Выбрать главу

– Пагаворым, – радасна адказаў я.

– Заходзь адразу.

Яны чакалі мяне ўдваіх, усё так жа седзячы на ганку, быццам і не сыходзілі.

– То пайшлі да мяне каву піць. Там больш утульна ў садку, – як старым знаёмым прапанаваў я. – Васіль, – працягнуў руку мужчыну.

– Сяргей, – адказаў той, прыўзняўся і паціснуў руку. – А мне нешта так добра на гэтым ганку. Сядзеў бы і сядзеў, – вінавата прызнаўся мужчына. – Але калі спадарства жадае, мушу падпарадкавацца.

– Ды не, навошта, – паспяшаўся я. – Дзе вам больш зручна…

– Дык я нясу, – вырашыла Надзея, адным кароткім позіркам стрэліла ў мой бок – і я пабачыў там тое, чаго менш за ўсё чакаў, – дзявочую, не, нават дзіцячую гарэзлівасць: «Ага! Будзеш ведаць!»

– Сказала Надзея, што я брат яе? – спытаў Сяргей. Пабачыў мой маўклівы ківок, працягнуў:– Во так лёс склаўся – адны мы з ёй радня на свеце. Яе паўміралі, мае яшчэ жывуць, ды слабыя зусім. Прыехаў на тры дні. Праведаць, ну і дапамагчы дзе. Вось, вароты зварыць трэба. Метал сёння набылі, апарат зварачны ў мяне з сабой. Работа няцяжкая, адно патрымаць вам. Самі пабачыце, як хутка. Профіль я і адзін нашыю, калі ў вас справы.

– Ды я да вечара вольны як быццам, – згадзіўся дапамагаць я і тут жа папрасіў: – А вы мяне вечарам не закінеце ў адно месца? Недалёка, кіламетраў дваццаць.

– Добра, дамовіліся. Гэта хутчэй будзе, чым вароты зварыць.

– А вы зваршчык? – спытаўся я, каб працягнуць размову.

– Ды ну… Журналіст я, былы, праўда, – усміхнуўся без смутку Сяргей. – Апазіцыянер пракляты. Газету закрылі, а тут і жонку скарацілі на фабрыцы. Вось і падаўся ў заробкі. Два гады чорнарабочым быў, пасля навучыўся варыць. Усё лягчэй, чым цягаць на дзясяты паверх бетон вёдрамі. З таго часу і зарабляю вось так…

Надзея прынесла каву, яшчэ на падносе пірог.

– Ешце, мужыкі… Як справы, таварыш следчы, злавіў злачынцу?

– Ага, дваіх ужо, – адказаў я ў тон. – Першы быў Цмок, а цяпер во і другі знайшоўся – Яшчур.

– Ого! – шчыра здзівілася Надзея. – Хутка ты, Васіль, усіх нашых міфалагічных істот пасадзіш у турму.

– Дык і Яшчур – стварэнне інфернальнае, д’ябальскае?

– Табе праўда нешта падобнае гаварылі? – сур’ёзна запытала Надзея.

– Праўда.

– Ну і справы сёння ў следчага пракуратуры, – паблажліва, як мне падалося, усміхнуўся Сяргей.

– Вам смешачкі, а ў мяне галава дурэе ад гэтай чартаўшчыны…

– Выбачайце, але ж так нечакана, – павініўся Сяргей. – Якім чынам у крымінальнай справе могуць быць задзейнічаны Цмок ды Яшчур? Дзіўна вельмі… Хто сёння такія мянушкі бярэ?

– Не ведаю я, мянушкі гэта ці нешта іншае. А вы і пра Цмока штосьці сваё ведаеце, і пра Яшчура?

– Ды мяне во Надзея сваімі казкамі заразіла, – ласкава ўпікнуў Сяргей сястру. – Я ёй у рэдакцыі крадком цэлую кнігу набіраў.

– Вой, там ужо і кніга была.

– Ага, ледзь не папаўся сваёй гестапаўцы-рэдактаршы!

– То ж я табе заплаціла!

– Ага, пляшкай самагонкі.

– А больш і не каштавала!

– Чакайце, чакайце, калі ласка, – я ўмольна ўзняў далоні. – Што за Яшчур? Пра Цмока я ведаю: з яйка ад чорнага пеўня. А Яшчур?

Надзея пільна зірнула мне ў вочы, можа, каб упэўніцца яшчэ раз, ці не жартую я, і з уздыхам пачала тлумачыць:

– Вой, Васіль, калі Цмок яшчэ больш-менш вядомы, дык Яшчур у міфалогіі ўвогуле самая цёмная істота. Нідзе ніякага намёку на тое, як ён выглядаў і што рабіў. Да нас дайшло толькі адно – дзіцячая гульня. Дзеці абіралі сярод сваіх Яшчура, хлопца, садзілі яго зазвычай пад арэхавы куст. Дзяўчаты ў вянках вадзілі карагод, Яшчур выбіраў сабе дзяўчыну, забіраў яе вянок… І так – ва ўсіх. Пасля дзяўчынка павінна была выкупіць вянок: танцам, спевамі, пацалункам, нейкім іншым дзеяннем. Вось і ўсё, што вядома.

– І? Ад чаго пайшло? – збянтэжана запытаўся я. – Ну якім бокам гэта дзіцячая гульня звязана з маёй справай?

– Ды ніхто толкам не ведае, – вінавата ўсміхнулася Надзея. – Зазвычай дзіцячыя гульні заснаваны на сапраўдных абрадах, але сэнс гэтага не можа патлумачыць ніхто. Бо гульня не толькі спрашчае абрад, развіваючыся з яго, яна пазбаўляецца шмат якіх элементаў, губляе першапачатковую сутнасць… Адно дакладна: Яшчур звязаны з ахвярапрынашэннем – тыя ж дзявочыя вянкі. Ну і тут жа сэксуальны кампанент.

– Во як?!

– Так: пацалункі, выкуп за жаданне, арэхавы куст. Арэх заўсёды атаясамліваўся ў нашых продкаў з палавым пачаткам. Загадка такая была: рос-рос, са штаноў вырас, галоўкай загаліўся – дзеўкам згадзіўся. Гэта ж арэх, ляшчына. Чытала адно меркаванне: Яшчур – нейкае вельмі ж страшнае бажаство, якому трэба было прыносіць у ахвяру маладую жанчыну, адначасова то быў і працэс ініцыяцыі, то бок, дзяўчат, якія дасягнулі палаваспеласці, пасвячалі такім чынам у жанчыны. Толькі навошта ахвяра – невядома. Можа, каб іншыя нараджалі… Сустракала і іншае тлумачэнне, няхай і вельмі прымітыўнае, частковае, але не пазбаўленае логікі. Яшчур насамрэч старэйшына племені ці вярхоўны жрэц, які праводзіў агледзіны дарослых дзяўчат. І карагод вадзілі яны голымі, а ён выбіраў сабе ці то памочніцу, ці то наложніцу. Адначасова з гэтым дазваляючы найбольш спелым выходзіць замуж у бягучым годзе.