Я і так ішоў няспешна, а тут прыпыніўся, пацягнуўся ў кішэню па цыгарэты, хоць хвіліну таму выкінуў недакурак. Мяне апякло, твар запалаў, я не зразумеў пакуль, што адбылося, што я такое пабачыў. Быццам знянацку вось цяпер на вуліцы мне далі аплявуху. Пстрыкаў запальнічкай, напаўадвярнуўся, але бачыў, як Надзея знікла за дзвярыма і амаль адразу ж выйшла. З кубкам кавы. Мужчына спыніў сваю працу, узяў кубак, і яны прыселі разам на ганку, блізка-блізка адзін ля аднаго, кранаючыся плячыма. Больш за тое – Надзея прыпала да мужчыны даверліва, нават галаву схіліла, амаль паклала яе на мужчынскае плячо.
Я не мог прайсці міма, адвярнуўшы галаву: да іх было ўсяго нейкіх дзесяць крокаў. І я проста кіўнуў, як ківаюць знаёмым, не сябрам, а ўсяго толькі знаёмым, без усмешкі на твары, паказваючы гэтым маўклівым кіўком, што не маю ніякага жадання прыпыніцца і загаварыць, парушыць спакой чалавека. Простая выхаванасць, элементарная суседская ветлівасць. Яны кіўнулі мне ў адказ таксама моўчкі. Мужчына быў старэйшы за мяне. Гэта было заўважна.
Ну і добра, ну і добра… Стаяў пад струменямі душа, намыльваўся і змываў пахкую пену, зноў намыльваўся. Якая ж яна хуткая… Няўжо можна вось так: учора клала галаву на плячо мне, а сёння – іншаму? Як яны могуць так элементарна забывацца на ўсё? Ну і няхай…
Па пояс голы, у адных трусах, адкаркаваў бутэльку, наліў каньяку і выпіў, плюхнуўся ў крэсла. Ну і няхай! Яшчэ пабачым, ці так з табой было добра, як будзе сёння з Зіначкай… І было прыкра. Да болю прыкра. Найбольш пякло за сябе, ранішняга, які ўяўляў сябе ў ложку, мнучывялікіяЗіначкіныгрудзііцалуючыіхсмочкі. Маладушна спісваў той настрой на сваё пахмелле, на злосць. Дык жа і Надзея магла раззлавацца. Але каб вось так мне дэманстраваць… дэманстраваць мне сваю абыякавасць, нават сваю пагарду да мяне… Навошта яна так? Навошта яна зараз штурхае мяне да Зіначкі? Чаму яна не пачакала гэты дзень, усяго нейкіх дзесяць гадзін? Навошта яна так… адразу?
Выпіў яшчэ. Апрануўся ва ўсё свежае. Крадком выглянуў у акно – Надзея і мужчына сядзелі, як быццам прайшло не паўгадзіны, а хвіліна. Толькі пусты кубак стаяў на прыступцы ля мужчынскіх ног.
Я выйшаў, прымкнуў дзверы, не азіраючыся, не гледзячы ў іх бок, пайшоў, але патыліцай адчуваў: глядзяць яны, глядзяць! І перагаворваюцца. Вось жа не падалося, я чую нягучны мяккі смех Надзеі…
У кожнага ёсць выбар. Надзея выбрала. Я – таксама. Ніякіх прэтэнзій ні да кога. Як там паэт казаў: «Кожны выбірае па сабе…»
Лухта! Нічога я не выбіраў. Я качуся, бы той шарык у некалішняй дзіцячай настольнай гульні: тут варотцы, тут слупок, тут канаўка. Адтуль адштурхнулі, там уціснуўся, адгэтуль – па дарожцы гатовай… Пра які я свой выбар? Вось Надзея выбрала. Мо думала пакутліва тыя гадзіны і вырашыла: хоць за зайца, абы яйцы. А я ці выбіраў? Надзея пайшла – ну і хай ідзе. Ці паспрабаваў спыніць-вярнуць? Зіначка задам павяла – пацёгся следам. Я ж і цяпер во іду не таму, што выбраў, а таму, што так склалася мая дарога. І колькі ўжо я так іду? Колькі гадоў не сам вырашаю, а бязвольна качуся? Дзе і калі я выбіраў? З той першай? Дык жа не сам выплюнуў цягучую гумку адносінаў, а яна перастала жаваць і дала мне зразумець: хопіць. А Надзея? Дамагаўся я яе? Калі б не яе ініцыятыва, не яе жаданне, як бы было? Карыстаюся. Я карыстаюся тым, што мне падае ў рукі. Я – сляпы крот, якому яшчэ і ноздры забіла. Але шчаслівы, бо патрапіў у чужую, даўно закінутую нару. Поўзаю па ёй, падбіраю, што трапляецца. Ці маё гэта жыццё? Ці спрабаваў хоць раз я прарыць СВОЙ ход?
Ці шукаў месца работы перад заканчэннем вучобы? Ат, хай будзе, як будзе, махнуў тады рукой. А яшчэ раней, на першым курсе, калі на дыскатэцы пазнаёміўся з дзяўчынай, і так хораша было з ёй, і ўжо збіраўся ехаць з ёй на другі канец горада, правесці, ды спужаўся тых двух хлапцоў, якія падышлі ў прыбіральні. Папярэдзілі, маўляў, занятая прыгажуня, не лезь… І сёння агідна за той страх, за трымценне пад каленямі і ліслівазухаватае: «Занятая, дык занятая. Хапае дабра такога!» І пайшоў, подленька радуючыся, што ўнікнуў бойкі, ненавідзячы сябе за маладушнасць, няздольнасць адстаяць сваё… Тады хутка, толькі адышоўся, знайшоў апраўданне: ды ну яе да д’ябла – ездзіць праз увесь горад да яе, дзе той час браць? Але грызла, не адпускала, і стаяў перад вачыма яе мілы вобраз. І вочы тых двух нахабнікаў… Ды якіх нахабнікаў! Адзін з іх дамагаўся свайго, гроб зямлю сваёй нары як умеў і як мог, а я спужаўся. Так лёгка і спакойна жылося, усё неабходнае само падала ў рукі, і знаходзіў добрае і смачнае ў гэтых паданцах… Дык чаго было лезці на стромкае дрэва, абдзіраць да крыві скуру на руках і твары ды яшчэ рызыкаваць без вачэй застацца?.