Выбрать главу

— Канечне, людзі павінны рабіць дабро...— сказаў усхвалявана Ляшчэвіч.— І дабро — толькі тады дабро, калі ад нас адрасавана іншаму.

— Вось іменна! Я зрабіў табе дабро, так? І калі ты мне не зробіш, я больш табе таксама не зраблю.

Бірукоў намякаў, што Ляшчэвіч павінен ацаніць яго старанні, адплаціць тым жа, іначай... Ніякай дружбы вадзіць не будзе, на самым пачатку паставіць крыж. Чым мог адплаціць Ляшчэвіч прафесару? Нічым. Гэта ім абодвум было зразумела. Але ў прафесара ёсць сын — Косця, які працаваў разам з Ляшчэвічам. Косцю праекты даваліся туга, пры ўсёй сваёй бяскрыўднасці ён мог выклікаць незадавальненне ў Марускова, звесці на нішто сваю рэпутацыю як інжынера сярод калег, стаць мішэнню для насмешак і кпінаў.

Зайшла ў кабінет белатварая высокая маладзіца, прынесла на лёгкім алюмініевым падносіку два кубачкі кавы. Паставіла на стол перад Біруковым. Ён манерна кіўнуў ёй галавою.

— Сядай, друг мой! — запрасіў Ляшчэвіча.

Ляшчэвіч трымаў двума пальцамі кубачак і засяроджана, маленькімі глыткамі піў каву. Жыццё падняло яго на той паверх грамадства, дзе людзі адчувалі сябе калі не боскімі выбраннікамі, то, прынамсі, і непакрыўджанымі; а бачачы, што суседзі паверхам вышэй даюць волю чалавечым слабасцям з нястрымнай фантазіяй, маглі і сабе дазволіць пэўныя спакусы, адкінуць умоўнасці, пераступіць мяжу маральных забарон. Божа, да чаго так можна дайсці, куды падняцца ці куды скаціцца? Дзе сцяна, якую б не пераскочыў, дзе тормаз?

— Не перажывай, друг мой! — сказаў Бірукоў, мабыць, убачыўшы, што ў Ляшчэвіча дрыжыць у пальцах кубачак, вочы глядзяць засяроджана і нацята.— Жыццё доўгае, ад памылак не ўберажэшся... і не трэба! Не будзеш памыляцца — не будзеш шкадаваць чалавека.

«У гэтай думцы нешта ёсць...» — Ляшчэвіч адчуў, як наклюнулася ў грудзях радасць.

— Памылка — гэта заўсёды адчай, дакор, боль... Павер мне, як чалавеку, які мае адносіны да нерваў, псіхікі. Ведаючы, што боль — гэта кепска, нармальны, чалавек, які перанёс боль, не будзе яго прычыняць іншым. Чалавек, які, сам перажыўшы, прымушае перажываць іншых, гэта чалавек хворы. Яго трэба лячыць. Не бойся ў жыцці памыляцца, бойся заставацца аднолькавым. Сёння, заўтра, паслязаўтра... Камень — і той мяняецца, расце. Камень і чалавек — гэта мікра- і макрасвет, такая між імі розніца.

Ляшчэвіч не заўважыў, як апусцеў кубачак, быў рады, што слухае чалавека вядомага, прафесара. Гэта яму, які вырас сярод даярак, пастухоў, простага люду, лесціла, цешыла самалюбства. Ён паважаў іх аднолькава, сваіх вясковых і эліту, можа, нават сваіх больш, таму што каля іх было цяплей, але сумна, а з гэтымі — халаднавата, цвярозліва і — цікава. Ён не мог праясніць, адкуль яны, гэтыя адчуванні, браліся, але яны былі, ён не мог ад іх атрэсціся. Няхай ён дурань, ідыёт, абывацель, але ён вымушаны прызнаць: яны — ёсць. А раз ёсць — значыць, пра іх трэба гаварыць. І ён сказаў Бірукову пра гэты свой самааналіз, ад якога не мог адвязацца.

— Кожны больш-менш інтэлектуальны чалавек аналізуе свае ўчынкі, свой стан,— сказаў прафесар.— Можа, толькі дэбіл не здольны на гэта. У цябе фактар спрыяння ёсць — ты памяняў асяроддзе, трэба ламаць псіхалогію. Гэта часам выклікае мітусню, адчай, разгубленасць...

Ляшчэвіч успомніў маці: на ёй гэта вунь як відаць. Яму стала лягчэй, як бы развеяліся сумненні. Толькі ці надоўга? Было ўжо так: нешта трывожыла, потым праяснялася, ахутваў халадок палёгкі, а праз нейкі час зноў тое ж, часам з большаю сілаю, завалодвала розумам і сэрцам. І такое адчуванне, што ты як быццам разбэрсаны, рассыпаны на частачкі, бы тыя кубікі. Ты і не ты.

Яму трэба сабраць сябе ў адно, ачарціць душу нейкім кругам, каб пэўна выявілася, што за яна, што прымае і што не прымае, што трэба ў яе ўпускаць, а што зусім не павінна да яе прарывацца. Ёсць жа — і колькі такіх! — рэчы, якім душа ніколі не павінна даваць прытулак. Бо душа — не склад, куды можна скідваць усю непатрэбшчыну, смецце, мярзоту і цвіль.

Апанаваны думкамі, узбуджаны, ён развітаўся з Біруковым, паабяцаў аддзячыць за ласку і клопат. І толькі ўжо на вуліцы, астуджаны сырым, ледзяністым ветрам, абласканы марозікам, падумаў: а ці мае доктар права чакаць адплаты за тое, што лечыць людзей? І ці доктар ён тады наогул? І тут жа падакараў сябе: «Чаго чапляюся да Бірукова? Ён, можа, рады, што дапамог, і нават не думае ні пра якую адплату, і меў зусім іншае на ўвазе, калі гаварыў пра ўзаемнае дабро. Можа, гэта проста была споведзь, давер стомленага жыццём чалавека...»