– Вы не проста здагадваецеся, а ведаеце, чаму я папрасіў вас сабрацца сёння, – пасля прывітання і афіцыйнага прадстаўлення пачаў я. – Загінула маладая жанчына, жыхарка вашай вёскі, загінула пры загадкавых абставінах. Узнікла нямала пытанняў пры расследаванні справы. Я вас хачу папярэдзіць: дванаццаць чалавек з вас будуць выкліканы павесткай і афіцыйна дапытаны ў якасці сведкаў па справе. (Так-так, трэба іх трошкі прыпужнуць – вось, ужо крышачку пасумнелі позіркі. Ніхто не любіць слоў «допыт», «сведка», «справа»…) І вы, я так думаю, разумееце, хто і чаму. Сёння ж у нас папярэдняя гутарка, яна больш для таго, каб вы не марнавалі ў маім кабінеце кожны па тры гадзіны (вось, яшчэ прыстрашым). Гэта неафіцыйная размова, мне важна як мага больш даведацца пра загінулую (я спецыяльна не зрабіў акцэнту на забойстве. Можа, у іх гатова свая версія?) Я нават нічога запісваць не буду, акрамя чыста рабочых паметак для сябе. Пачнём… Следства сёння мае звесткі пра тое, што прысутныя тут… Па спісе: Алесь Федарук, Ганна Латышонак… – я стаў зачытваць прозвішчы, і гэта выклікала ўражанне. У хаце стаяла выключная цішыня. Ніхто літаральна не варушыўся.
– Дык вось, яшчэ сярод названых павінен быць Андрэй Дылько, ён жа таксама ваш сябар?
– Сяброўства яго з намі не было вельмі моцным, – ціха адказаў за ўсіх Алесь Федарук. – Ён толькі нядаўна тут…
– Дзякую, зразумела. Дык вось, усе гэтыя людзі за чатыры дні да дня смерці Насці Грыцук адпраўлялі ёй эсэмэскі. Прыкладна ў адзін час, усе паведамленні прыйшлі ад 16:00 да 20:00. Упэўнены, вы помніце пра напісанае. Думаю, не ўсе і сцерлі тыя паведамленні з папкі адасланых. Што было ў тэксце эсэмэсак? Ну… вось, калі ласка, Ганна Латышонак, скажыце, калі ласка?
Жанчына з гэтым імем была самая маладая ў спісе. Так і ёсць, паднялася тая рудавалося дзяўчына і адказала без хвалявання:
– Калі ласка, вось я адкрыла зараз… Я пісала: «Віншую! Ты малайчына! Здароўя вам».
– З чым віншавалі?
– Вы ж ведаеце… Насця нарадзіла. Вось і віншавалі.
– Прабачце, а хто вам паведаміў?
– Мне?
– Так, вось вам хто сказаў гэтую навіну? Адкуль вы даведаліся?
Ганна Латышонак разгубілася. І я зразумеў: вось тое пытанне, якое яны не прадбачылі! Нічога дзіўнага… Калі мы да нечага рыхтуемся, мы можам прадумаць сотню дэталяў, а не ўлічыць таго, што ляжыць на паверхні. Так і тут: Насця нарадзіла. То як чуткі гарадскія, але ж было ўсяго дванаццаць, а цяпер – адзінаццаць чалавек, якія віншавалі. Тут праверыць лёгка, ад каго пайшло, тут не спрацуе «ўсе кажуць». Зараз проста па чарзе буду падымаць кожнага…
– Я не помню… – разгубілася дзяўчына. – Я праўда не помню.
– Тады ўспамінайце, калі ласка. Тут жа зусім нямнога людзей, праўда? – падахвоціў я дзяўчыну, зазірнуў у спіс – каго б узняць, хто гатовы пагуляць са мной у гульню і не папасціся? Зараз прыпужнём яшчэ трошкі… – Перад тым, як спытаць яшчэ некага з вас пра гісторыю з эсэмэскамі, я павінен нагадаць вам, што за лжывую інфармацыю прадугледжана адказнасць перад законам, і вельмі нават строгая…
– Ну, не трэба нас так запужваць, – азваўся Алесь Федарук. – Ніхто не збіраецца нешта ад вас утойваць. Так, мы ўсе віншавалі Насцю з нараджэннем дзіцяці. Адкуль ведалі? Ды вось… Антаніна Пятроўна, калі ласка, скажыце.
Зразумела, Федарук кіраваў. І яго зварот да жанчыны азначаў тое, што яны абгаворвалі, прадбачылі падобнае развіццё гутаркі. Цікава, што я пачую…
Узнялася з месца жанчына гадоў трыццаці пяці, падцягнутая, з вельмі сімпатычным, круглявым загарэлым тварам, які не псавала нават мноства тонкіх белых валаскоў па краях верхняй губы. Я паспеў зірнуць у спіс: сярод тых, хто віншаваў Насцю, ніякай Антаніны не было.
– Дазвольце патлумачыць, – падкрэслена ветліва звярнулася яна да мяне, назвала сябе: – Русецкая Антаніна Пятроўна, акушэрка. Усе ведалі пра роды ў Насці, бо іх прымала я, я паведаміла першаму, помніцца, Алесю Тарасавічу.
– Дзе вы прымалі роды ў Насці Грыцук?
– Яна нараджала ў маім доме. Там былі створаны ўмовы.
– Вы ўрач, вы не маглі яе пераканаць у неабходнасці ехаць у бальніцу?
– Я не ўрач, я акушэрка, – паправіла яна мяне досыць рэзка. – Жанчына мае права сама вырашаць у гэтым выпадку, тут нічога крымінальнага няма. Нехта едзе і на мора раджаць…
– Чым Насця тлумачыла сваё нежаданне класціся ў бальніцу?
– Яна не хацела агалоскі.
– Дзякуй вялікі вам, мне ўсё зразумела. Сядайце, калі ласка. Выбачайце, паважаныя… Не ведаюць калегі, не ведаюць родныя, нават бацька не ведаў пра цяжарнасць жанчыны, а вось вы ўсе ведалі. Можа, мне хто з вас патлумачыць: чаму так атрымалася?