Я спускаўся па лесвіцы, адчыняў свой кабінет, уключаў кампутар, а ў вачах стаялі высока вызваленыя ад тканіны спадніцы сцёгны Зіначкі і яе знарочыстая марудлівасць, калі яна даставала бальзам для пачастунку. Не задумваўся над тым, ці маю я права лезці да замужняй жанчыны. Сакратарка не рабіла сакрэтаў, што мужа няма дома па месяцу і больш, і што хутчэй за ўсё, у яго там, у Расіі, ёсць жанчына, што сям’я фактычна не існуе: тыдзень, як муж дома, праходзіць у сварках.
Зіначка далёка не адзінокая ў сваёй бядзе. Заробкі ў Расіі – з’ява звычайная для нашага райцэнтра, бо месцаў, дзе можна нармальна зарабляць, не хапае і на чвэрць жадаючых. Мужыкі з’язджаюць на месяцы два-тры, жывуць там адзіным сваім клопатам: папрацаваў-паеў-паспаў. Вяртаюцца сюды, у сем’і, з грашыма, адчуваюць сябе героямі, здабытчыкамі. Іх тут так і прывячаюць жонкі і дзеці, але ж жыццё – не суцэльнае свята. І праз тыдзень даводзіцца мужыку ўпрагацца ў хатнія праблемы, якіх, аказваецца, процьма: тут кран пацёк, тут адвалілася плітка, тут трэба тое, тут – сёе і далей, далей… А ён жа адвык ад падобнага. Яго раздражняе звычайная будзённасць клопатаў, праблемы дачкі ў школе, сына – у садку. Два тыдні вытрымае – і ляціць зноў у тую Расію. А там робіць, да прыкладу, рамонт у якім доме-кватэры, дзе гаспадыня адзінокая, масквічка. Ветлівая ды выхаваная, а галоўнае – па мужчынскай ласцы так засумавала, што ні робы той пакамечанай, зашмальцаванай не бачыць, ні паху рабочага не адчувае. І пры грашах яна. І ўсё ў яе ёсць, усё ў жыцці склалася, вось каб мужчыну яшчэ… Хоць на месяц які. І лёгка згаджаюцца мужыкі на такія прапановы. Бо тут ад іх якраз нічога не патрабуюць, акрамя аднаго занятку, самага мужчынскага – улагодзіць гаспадыню, даць ёй ноч любошчаў ці хоць колькі хвілін, але каб пасля – на тваім плячы ёй заснуць, а раніцай табе каву згатаваць з такім нязвычным для цябе амлетам. Няма чаго дзівіцца, калі і распадаюцца сем’і, у каторых мужыкі больш дурныя. Які разумны дык гадамі жыве сабе, лічы, з дзвюма жонкамі. І тых нямала, якія дзяцей нарабляюць і сваёй, законнай, і масквічцы. Пасля выбіраюць, дзе спыніцца. Масква перамагае часцей…
Зінчын мужык не з самых разумных: колькі разоў ужо намякаў ёй, каб была больш лагоднай і падатлівай, а то яму ёсць куды ісці. Неяк, злёгку падпіўшы, Зіначка, не тоячыся, расказвала пра апошнія сямейныя сцэны і храбрылася: «А няхай шагае страявым да тае масквічкі! Я дзяцей выгадую і без мужыка не застануся!» Наўрад ці хто сумняваўся ў праўдзівасці яе намераў у той момант. І падыме, і знойдзе. Толькі па гадах Зіначка за мяне старэйшая, а побач паставіць, дык ніяк не скажаш. Маленькая, мякенькая ўся, бы тая котка…
А што мне губляць? Згублена. Дый… Надзея была трэцяй жанчынай у маім жыцці. І яна была іншай… У поўным сэнсе слова, нават, калі ўжо шчыра казаць, фізіялагічна іншай. Зусім не такой, як мае першая і другая. І тыя былі рознымі. І вось адкрыццё, што жанчыны розняцца не толькі характарам, паводзінамі, але і целам, мяне хвалявала. А самым хвалюючым, самым чаканым – я цяпер дакладна ведаў – у маіх адносінах з жанчынамі былі вось гэтыя першыя хвіліны, рубікон, праз які пераходзіш – і настае тое незваротнае. Зыркі, напружаны да спынення стуку сэрца момант, момант ісціны: яна твая ці не? І з кожнай было па-рознаму! Такія моманты перажываць – сапраўдная асалода. Вось і Зіначка… з ёй павінна быць цікава. Як у нас будзе? Адразу з парога яна ўпадзе ў абдымкі, прыціснецца, працягне рукі за спіну і шчоўкне замком? Ці будзе доўгая знарочыстая гульня, аж да нейкага моманту выпадковага, а пасля – імгненны выбух страсці? А можа, як з Надзеяй, пасямейнаму цёпла, па-сяброўску шчыра і аддана? Як ні будзе, але будзе новае. А якая яна ў ложку?
Усё, хопіць. Ведаю я сябе: заўжды пасля таго, як перап’ю і не працверазею добра, вось такі сэксуальна заклапочаны настрой. Трэба супакоіцца, выкінуць з галавы Зіначчыны сцёгны і цыцкі. Не ўцякуць яны, ужо не ўцякуць… Хутчэй бы вечар!
Адчыніў фортку, закурыў. Радыё прапікала – восем гадзін. І адразу пасля кароткага стуку прачыніліся дзверы.
– Дазвольце? Тумар, участковы.
– Канечне, заходзьце! Сядайце. Кавы, можа?
У глыбіні душы я зарадваўся таму, што мае думкі пра жаночыя вабноты нарэшце прагоніць будзённая справа.
– Ды я больш гарбату простую, – нечакана сумеўся ўчастковы міліцыянер, быццам быў вінаваты ў тым, што не любіць каву. Ён прайшоў у кабінет, прысеў на стул.
Я усміхнуўся: зноў ён трымаў сваю фуражку ў руках. Уключыў чайнік, раптам адчуўшы, што мне самому хочацца менавіта чаю – моцнага, без цукру. Каб сэрца затахкала. Бо ў роце пасля кавы з бальзамам пакрысе рабілася саладкавата-ліпка.