Выбрать главу

– Усё будзе добра, Васіль, – праз уздыхі казала Надзея. – Зараз, пачакай мяне… Стой ля грушы. Закуры…

– Але я не хачу курыць… Тут так пахне… Так пахне, што не хачу курыць. О, я адкрыю фірму, якая будзе вазіць сюды тых, хто жадае кінуць курыць, – захіхікаў я. – Ты знаеш, тут такія грошы…

– Закуры! Зараз жа! – уладна загадала Надзея. Тэлефон пікнуў коратка і адключыўся. Батарэя? Ну так, можа быць… Закурыць? Надзея загадвала, значыць, трэба… Які паскудны смак у цыгарэтнага дыму! Чаму я ніколі раней не адчуваў такой агіды?

Мяне ледзь не званітавала, але я зацягнуўся яшчэ раз. Галава неміласэрна закружылася, я ўчапіўся за шурпаты ствол ігрушы, устаяў. Зямля вагалася. Што ж я за дрэнь такую выпіў? Вось жа… Я не помніў, колькі часу прайшло. Дзесяць, дваццаць хвілін? Яшчэ больш пацямнела, але адкрылася далеч: туман амаль знік, стаў бачным чорны лес. Я сузіраў усю паляну вакол сябе, разпораз натыкаючыся позіркам на чорную баразну, якая стала быццам яшчэ больш блізкай і глыбокай.

– Васіль! Васіль! – Надзея гукала недзе зусім блізка, я пайшоў у напрамку голасу. Яна бегла да мяне з лесу, светлая постаць на шэрым лузе. – Ідзі да мяне, колькі зможаш.

Надзея стаяла па той бок баразны. І мне раптам падалося, што нам ніколі не зрабіць крок насустрач адзін аднаму: не дасць забітая, разрэзаная плугам зямля, якая сцякае тут чорнай кроўю…

Я паслухаўся, крокаў за пяць ад баразны спыніўся.

– Не магу далей… Жуда нападае.

– Не ідзі. Чакай…

Надзея аддыхалася. Яна стаяла так блізка ад мяне, – у светлай майцы, джынсах, такая ўзбуджаная, жаданая… За яе галавой раптам пасвятлела: гэта месяц высунуўся з-за зубцоў лесу. Так чароўна ўсё было, так незвычайна…

– Надзея… Там месячык свеціць…

– Добра, Васілька, добра, – ласкава адказала яна, расшпіліла і скінула з сябе джынсы, пасля такім вабным рухам – майку, на чорную траву паляцелі белымі скамечанымі птушкамі яе станік і майткі.

А мне стала так сорамна, так няёмка, быццам я, зусім яшчэ малы, выпадкова пабачыў перад сабой сваю аголеную маці. Але не змог адвесці вачэй, глядзеў, як Надзея прысела, пасля лягла ўздоўж баразны і пакацілася – з жывата на спіну, у баразну, з баразны наверх – і вось яна ўжо ля маіх ног. Схапіла мяне за ногі, прыўзнялася.

– Скідай адзенне, распранайся… Увесь…

А я баяўся даткнуцца да яе голага цела, здавалася – мяне апячэ, бы токам ударыць. Немагчыма было перавесці позірк уніз, адно ратаванне – глядзець у яе вочы.

– Надзея, Надзюшка мая… – папрасіўся я.

– Маўчы цяпер, маўчы і цярпі, міленькі, – Надзея расшпільвала гузікі на маёй кашулі, сцягвала яе з плячэй. Тузала рэмень на джынсах, цягнула іх долу, прымусіла пераступіць нагамі… Хапіла мае транты, скамячыла ў адзін вузел і кінула цераз баразну. І раптоўна прыпала сваім прахалодным, такім жывым целам да мяне, цалкам голага, кожнай клетачкай прыціснулася, абхапіла за плечы.

– Абдымі мяне моцна, кладзіся на траву!

Апякло, аж закалаціла ўсяго, здаецца, і зубы заляскалі, а рэшткі свядомасці галасілі: «Сорам! Сорам які!» Але слухаўся, ужо цалкам прыняўшы Надзею за маці, а сябе за маленькага паслухмянага хлопчыка…

Раптам кульнулася зямля, раз і другі, мне падалося, мы ляцім у прорву, б’ёмся аб камяні. А Надзея ціснулася што моцы да мяне, і цяпер ужо адна думка калола недзе ў паўзабыцці: як жа балюча ёй можа быць…

Зямля ніяк не магла супакоіцца, гойдалася. Я адчуваў, як Надзея апранае мяне, потым чуў яе загад ісці, і яе дужыя рукі не давалі зямлі абрынуцца на нас, хілілі ў іншы бок…

У лесе мне стала крыху лепш, у кожным разе, я сам мог стаяць на нагах. Пабачыў аўтамабіль, ля яго мужчыну, пазнаў: Сяргей.

– А я – вось, – дурнавата пасміхнуўся яму.

– Сядай!

Мы ехалі нядоўга, спыніліся. Надзея адчыніла дзверцы, дапамагла мне выйсці. Павяла.

– А тут жыве вядзьмак Зміцер, – прамармытаў я.

– Пазнаў, Васілёк, так, Зміцер… – прыгаворвала Надзея, адчыняючы веснічкі, тузанула дзверы ў хату.

– Хто там? – пачуўся з цемры тонкі жаночы голас. Запалілася святло кволай лямпачкі.

– Мы да дзеда, – рашуча ступіла наперад Надзея, трымаючы мяне пад локаць, і баба Марылька зрабіла крок убок, даючы нам прайсці.

Стары Зміцер глядзеў на нас. Я бачыў яго вочы, на гэты раз у яго позірку было жыццё – там была і пагарда – да мяне, і цікавасць – да Надзеі.

– Прысядзь, – Надзея пабачыла табурэтку, падвяла мяне да яе, пасадзіла, павярнулася да старога і жорстка гукнула: – Дзед! Ты мяне ведаеш! Яму трэба зелле ад круга забыцця.

Стары маўчаў.

– Я не стану цябе прасіць, дзед Зміцер! – паўтарыла Надзея тым жа тонам. – Мне трэба, і я не сыду з хаты, пакуль не вазьму. У цябе ёсць. Змог прыгатаваць адно, гатуй і другое. Мне няцяжка будзе ператрэсці тут усё дашчэнту. Я выкіну цябе пад плот шалёным лісам, па цагліне разбяру печ, бервяна на бервяне не пакіну ад тваёй халупы, але знайду! Хочаш гэтага?