Зразумела, я згаджаюся.
Таксафон стары, яшчэ ў металічна-шкляной будцы. Мы ўціскаемся туды ўдвух, ён дыктуе нумар, я пачынаю набіраць і раптам чую яго злы хуткі шэпт:
– Грошы давай хутка, чмо!
Я слупянею ад нечаканасці, гляджу на яго, на дзверы, якія ён загарадзіў сабой, бачу за шклом яшчэ дваіх хлопцаў і разумею: яго хаўруснікі, бо яны падышлі вельмі блізка, быццам чакаюць чаргі. Адзін з іх прачыніў дзверы і загадаў жорстка:
– Дастаў пашпарт і выцягнуў грошы! А то застанешся без анічога!
А вакол – дзень, міма будкі праходзяць людзі, яны не разумеюць, што за паўметры ад іх адбываецца рабаванне. І тут я пазнаю трэцяга хлопца: ён стаяў у чарзе разам са мной на пошце. Яны цікавалі за мной. Яны ведаюць нават, колькі ў мяне грошай…
Антон (але ж хіба яго насамрэч завуць Антонам?) не вытрымлівае, хутка соўгае рукой ва ўнутраную кішэню маёй курткі, а другой моцна налягае мне на жывот, прыціскае да сценкі:
– Ціха, не трапячыся!
Ён нават пашпарт не дастае, імкліва выхоплівае грашовыя купюры – і ўсе трое знікаюць…
Пузыр лопаецца, абдае мяне пырскамі, здавалася, забытага назаўжды сораму…
Чарговы ўсамін паглынае мяне, ахутвае смуродам перагару і гарэлага мяса. Полымя вогнішча выхоплівае бляск вачэй дзяўчыны… Не помню яе імя, яно звычайнае, самае звычайнае, яна толькі нядаўна назвала яго. Дзявочы твар перакрыўлены п’янай усмешкай, яна блытана імкнецца мне нешта патлумачыць, ікае, я не разумею, бо самога мяне хістае над ёй, над яе аголеным целам. Хачу злавіць смочак яе невялікай цыцкі сваімі вуснамі, пляскаюся тварам у ліпкую скуру грудзей і адчуваю, як торгаецца пада мной дзяўчына. Яна гучна ванітуе, а пасля і мяне рве, я нават не паспяваю цалкам адвесці сваю неверагодна цяжкую галаву ўбок… І зноў шар бязгучна ўзрываецца аскепкамі ганьбы, а мне… мне робіцца лягчэй, я пазбаўляюся нечага важкага, непрыстойнага, ад мяне адчэпліваецца гідкі бясформенны кавалак… Пузыры ўзнімаюцца, несучы мае ўспаміны, выбухаюць іншым разам і светлымі ўспышкамі непасрэднага шчасця, радасці, цнатлівага хвалявання. І мяне загойдвае пачуццё лёгкасці і неабавязковасці: нічога не патрэбна, усё добра, я не мушу нікуды спяшацца, нешта рабіць. Сядзець, пагойдваць бязважкую прыемнасць унутры… Толькі адно… Адно трэба зрабіць, нешта важнае… Ці не вельмі важнае, але трэба, я ж не давёў справу да канца, я не адказаў… Так, так: адказаць на пытанне, я павінен адказаць на пытанне… Каму? Дзяўчыне… Не, жанчыне. У яе… такі смешны, тонкі, з шырокімі трапяткімі крыламі нос, быццам акуратная дзюба невядомай птушкі… І позірк… Яна глядзіць, трошкі схіліўшы галаву, вочы мружацца, у іх скачуць такія светлыя іскрынкі…
Надзея! Пазваніць!
Цвярозасць вярнулася, амаль вярнулася. Бы згвалтаваная да паўсмерці дзеўка, яна стаяла за маёй спінай на дрыготкіх нагах, гатовая не проста ўпасці, а скласціся ўтрая ў любое імгненне.
Я гартаў тэлефонны даведнік, і было так незвычайна бачыць у ім запісы, якія мне не казалі нічога, абсалютна, быццам я трымаў у руках не свой мабільнік.
Гудок выкліку быў першым гукам не гэтай прыроды. У дзеўкі-цвярозасці за спінай перасталі трэсціся паджылкі. Я памахаў галавой, становячыся яшчэ больш цвярозым.
– Васіль?
Голас Надзеі прагучаў так усхвалявана і гучна, што я ўздрыгнуў. Чужы, варожы тут голас – і туман вакол, здаецца, хіснуўся драпежна.
– Ага, я, – выціснуў я з сябе гукі і ўзрадаваўся: магу, магу гаварыць. Толькі цяпер, пасля слоў, мне стала страшна ад думкі, што было б, калі я не змог бы вымавіць ні слова.
– Ты дзе? Што здарылася?
– Не ведаю… Нічога не здарылася… Тут дзеўкі голыя…
– Ты п’яны? – з жалем спытала Надзея, і я адчуў, як ёй балюча пра гэта думаць.
– Мабыць, п’яны, – павольна адказаў я. – Толькі я не піў гарэлкі. Нейкую… нейкі адвар.
А дзеўкі голыя аралі поле. Мяне зааралі. Кругам. І я сяджу ля грушы. А, не, я не пра тое… Мне трэба табе сказаць…
– Стой! – Надзея закрычала роспачна, я ажно ўздрыгнуў. – Стой! Ты дзе? Дзе ты цяпер?
– Не ведаю… Я ішоў… мне паказалі сцяжынку. Ад Ляўдка праз лес прама да трасы. Заснуў ля грушы… А дзеўкі… Тут баразна. Мне трэба пераступіць яе. Ты мне кажы што-небудзь, мне зусім не страшна цяпер… Я вось іду…
Я сапраўды ўстаў і пайшоў да баразны, якая ледзь угадвалася ў прыкметна пагусцелай шэрані.
– Не хадзі! – зноў закрычала Надзея. – Будзь там. Там ігруша? Будзь там, ля яе. Нікуды не хадзі, нічога не рабі. Зараз я буду. Не спі! Не засынай. Гавары са мной… Гавары…
Праз тэлефон даносіліся гукі – Надзея некуды ішла, нешта казала, але ўжо не мне.
– Я хацеў табе сказаць… Я не помню… А табе трэба ведаць… Я дурань. Не, я не дурань. Я прыстасаванец. Не, не так… Я проста жыву… жыву, жыву…