Ён зіркнуў на жонку, якая сядзела з сынам наперадзе. Яна лушчыла семкі, шалупінне апускала ў раскрытую сумачку на каленях. Яна — яго плячо, але плячо, на якое не абапрэшся, а якому патрэбна падпорка. Сын глядзеў у акно — з цікавасцю. Дзеці — бестурботныя... І як хочацца ім хутчэй стаць дарослымі. Незразумелае гэта імкненне, бо гэта імкненне з ружовага, блакітнага святла ў цемень; тыя спакусы, якія адкрыты дарослым, не вартыя і аднаго дня бясхмарнай дзіцячай летуценнасці.
Жыццё дарослага — вартае спачування. Любому чалавеку, нават, на першы погляд, шчасліваму, спачувай — і не памылішся. А што гаварыць пра нешчаслівага... Гэтая думка прыйшла Ляшчэвічу пасля аднаго выпадку. Тады ён з сынам таксама ехаў — на аўтобусе да бацькоў у вёску ў адпачынак. Дарога была доўгая, стамляла. Цвілі вішні, грушы, вабіла вока маладая зелень, яркія жоўценькія талерачкі дзьмухаўцоў у радасна-густой траве, і Ляшчэвіч ахвотна, нават з вымушанай настойлівасцю выходзіў з аўтобуса на кожным прыпынку.
Вось аўтобус спыніўся на чарговай аўтастанцыі ў крайнім трохкутніку — на выкладзенай цэглаю пляцовачцы.
— Рагачоў. Стаянка аўтобуса пятнаццаць мінут,— аб’явіў вадзіцель у мікрафон: Ляшчэвіч ужо прывык да мяккага, дабрадушнага голасу.
Трымаючы сына за руку і прапускаючы яго паперад сябе, Ляшчэвіч саступіў з крутых падножак аўтобуса і адразу скрозь звычныя вуху станцыйныя гукі пачуў песню. Недзе глыбока ў падсвядомасці як бы мімаходзь мільгнула думка: адпраўляюць прызыўніка ў армію. Мелодыя была бравурная, маршавая, выводзілася высокім голасам.
Тое, што ён убачыў у наступнае імгненне, прымусіла яго здзівіцца і застыць ад нечаканасці: на бетонных прыступках перад уваходам у аўтастанцыю сядзеў сівагаловы чалавек у шэрым пінжаку і спяваў. У гняздзечку між пакладзеных адна на адну ног ляжала чорная шапка з абтрэпаным брыльком, якую чалавек прытрымліваў правай рукою, калі можна назваць рукою бяспалую куцку з адным-адзіным адросткам — жоўты, тонкі, бы цвік, ён нагадаў Ляшчэвічу курыны палец з кіпцюром; гэтым адросткам-кіпцюром чалавек утыкаўся ў шапку — не таму, каб трымаць яе, а проста каб адчуваць, што яна ляжыць у яго на каленях... Чалавек быў сляпы: пустыя, адсутныя белавата-сінія вочы яго стаялі пад ілбом нерухома, як у масцы, вейкі няўцямна міргалі, а з вывернутых балючых ніжніх павек каціліся на шчокі міжвольныя слёзы.
Голас у чалавека быў моцны, чысты. Адчувалася, чалавек спяваў не проста абы спяваць, а старанна, з нейкім апраметным натхненнем, бадзёра, як у страі. Ляшчэвіч нават падумаў: мабыць, колісь у арміі чалавек быў запявалам.
Песня, нягледзячы на свой бравурна-бадзёры матыў, была жаласная, чуллівая, прынамсі, сэрца ў Ляшчэвіча сціснулася, застукала ў грудзях. І не самі словы, да якіх ён стаў прыслухоўвацца, усхвалявалі яго, а сэнс песні: танкіст, які «первый в атаку шел», «грудью землю защищал», скалечаны, зранены, абпалены, вяртаецца дахаты і перажывае, як сустрэне яго «жена молодая».
Ляшчэвіча колісь уразіла апавяданне А. Талстога «Рускі характар», дзе апісвалася падобная сітуацыя. Да чаго ж моцны духам рускі чалавек, помніцца, захапляўся ён тады.
Нямоглыя людзі, калекі, інваліды заўсёды выклікалі ў Ляшчэвіча востры жаль і шчырае спачуванне. Яшчэ студэнтам ён кватараваў у інваліда вайны, бязрукага чалавека, і наглядзеўся на такое гора, што зараду чуласці, так іншы раз думалася, набраўся на ўсё астатняе жыццё.
Ляшчэвіч міжволі пацягнуўся рукою да кішэні. Сын таксама ўбачыў дзядзьку, такога дзіўнага і незвычайнага, і колькі хвілін глядзеў на яго сур’ёзнымі, як бы трывожнымі вачыма, а потым пачаў штурхаць у ногі Ляшчэвіча да латка з марожаным. Ляшчэвіч ішоў неахвотна, азіраючыся. І ў чарзе яму не стаялася, карцела павярнуцца да інваліда. А сын адбегся і цікаваў ужо за галубамі, якіх тут было шмат. Шызыя, пярэстыя, чорныя, яны не баяліся людзей, хадзілі паважна, грацыёзна ставячы на асфальт барвовыя лапкі.