Выбрать главу

Зіначка выпіла многа, але не захмялела. Не мянташыла языком, хіба толькі паружавела ды прымружыла вочы. Мы размаўлялі пра рознае, цікавае нам абаім: вунь Тамары Сяргееўне хутка на пенсію, а на яе месца нікога з нашых прызначаць не будуць; мяне паставілі на чаргу, у райцэнтры заклалі два новыя дамы, то ў трэці я патраплю абавязкова, у новы мікрараён, казалі, там кватэры прасторныя.

– Табе жаніцца трэба, абавязкова, лепш фіктыўна, – раіла Зіначка. – Толькі знайдзі жанчыну, каб пасля без праблем развёўся. Магу пазнаёміць, у мяне сяброўка ёсць. За які добры падарунак згодзіцца, а табе два пакоі будзе, а не адзін, – паказвала яна мне сваю жыццёвую дасведчанасць у пытаннях жылля. – Аднапакаёвых вельмі мала будуюць, будзеш чакаць гады чатыры…

Я згодліва ківаў галавой. Злосці на Зіначку ў мяне не было, я быў агідны самому сабе: ну няхай яна не запрашала мяне на ноч у ложак, але чаму я сам, вось цяпер, не магу паспрабаваць атрымаць ад яе большага, чым курыны амлет? Што мне замінае нагадаць смехам: я не толькі тэлевізійны кабель ладзіць умею? Баюся пачуць, напрыклад, такое: «Не сумняваюся, але будзеш дэманстраваць сваё ўменне ў іншым месцы з іншай жанчынай»? Баюся! Бо будзе канчаткова і беспаваротна, пасля чаго мне трэба будзе выйсці з-за стала, падзякаваць і перціся да парога. Ці насамрэч плюнуць ды пайсці, не кончуся ж я без сэксу за гэтую ноч?

Гэта ж – расплата! Раптоўная думка і апаліла, і супакоіла. Ну так, расплата за здраду. Я ж ішоў здраджваць, мэтанакіравана ішоў!

На талерцы нічога не засталося.

– Дзякуй!

Я адкінуўся на спінку канапы, зірнуў на Зіначку. Мне цяпер адзінае было цікава: як яна будзе мяне выстаўляць за дзверы. Паўпарціцца? Маўляў, які ж то разлік – амлетам? Я тут увесь такі малады, здаровы, наглядзеўся на яе голыя ногі, баюся, як выйду, пачну кідацца на дзевак. Цікава, што яна адкажа…

– Каву зварыць? – падхапілася Зіначка. – У мяне ёсць «Лавацца», сяброўка прывезла з Польшчы, казала, смачная, я не адкрывала яшчэ, – гаварыла яна, адначасова прыбіраючы са стала ў ракавіну талеркі і відэльцы.

– Не, дзякуй, адразу, як паеў, не люблю піць, – адмовіўся я, пачынаючы сваю дурную гульню: вось, не збіраюся пакуль нікуды ісці. Цяпер жа ёй якраз і самы момант намякнуць… Не ўгадаў я.

– Ну, як сабе хочаш, – не засмуцілася Зіначка. – Тады хадзем, дапаможаш.

Я, больш заінтрыгаваны, чым разгублены новай просьбай, падняўся. Нават не стаў пытацца, чым дапамагаць. Зіначка прайшла ў залу, стала каля канапы.

– Гэтую бандуру трэба удваіх раскладаць. Бярыся! – і ўзялася за спінку і сядзенне.

Я аўтаматычна хапіўся гэтак жа, як і Зіначка, пацягнулі разам, выпрасталі. Яна прысела на край разложанай канапы, гледзячы на мяне знізу ўверх з вінаватай усмешкай, прагаварыла:

– Я ж не разведзеная… То ў спальню, выбачай, не магу цябе весці. Зараз я нам пасцялю, тут яшчэ вальней будзе, вунь колькі месца: хоць куляйся! Ты ідзі пакуль мыйся, ручнік бяры любы, я посуд спаласну, бялізну нам дастану…

Вось так! Ніякіх гульняў і двухсэнсоўнасцей. Дарослыя людзі – калі запрасіла вечарам прыйсці, значыць, мела на ўвазе ноч.

Падумаць пра тое, ці ёсць у вось такіх прастадушных, простых, як вясковая лапата пры печы, паводзінах Зіначкі нешта зневажальнае ці крыўднае для мяне, я не паспеў. У кішэні варухнуўся і прайграў кароткую мелодыю тэлефон. Я не мог не заўважыць, як напружылася, падабралася пры гэтых гуках Зіначка, які пакутлівы выраз хвалявання засвяціўся ў яе вачах. Я таропка дастаў тэлефон, зірнуў на тэкст эсэмэскі і вінавата развёў рукамі:

– Выбачай, Зіначка, неяк іншым разам…

– Сяргееўна? Нешта здарылася? – з сапраўдным адчаем запыталася Зіначка.

– Выклікаюць, – адказаў я, ступіўшы ў вітальню. Абуў туфлі, азірнуўся і як мог цёпла дадаў: – Дзякуй за вячэру.

– Ат! – Зіначка рэзка села на канапу. – Во ж адчувала! Ну чаму я такая няўдачлівая?! Такая ж ноч магла быць! Ты, як вызвалішся, прыходзь. Звані і прыходзь! Я буду чакаць да раніцы.

– Не абяцаю, – шчыра, з жалем да жанчыны адказаў я.

На вуліцы я дастаў тэлефон, яшчэ раз перачытаў тэкст эсэмэскі: «Застанешся на ноч у Зіначкі – задушу, так і ведай». Гэта пісала Надзея. Я набраў у адказ: «Не застаўся». Закурыў. І адчуў неверагоднае ўзрушэнне, блізкае да шчасця. Было так лёгка на душы, быццам я вырашыў найскладанейшае пытанне. Выбар! Першы раз за сваё жыццё я зрабіў выбар. І так імгненна. Нібыта чакаў штуршка…

Надзея патэлефанавала адразу:

– Можаш гаварыць?

– Так. Я на вуліцы. Іду дадому… Ці, можа, завярну папіць кавы.

– Пацерпіш, пакуль прыйдзеш. Пап’ём разам. Выбачай, ты так хутка пайшоў… Да мяне прыехаў мой стрыечны брат. Ён хоча папрасіць цябе, каб ты заўтра дапамог яму зварыць мне новыя вароты. А то гэтыя сёння ледзь утрымаліся, пакуль іх расчынілі: спарахнелі зусім. Ён варыць умее, кажа, будзе хутка. Там толькі патрымаць трэба. А ў мяне заўтра, сам ведаеш, базарны дзень.