– Як людзі – характар, – нечакана прыйшло на розум параўнанне.
– То дакладна, – згадзіўся Сяргей. – Таму так рэдка і сустрэнеш пару, быццам дзве палавінкі аднаго цэлага… Зварваем адну суцэльную, пасля разразаем акуратна. Вось тады будуць дзве аднолькавыя.
Работа была не цяжкая, але ж правошкаліся мы гадзін да трох дня. Якраз вярнулася з рынку Надзея, гукнула мыць рукі і садзіцца за стол. А палове восьмай гадзіны Сяргей падвёз мяне да першых хат Ляўдка.
Я павінен быў падумаць, прадбачыць той факт, што сярод мноства дачнікаў, дзе былі людзі самых розных прафесій, знойдзецца той, хто дастаткова поўна ўяўляе сабе магчымасці сучаснай тэхнікі, ведае пра абавязкі сацсетак і іншых рэсурсаў інтэрнэта перад следчымі органамі. І той чалавек лёгка і пераканаўча давядзе астатнім, што я валодаю куды больш разгорнутай інфармацыяй, чым паказваю. Значыць, мяне чакаў не разгублены і запалоханы страшным словам «пракуратура» гурток аматараў старажытных беларускіх абрадаў, а дружны калектыў дарослых людзей, якія старанна абдумалі наперад, як будуць адказваць на пытанні. Варта было толькі перагледзець спіс гэтых дачнікаў – вось, калі ласка, журналістка. Ды яшчэ апазіцыйнага выдання. Такія пракурораў не баяцца, не тое што маладых следчых…
Сваю паразу я адчуў, як толькі сустрэўся позіркам з гісторыкам, «капітанам» Алесем Федаруком. Ён не хваляваўся. Быў такім жа ветлівым, далікатным нават, але – упэўненым. Я не мог нават заўважыць, каб мой візіт сюды і мая просьба хоць крышачку назалялі яму. Ён увесь быў сама тактоўнасць і гасціннасць.
– Рады бачыць вас! – сустрэў ён мяне ля веснічак, і яго словы прагучалі так, быццам ён пабачыў перад сабой даўняга сябра. – Нашы ўсе сабраліся, калі ласка, будзем вельмі рады быць вам карыснымі. Пойдзем адразу ці, можа, пап’еце чаго з дарогі? Кавы ці гарбаты? Бярозавік ёсць, праўда, не свой, нас гэтым цудоўным пітвом забяспечвае цётка Соф’я, цудоўная жанчына. Выбачайце, у хату не запрашаю, там у мяне… непрыбрана вельмі. Ведаеце, я чалавек неахайны, адно слова – навуковец, – павініўся ён напрыканцы.
– Дзякуй, пакуль не хочацца нічога, – адмовіўся я, міжволі крануты такім клопатам і той акалічнасцю, што мае пажаданні цалкам спраўджаныя: людзі папярэджаныя і сабраныя ў адным месцы.
– Як пажадаеце. Там, дзе мы збіраемся, усё, канечне, таксама ёсць. Звычайная дача, а гаспадар там – адзінокая наша сяброўка. Дом ёй дастаўся вялікі, то яна займае адно пакойчык пярэдні, а другая палова – наша імправізаваная канферэнц-зала. Дарэчы, гаспадыня – выключная знаўца міфалогіі, наш самы аўтарытэтны эксперт. Яна этнограф, збіральніца. І яе работы вядомыя далёка за нашымі межамі. На жаль, толькі сярод спецыялістаў ды адзінак вось такіх… апантаных, – самакрытычна закончыў ён свой хуткі маналог.
– А трэба, каб ведалі ўсе? – скептычна заўважыў я.
– Вось! Вось гэтае пытанне я чую так часта! Скажыце, малады чалавек… выбачайце, таварыш следчы пракуратуры, чаму нашы малодшыя школьнікі ведаюць пра Зеўса, але Пярун для іх – усяго толькі моцны ўдар грому? Чаму знаюць, хто такая Афрадыта, а Ляля – лялька, дый годзе? Чаму Апалон, а не Вялес? Вы лічыце правільным – вучыць дзяцей захапляцца чужой культурай, вывучаць яе і ў той жа час літаральна замоўчваць сваю? Не-не, я за тое, каб дзеці і ўсе вакол ведалі як мага больш з гісторыі і культуры іншых народаў, але як можна быць культурнай нацыяй, не ведаючы сваіх падмуркаў?
– Магчыма, вы маеце рацыю, – згадзіўся я. – Мне вось таксама б не зашкодзіла што-небудзь даведацца… з вашай міфалогіі.
– З нашай, з нашай міфалогіі, – мякка паправіў мяне Федарук. – Пытайцеся, калі ласка, здолеем – патлумачым.
– Дзякуй, абавязкова скарыстаюся вашай гасціннасцю і дасведчанасцю, – паабяцаў я, і атрымалася ў мяне з дрэнна схаванай амаль пагрозай. Маўляў, пабачым мы, што вы там ведаеце.
Для мяне быў падрыхтаваны стол, на якім стаялі сапраўдны гліняны збанок і дзве шклянкі.
У самім пакоі сабралася – я хутка палічыў – сямнаццаць чалавек. Зацікаўленыя, ветлівыя, насцярожаныя, добразычлівыя позіркі. Амаль усе – з відавочным лёгкім сумам. Так збіраюцца на пахаванні далёкія сябры: быццам і радасна ад сустрэчы, ды вось жа якая нагода. Але я не пабачыў ніводнага позірку з ценем страху ці разгубленасці, нервовасці нейкай. І цяпер ужо дакладна зразумеў: пра ўсё тут дамоўлена-прагаворана. Мабыць, пагуляем у гульню…
Бліжэй да мяне сядзела маладая жанчына гадоў дваццаці пяці, рудая, з носам бульбінай і пульхнымі вуснамі (але пры гэтым сімпатычная), з ёй побач жанчына сталых гадоў, таксама рудая. Дачка і маці? Вельмі нават падобна. Толькі ў гэтай дзяўчыны на крыху рабаціністым твары я заўважыў прыкметы страху. Чаго яна баіцца?