Снег пагусцеў, валіў ужо хлапякамі, шэрымі ў вячэрнім сутонні, і Ляшчэвіч згрэбваў з плячэй маці яго далонню.
— Во які сын! — пахваліла цётка ў кажусе.— А мая дачка мяне нават не сустрэла... А сала ёй цягні во тры хатулі.
Маці дабрадушна засмяялася, спачуваючы ў душы цётцы і радуючыся, што яе сын сустрэў.
Нарэшце яны — першыя. Пад’ехала жоўтае таксі, Ляшчэвіч адчыніў заднія дзверцы, і маці ледзь загнялася ў яго, сам сеў на пярэдняе сядзенне.
— Войкі, галёша скінулася! — гучна сказала маці.— На-ка, Сярожа, адзень...— Яна высунула між пярэдніх сядзенняў нагу.
Заваліла снегам дарогу, і да самага дома таксіст не павёз. Маці ішла ўслед за Ляшчэвічам маленькімі крокамі — баялася пакаўзнуцца. Якая яна тут, у горадзе, зблажэлая і разгубленая, думаў, спачуваючы маці, ён.
Жонка з сынам чакалі іх, сустрэлі каля парога.
— Дзед Мароз ці Баба Яга, хто... да вас прыехаў? — Маці нахілілася да Славіка. Дала яму шакаладку і цацку — пад’ёмны кран.
— Што трэба сказаць? — падказала жонка сыну.
— Дзякуй! — кіўнуў той, павярнуўшыся ад бабулі і разглядаючы пад’ёмны кран.
— Ну, распранайцеся ў нас.— Жонка дапамагла свекрыві зняць футра. Правяла яе ў залу. Маці села на край крэсла з мяккімі падлакотнікамі; сядзела, апёршыся рукамі на калені, акурат баялася прыхінуцца плячыма да спінкі, каб крэсла не перакулілася.
Назаўтра з раніцы, адправіўшы сына ў сад, Ляшчэвіч паехаў на працу, каб папярэдзіць Марускова, што яму трэба пакласці хворую маці ў бальніцу. Марускоў часам быў прыткі на жэсты, асабліва калі ў кабінеце яшчэ з супрацоўнікаў нехта быў. І цяпер ні словам не запярэчыў Ляшчэвічу, і ён з лёгкім настроем паехаў дамоў.
У маці на твары ляжала пячатка не то трывогі, не то разгубленасці, і ён зразумеў, што нешта здарылася.
— Войкі і напужалася я, аж сэрца адвалілася!..— сказала яна адразу.— Расказаць табе? Пайшла ў тувалет... Ну, трэба ж ваду зліць. А як? У Ленкі тузануў за пачопку... і ўсё. А тут няма такога нічога. Бачу пупсік гэты чорны... Я і за яго пакруціла — нічога, а тады неяк цісканула на яго — вада і хлынула... Адале пачала налівацца ў бачок... накрыўка адбіта — я і бачу. Так шуміць вада, так шуміць... Думаю, сапсавала нешта, налье збрэсь і затопіць усю хату... Я і слоік збегала на кухню ўзяла. Як ужо, думаю, стане праз верх пералівацца, буду адчэрпваць. А тады як напужалася, што не спраўлюся, кінулася суседзяў зваць. У адны дзверы званю, у другія — ніхто не адчыняе... Праўда, у самай далёкай кватэры адчыніла жанчына. Я ёю балабоню, а яна спакойна гэтак: «Нічога, цётка... Пашуміць дый перастане».
— Ну, сапраўды як дзіця...
— Ага, дык жа страшна...— Маці адчувала сябе няёмка, саромеючыся, што падвяла сына, паказала, якая яна цёмная і забітая. Ляшчэвіч паводзіўся так, быццам нічога не здарылася, не кпіў з маці, што пабегла па кватэрах, аганьбавала яго. Маўляў, дробязь, і няма чаго надаваць увагі, перажываць.
З учарашняга дворнікі яшчэ не паспелі расчысціць ад снегу тратуары, і Ляшчэвіч з маці ледзьве дзяўбліся па вузенькай утаптанай сцежцы. Маці ў шырокіх валёнках цяжка было ступаць след у след, і яна раз-пораз брала Ляшчэвіча за локаць. Ён знарок ішоў паціху, бачыў, маці зусім слабая, запыхалася і на рэдкіх валасках у яе каля рота павіслі маленькія кропелькі.
— З перасадкаю ехаць? — спытала яна — хвалявалася, ужо думала, дзе тая бальніца.
— Ага.
— Ці далёка? А то я, такая цюпа, пакуль дабяруся...
— Далекавата.
— Ці быў ты там? — Яна, мабыць, трывожылася, як знайсці бальніцу, ці доўга шукаць.
На прыпынку яна кінулася да дзвярэй тралейбуса, адграбаючы людзей, быццам баялася астацца ці не ўлезці. Не ў свой асяродак трапіла бедная, лагодна пасміхаючыся, падумаў Ляшчэвіч, зусім не саромеючыся. Ну і што, калі яна вясковая і калі ён нарадзіўся ў вёсцы? Галоўнае ж, не адкуль, а які. А ён быў усё-ткі не апошні вінцік у складаным механізме горада: меў вышэйшую адукацыю, работу, кватэру, сям’ю, сяброў, увогуле прыстойна жыў, бо ніхто яшчэ пэўна не сказаў, што такое прыстойнасць. Кар’еры пакуль што, праўда, не зрабіў, але шанцы ў яго на яе, калі верыць Тані Саўковай (пасміхнуўся), былі. Ды бог з ёй, з пасадаю, многія яе не дабіваюцца, і адно праз тое, што нехта займае не сваё месца. Замацавацца б на гэтай, адчуць трываласць, унутраную ўпэўненасць, а тады і стымул, і бадзёрасць, і парыванне самі сабою прылятуць.
У бальніцы на прахадной іх запыніла вахцёрка — шызашчокая жанчына ў белым халаце.
— Вы куды?
— Я да Генадзя Пятровіча Бірукова,— упэўнена адказаў Ляшчэвіч.