Выбрать главу

Прыйшло супакаенне. Я зноў азіраўся па баках. Блізка да зямлі туману не было, ён пачынаўся шчыльнай пульхнай коўдрай недзе на вышыні паўметра над травой, потым радзеў наверсе.

Трэба ісці. Устаў, не разважаючы асабліва, ці правільна іду, пакрочыў. У любым выпадку некуды выйду. Сцяжынку добра відаць. Галоўнае зараз – выйсці. Потым, усё потым. Разбяромся. Праз гадзіну не будзе туману, будзе мой утульны і звычны пакой, у якім ёсць зручны часопісны стол з патрэсканай лакіроўкай. Я згатую сабе кавы, прысяду, на асобных аркушах паперы выкладу ўсё, пачутае сёння, пра што даведаўся за гэтыя дні, пра што падумаў, што ўжо запланаваў. Я буду маляваць квадраты – гэта будуць падзеі, трохкутнікі – так абазначу людзей, у кружках пазначу матывы і прычыны. Буду праводзіць лініі са стрэлкамі на канцах і без стрэлак. Я буду складаць кавалкі карцінкі, і то будзе асаблівы акт, бо невядомы вынік. Нястрашна, калі не хапае аднаго ці нават некалькіх кавалкаў, я даведаюся іх малюнак, варта толькі старанна, без памылак сабраць аснову….

Я ішоў змярцвелым лугам, бы ў нейкім фантасмагарычным сне. Навакольная застыласць падавалася не варожай, а толькі чужой мне, дакладней, я адчуваў сябе варожым ёй, чуў, як прагне гэтая сцяжынка пазбавіцца маіх крокаў, як цярпіць шматпакутна. Як рассоўваецца грэбліва перада мной пласт туману, абы менш дакранацца мяне, як паспешліва, шчыльна збіраецца за спінай. І там, у глыбіні яго, зусім не халоднага, нешта вялікае стаілася ў чаканні: ці хутка я знікну?

Я міжволі паскорыў крок. Патыліцай я адчуваў не позірк, не, а амаль дыханне нечага ці некага вялікага, каму я перашкаджаў, для каго быў нежаданым. Мяне цярпелі, чакалі, калі я сыду.

Цёмныя плямы наперадзе я прыняў спачатку за канец затуманенага лугу. І яшчэ паскорыў крок з палёгкай: нарэшце. Але цёмныя плямы варушыліся, рухаліся. Не прама на мяне, але насустрач, забіраючы ў правы бок. Я застыў, адчуваючы прыкры холад у жываце. Плямы сталі ценямі, якія наблізіліся настолькі, што я змог пазнаць у іх постаці людзей. Дзіўныя, незразумелыя, яны набліжаліся, хутка, хутчэй, чым ідзе чалавек.

Страх прымусіў мяне імкліва прысесці. Я зірнуў наперад, у чысты прагал між зямлёй і коўдрай туману, і адчуў, як скура на галаве пачала прыкра сціскацца.

Там былі ногі, ногі некалькіх людзей. Яны набліжаліся. Аголеныя… Голыя людзі. Жанчыны. З апушчанымі да зямлі рукамі, распушчанымі валасамі. Яны ішлі, прыгнуўшыся наперад, хутка перабіраючы нагамі, шчыльнай купай, ішлі, у адным агульным парыве ўтаропленыя наперад.

І тады я пачуў гук. Гэта быў гук разрыванай сталлю жывой здзірванелай зямлі. У той жа момант зрок адшукаў крыніцу гуку, і я пабачыў плуг, а за ім – жанчыну, такую ж голую, як і тыя, што ішлі паперадзе яе.

Урэшце ўся карціна цалкам адкрылася перада мной: сем жанчын, аблытаных вяроўкамі, цягнулі плуг. Подбегам, у зацятым маўчанні, нават цяжкага дыхання іх не было чуваць. Толькі рваўся дзёран, стралялі карані, з лёгкім шалясценнем клаліся, прымінаючы свежую зелень, скібы перавернутай чорнай зямлі.

Яны былі перада мною некалькі імгненняў, потым аддаліліся, зніклі ў тумане. Мяркую, менавіта беззабаронная аголенасць жанчын вярнула мне разважлівасць. Яны былі жывыя, сапраўдныя. Я паспеў заўважыць сярод твараў два ці тры знаёмыя: іх я бачыў сёння на сходзе. Аратага я разгледзеў лепей за ўсіх. Без сумненняў – акушэрка Русецкая.

Усміхнуўся міжволі. Ну вось, пабачыў нейкі дзікунскі абрад. Дакладна, сектанты. І калі робяць такое… Калі ўсур’ёз аруць на сабе зямлю з нейкімі сваімі мэтамі, значыць… Значыць, могуць у сваёй апантанасці пайсці на нешта больш страшнае. І гэта трэба ўлічыць. Не, тут не проста гурток аматараў…

Я ўзняўся, азірнуўся – жанчын не было відаць.

Рашуча пайшоў сцяжынкай. Наперадзе зачарнела нешта, і я зразумеў: баразна. Я набліжаўся да яе, а яна на маіх вачах быццам рабілася больш глыбокай і шырокай. Спачатку незразумелы неспакой, пасля невытлумачальная трывога запоўніла свядомасць. Недарэчная думка віхлялася ў галаве: я не змагу пераступіць цераз баразну, такая яна шырокая.

За тры крокі ад яе мяне апанаваў сапраўдны жах. Раптам зразумеў, адчуў: мне нельга, проста нельга пераступаць баразну! Пераступлю – страчу. Назаўсёды згублю нешта надзвычай важнае. Я адчуў, як захлынаюся ў хвалі панікі, і рэшткамі цвярозага розуму зразумеў, што трэба адысці, хутчэй адысці ад баразны. Адступіў, з палёгкай адчуваючы, як мяне адпускае, як вяртаецца здольнасць думаць спакойна.

Што рабіць? Трэба ісці ўздоўж баразны. Калі немагчыма пераступіць цераз яе.