сябе прыстойнымі! — Ці то ад піва, ці ад узрушанасці па Іванавых шчоках пайшла чырвань. Размова — гэта заўсёды спрэчкі, доказы, пярэчанні, і нават калі ў людзей блізкія характары і аднолькавыя тэмпераменты. Гэта нармальны стан чалавека падвяргаць сумненню тое, што гаворыць другі. Не сумняваючыся, не знойдзеш сваё; не знайшоўшы сваё, ты чалавек-тэлеграф, які перадае толькі чужыя думкі.

— Карнегі чытаў? «Нават злачынца не лічыць сябе кепскім чалавекам». Бо чалавек жа... знойдзе апраўданне любому свайму кроку — подламу, здрадніцкаму, прадажнаму... Робіць для сябе, а апраўдваецца заганамі, заблуджэннямі іншых. І калі мы спасылаемся на славутае «ўсе так», то немінуча ідзём на кампраміс з сумленнем, ідзём заўсёды на што-небудзь нячыстае. Не так хіба? Хочаш прыклады?

— Дык а што рабіць?

— Чорт яго ведае! Можа, я нясу лухту, банальшчыну, але трэба хоць па кропельцы ўдасканальвацца, а не аддаваць што ў нас ёсць харошага.

— Сапраўды, ты гаворыш як па пісаным, а жыццё, брат, піша свае законы.

— Ты, я бачу, пайшоў на дно... А я спрабую тады-сяды вынырваць. Вынырну, хапяну паветра — і зноў на дно. Не хапае сілы, настойлівасці, паслядоўнасці. У жыцці так: або навучышся плыць, або пойдзеш на дно.

— Я плывец дай бог! — усміхнуўся Іван.

— Па свіцязскіх хвалях. А па жыццёвых? Яны і кручэйшыя, і вышэйшыя, і небяспечныя, як міна.

— Ай! — махнуў рукою Іван.— Давай мы завяжам гэтую спрэчку. Пагаворым пра што-небудзь людскае. Дэбаты гэтыя абрыдлі на рабоце. Чэснае слова!

— Ад сябе не ўцячэш,— сказаў Ляшчэвіч.— У чалавека надта шмат заган, каб не думаць, як ад іх пазбавіцца.

— Толькі не звязвай іх з вёскаю, яны набытыя тут, у горадзе. Трохі расчараваў ты мяне, канечне... Я думаў, ты патрыёт.

— Лягчэй за ўсё, прыкрываючыся патрыятызмам, заплюшчваць вочы на рэальнасць. Патрыятызм — гэта нераўнадушша, а мы раўнадушныя, у нас нізкі тонус.

— У медыцыну ўдарыўся?

— Я пра нізкі тонус нашага з табою жыцця.

У лепшым выпадку мы не робім шкоды, а карысці ад нас аніякай.

— Слухай, давай яшчэ па піву... і рыбка ёсць. Нешта сёння я не зусім цябе разумею.— Іван устаў, прысунуў да стала крэсла і пайшоў да стойкі, за якою стаяў бармен. Ён быў вусаты, пры гальштуку-бабачцы, рухі ў яго былі адточаныя, дасканалыя.

Іван вярнуўся з двума куфлямі піва. Ляшчэвіч згарнуў у кучачку рыбіны косці, луску.

— Мы як бывалыя заўсёднікі выглядаем...

— А дзе пагаворыш? Дзе ў горадзе пагаворыш? У парку на лавачцы? Міліцыянеры падазрона паглядваюць... У тралейбусе, аўтобусе? Трэба крычаць, надрывацца. Толькі ў кафэ ды рэстаране і пагаворыш. Дома перашкаджаюць дзеці.

Іван гаварыў праўду. Ляшчэвіч нядаўна сам сутыкнуўся з гэтай праблемаю, калі сустракаўся з Нінаю. Яму цяпер не хацелася пра тую сустрэчу ўспамінаць, лепш бы яе не было. Ён так і не зразумеў, правільна ён зрабіў ці не, што пайшоў на спатканне з Нінай; але ў душы насіў цяпер не радасць, а — дакор. Тады-сяды ён накочваўся на сэрца, азмрочваў жыццё. Цяпер, за куфлем піва і ў размове з Іванам, Ляшчэвіч адчуў сябе чалавекам, разняволіўся, ён не сядзеў панурана, маўкліва, хацелася гаварыць. У нейкае ж імгненне яму наогул здавалася, што ён пакарыў жыццё, наверсе яго, валадар, усё яму належыць, падпарадкавана, а недзе нехта ўнізе і пакутуе, і адчайваецца. Дзіўны чалавек! Ён чамусьці хоча толькі радасці, жыць без тугі, тады як душа, псіхіка — гэта набор і станоўчых, і адмоўных пачуццяў.

— Вось тут, канечне, я згодзен з табою, вёска — ідылія: агарод, ваколіца, лес, рэчка, проста дарога з ценямі бяроз... Хадзі, размаўляй, летуцень...— І тут, у горадзе, калі яму трэба было нешта абдумаць, вырашыць, знайсці адказ, Ляшчэвіч пасля работы не спяшаўся дамоў, ішоў пехатою, выбіраючы цішэйшую вуліцу, скверыкі. Ад таго, што ніхто цябе не зачэпіць, не спыніць, што спакойна глядзіш на дамы, на дрэвы, на галубоў на тратуары, што чытаеш шыльды, заглядваеш у кіёскі, робіцца лёгка ў грудзях і ўсцешна думаецца.