Выбрать главу

– Я магу патлумачыць, – зноў стала ўзнімацца Русецкая, але я спыніў яе:

– Не трэба ўставаць, мы ж проста размаўляем.

– Дзякуй, – прысела яна на месца, упэўненым голасам стала расказваць: – Незадоўга да родаў Насці мы ладзілі народнае свята тут, у Ляўдку. Было многа гасцей, спявалі песні, вадзілі карагоды. Усе прытаміліся. Але познім вечарам, калі госці раз’ехаліся, вырашылі паспяваць для сябе. І вось у карагодзе Насця (яна была з намі) згубіла прытомнасць. Перапалох, вядома, узнік, але для мяне такія справы не надта рэдкія, я была побач. Яшчэ калі Насцю па маім загадзе паклалі на спіну, на цвёрдае, я пабачыла яе выразны жывот. Яна была ў вышыванай доўгай сарочцы, таму раней не заўважалі. Жывот быў сціснуты карсетам. Я аслабаніла яго… Насця амаль адразу ж апрытомнела і схапілася аберуч. Вельмі характэрна схапілася, гэтага не падробіш, ды і навошта. Так, яна спужалася, вельмі захвалявалася. Мы зразумелі: яна хавае сваю цяжарнасць, і паабяцалі ўсе маўчаць. Яна паверыла нам, бо ведае нас нямала часу…

– Што ж, вельмі ўсё проста атрымліваецца… – я задумаўся на імгненне, працягнуў: – Я зразумеў так: вы ўсе, ваш гурток (так жа можна, думаю, назваць) прымалі Насцю як сваю, і віншавалі вы яе шчыра і аддана, як добрага сябра. Ясна… А вы ведалі пра бацьку гэтага дзіцяці?

Канечне, адказваць будзе гэты ўрач-гінеколаг, няма сумнення. А яна ж кажа няпраўду. Калі мне яе яшчэ раз перапытаць пра пачутае, яна паўторыць слова ў слова, бо казала па завучанаму! І зараз яна скажа, што Насця прызналася… што бацька – той самы небарака, паэт Андрэй Дылько…

– Не, Насця не захацела казаць, ад каго нарадзіла.

Я на момант разгубіўся. Не ўкладалася ў сістэму… Я памыляюся? Ім жа так добра настойваць на бацькоўстве Андрэя, загінулага мужчыны… Давай паслухаем далей…

– Вось як… Добра. А далей пасля нараджэння?

– Дзіця заставалася ў маім доме разам з Насцяй. Вы ж самі ўжо ведаеце… Тая страшная аварыя… Дзіця нарадзілася хворым, прычым смяротна хворым. Вадзянка галаўнога мозгу… Калі б Насця стала на ўлік, дык захворванне б выявілі на самай ранняй стадыі…

– І гэты час, да смерці, дзіця знаходзілася ў вас? І вы як урач, прабачце, як вопытны медык не павезлі яго ў бальніцу?

– Малады чалавек, не трэба мяне ўпікаць непрафесійнасцю ці бесчалавечнасцю, – падціснула свае сухаватыя вусны Русецкая. – У дзіцяці адсутнічала большасць рэфлексаў, нават глытальны. Ён жыў на глюкозе, пакуль не перасталі працаваць лёгкія. Дзіця было асуджана. Мозг яго быў пад страшэнным ціскам, ён не мог функцыянаваць нармальна.

– Добра, дзякуй, Антаніна Пятроўна. Значыць, менавіта ад вас Андрэй Дылько забраў мёртвае дзіця?

– Так, я яго папрасіла зрабіць невялікую труну і пахаваць дзіця… Няшчасны Андрэй…

– Насця ўвесь час была з вамі?

– Не, яна хадзіла дадому, варыла бацьку ежу, займалася па гаспадарцы.

– Вы бачылі Настассю ў апошні яе вечар жывой?

– Канечне, яна прабыла ў мяне да шасці гадзін вечара.

– Антаніна Пятроўна, буду чакаць вас у панядзелак, у любы час, прыходзьце, калі ласка, павестку я вам выпішу на месцы. Самі разумееце, трэба прытрымлівацца закону, вашыя ж сведчанні вельмі важныя для следства. І павінен заўважыць, вашыя дзеянні выклікаюць мноства пытанняў.

– Канечне, я ўсё разумею. Калі трэба, то адкажу па законе. Я прыйду…

Прыходзь, прыходзь, думаў я, робячы паметкі ў нататніку, больш дзеля таго, каб прадумаць далейшыя пытанні. Ах, як хочацца вось цяпер адкрыць табе праўду: дзіця-гідрацэфала не Насця Грыцук нарадзіла. Што ж ты тады адкажаш? Ты не паспела здаць кроў дзіцяці на аналіз, ты не прадбачыла, што ў яго можа быць такая рэдкая – чацвёртая – група крыві… Ці яны проста не здагадваюцца, якія аналізы судовы медэксперт праводзіць абавязкова?

А той факт, што Русецкая, якая ведае больш за ўсіх, хавае ад мяне праўду, спецыяльна маніць, сведчыць: справа тут вельмі ж непрыгожая. І гэтая мілая акушэрка можа быць якраз тым сувязным звяном між заказчыкам і сурагатнай маці. Каму ж, як не ёй? Нічога, ты раскажаш, дзе сапраўднае дзіця Насці і адкуль тут узяўся гэты няшчасны гідрацэфал…

Праверым мы цябе, Антаніна Русецкая, уважліва праверым. Твае сувязі, званкі, кантакты ў сацсетках. Заўтра ты будзеш як прышпілены ў калекцыі матылёк – усё пра цябе будзе вядома.

– Я спадзяюся, за гэты час, пакуль вы ведаеце… ведалі Настассю Грыцук, нехта з вас мог быць з ёй узаемна шчырым. Я вельмі прашу таго чалавека цяпер быць гэткім жа шчырым са мной. Мяне найперш цікавіць самае галоўнае пытанне: як загінула Насця? Хто-небудзь у тую ноч чуў нешта незвычайнае? Крык, шум? Да вас прыязджаў нехта чужы?

З хвіліну стаяла цішыня, потым загаварыў Алесь Федарук: