Выбрать главу

— Да каго?

— Да прафесара, на кафедру.

Вахцёрка, па ўсім, так і не разабралася, куды яны ідуць, і нават прозвішча было ёй, мабыць, незнаёмае, але паколькі чалавек назваў яго — знаць, невыпадковы, яму можна давяраць, і яна дазволіла:

— Ідзіце.

Ляшчэвіч падняўся на трэці паверх, выглядзеў на дзвярах кабінет Бірукова. Пастукаў. Не пачуўшы адказу, зайшоў. Прафесар быў не адзін, за вялікім круглым сталом сядзеў кучаравы цемнаскуры малады чалавек, мабыць, чужаземец.

— Заходзь, мой друг! — сказаў бадзёра прафесар, калі Ляшчэвіч назваў сваё прозвішча, і, устаўшы, падаў яму тонкую, лёгкую руку. Яго порсткія вочы пранізвалі Ляшчэвіча наскрозь.— Дзе ваша мама?

— На калідоры.

— Вядзіце вашу маму.— Вярнуўся да стала, зноў загаварыў з чарнамазым.

Кабінет у прафесара быў шыкоўны. Паліцы з кнігамі, кутавая сафа, абітая кафейнага колеру варсанітам, тэлевізар, магнітафон, на падлозе дыван. І крэслы, крэслы... Вакол круглага стала, каля сцен.

— Знаёмы яўрэй. Прыехаў з Ізраіля, расказваў, як там соладка,— чамусьці адчытаўся Ляшчэвічу прафесар, калі чарнамазы выйшаў.— Ну, паказвайце вашы ногі,— ветліва звярнуўся ён да маці.

Ляшчэвіч адышоў да паліцы і пачаў чытаць за шклом назвы на спінках кніг.

— Нічога страшнага! — пачуў ён голас прафесара.— Зараз вас паглядзіць спецыяліст.— Ён націснуў кнопку званка. Праз хвіліну зайшла маладая высокая, як і прафесар, статная жанчына з белым тварам і яркімі вуснамі. Паклікала маці за сабою.

— Ну, як жыццё, мой друг? — спытаў Бірукоў у Ляшчэвіча, калі той павярнуўся ад паліцы з кнігамі. Пачуццё гаспадара, упэўненасць проста фантанілі з прафесара. Можа, ён не так сябе добра адчуваў тут, колькі ўмеў і хацеў паказаць, асабліва перад маладзёнам, які таго-сяго варты (чуў ад сына) і нечага дабіваецца. Ніхто не пачне адразу скардзіцца, нават у вялікай бядзе, і Ляшчэвіч адказаў:

— Памалу-паціху. Вось за маці трывожуся...

— Зараз скажуць.

Пакуль яны вялі дробязную гаворку малазнаёмых людзей, жанчына прывяла маці. З усмешкаю, даверліва гледзячы Ляшчэвічу ў вочы, сказала:

— Варыкознае расшырэнне вен. Вынік тромбафлебіту...

— Што гэта значыць?

— Ледзь не палова жанчын пакутуе ад гэтай хваробы. Нічога страшнага! — паўтарыла яна словы Бірукова.

— Дык можна і не апасацца? — дабіваўся яснасці Ляшчэвіч, каб рассеяць трывогу, перажыванні.

— Наогул-такі трэба лячыць,— сказала маладзіца і глянула на прафесара.

— Як?

— Можна абмулаторна, можна і ў стацыянары.

«Што амбулаторна...— падумаў Ляшчэвіч.— Ці варта ў такую далеч было ехаць?» Ён вырашыў не адступаць, давесці справу да канца.

— Я хацеў бы, каб у стацыянары,— сказаў ён і таксама глянуў на прафесара.

— Гэта не па нашай часці,— сказала маладзіца чамусьці з радасцю.

— Вы свабодны,— сказаў Бірукоў да яе, і яна выйшла.

— Можа б, як...— Ляшчэвіч адчуў, што ў голасе прыкра загучалі ноткі мальбы. Няёмка будзе перад маці, калі яе так і адправяць. Ды што няёмка! Крыўдна, горка будзе! Але ж і ўніжацца, заводзіць сувязі таксама брыдка. Асуджаў, не прымаў гэта ў іншых. Але тут... Асаблівы выпадак — маці. Няўжо і здароўе маці не дае яму права забыць хоць на нейкі час на прыстойнасць, чысціню? Яна ж без мінскай прапіскі, без накіравання, яе нідзе не возьмуць у бальніцу. А калі яна памрэ? Што тады яму рабіць? Уся віна ляжа на яго: не давёў, не настоіў, не дабіўся. Уяўляць гэта было жахліва.

— Добра! — сказаў рашуча прафесар і зноў націснуў кнопку. Пакуль чакаў адказу, звярнуўся да маці — строгім, сухім, як папера, голасам: — Майце на ўвазе, што я раблю вам месца з-за павагі да яго.— І красамоўна кіўнуў на яго, Ляшчэвіча.

— Ну, гэта ясна...— неяк паспешліва, вінавата адказала маці.

— Ал-лё! — працяжна праспяваў у трубку Бірукоў.— Фёдар Дзянісавіч? Гэта вас турбуе прафесар Бірукоў. Фёдар Дзянісавіч, такая справа да вас. Тут у мяне ў кабінеце сядзіць жанчына, у яе варыкознае расшырэнне вен. Ці не маглі б вы аказаць мне ўзаемную паслугу, паклаўшы яе ў сваім аддзяленні?..— Ён слухаў і ківаў маленькай сівой галавою.— Дзякуй вам, Фёдар Дзянісавіч! Вялікае дзякуй!

Бірукоў, згаварыўшыся з нейкім Фёдарам Дзянісавічам, бачыў Ляшчэвіч, быў бязмежна шчаслівы. Ён шыкануў — што ўсё можа, што мае сувязі, уплыў, аўтарытэт. Нягледзячы на свае званні, ён, мабыць, таксама не быў задаволены сабою і жыццём. І ці ёсць наогул мяжа ў чалавечых дамаганнях?

— Адвядзі маці ў дваццаты кабінет на другі паверх, а сам вярніся сюды,— сказаў Бірукоў. Голас яго, здаецца, стаў яшчэ больш напеўным, важным.

— Як бы ні асуджалі блат, знаёмствы, узаемадапамогу, яны застануцца між людзей,— сказаў упэўнена Бірукоў, калі Ляшчэвіч вярнуўся ў кабінет. Ляшчэвіч, хоць і рады, што ўладкаваў маці, адчуваў сябе прыніжаным і разгубленым. Ён бачыў, што пайшоў насуперак сабе, сваім перакананням, і нічога не мог зрабіць. Сіла, якая брала яго ў залежнасць, аказвалася мацнейшая, яна перамагала. Ён расчышчаў сабе дарогу ад пакут, перажыванняў, дакору адных і выходзіў на дарогу другіх, яшчэ больш глыбокіх і балючых.