Выбрать главу

– Так! Я ёй і была, я ж табе казала! Таму і змог Зміцер мне сілу перадаць, абы каму не перадасі.

– Мне тамашняя цётка Сонька казала, нібыта Зміцер перадаў сілу дачцэ, Насці…

– Не, ён яе проста навучыў таму, чаму паспеў. Але цалкам сілу перадаць можна толькі перад смерцю.

– Слухаю цябе, і быццам я – не я. У мяне – законы, а я тут распытваю пра вядзьмарства, быццам пра апошнія змяненні ў крымінальным кодэксе… І ты зараз усё можаш, як ведзьма? І што можаш?

– Дзівак ты, Васілька, дзівак дурненькі, – Надзея пацягнулася і ўскудлаціла мне валасы. – Вядзьмарская сіла – той жа талент ад прыроды. Вось нарадзіўся таленавіты мастак. Але ж можа так і памерці, працуючы бухгалтарам. Разумееш? Талент – усяго толькі здольнасць. Але не ўменне. Трэба вучыцца, працаваць нястомна…

– А ты… ты будзеш вучыцца?

– Не! – жорстка адказала Надзея. – Не хачу. Ведаю, што ў экстрэмальных сітуацыях уменне падсвядома прыйдзе. Як тое веданне прыйшло, каб цябе адшаптаць ад круга забыцця. Вось зараз я і паўтарыць не змагу… І не трэба. Калі лёсу будзе патрэбна – ён пакліча маю сілу. І я яе скарыстаю. Але ведаю дакладна: на зло не буду…

– Зло – не браць чужога, не браць лішняга… – успомніў я словы бабулькі Марылі.

– А ты – мой! Мой! – Надзея глядзела на мяне без усмешкі, адкрыта і неяк безабаронна. – Нікому не аддам. І мне цябе ніколі не будзе многа. Але… трымаць цябе сілай не буду. Захочаш пайсці – ідзі.

– Дык…няма куды, – няўклюдна аджартаваўся я.

– А да Зіначкі?

Рэўнасць, самая звычайная, жаночая, разанула ў Надзеіных словах, і я вінавацячыся, выдыхнуў:

– Даруй мне, калі ласка… Не за тое, што было ці магло быць. За тое, што пайшоў…

– І ты мне даруй… за тое пытанне. Так нельга было.

– Я праваліў тэст? – успомніў я словы Тамары.

– Ты нічога не правальваў. Так нельга было, я дурніца, – паўтарыла Надзея. – Пойдзем спаць? Нядзеля. Нікуды не трэба, мы будзем спаць доўга-доўга.

– А я… не засну.

– Я цябе прысплю, – паабяцала Надзея. – Буду спяваць табе калыханку.

Я памыліўся – заснуў адразу, бы праваліўся ў мяккую цёплую цемру, толькі дакрануўся да падушкі і пачакаў, пакуль Надзея пакладзе галаву на маю руку.

Мы і прачнуліся гэтак жа, не зварухнуўшыся за кароткі час сну. Здавалася, прайшло не больш за пяць-дзесяць хвілін, але ў пакоі было светла, а мая «кухня», акно якой выходзіла на ўсход, нязвычна ззяла ад сонечнага святла. На падлозе ля канапы вібрыраваў тэлефон Надзеі.

– Не буду браць, – не расплюшчваючы вачэй, прагаварыла Надзея.

– Не бяры, – падтрымаў яе я, абхапіў другой рукой, пацягнуў да сябе – цёплую, мяккую.

Тэлефон змоўк і адразу ж зноў пачаў гудзець.

– Выкінь яго!

– А гэта… гэта Сяргей, – усміхнулася Надзея, расплюшчыла вочы. – Мы збіраліся на досвітку на рыбу.

– Я сваю злавіў, хай едзе і ловіць сабе, – я прыціснуў Надзею да сябе.

– Задушыш! – яна вызвалілася з абдымкаў, села на канапе, падняла тэлефон.

– Усё, гатуй сняданак! – без лішніх слоў загадала яна, паслухала і дадала: – Табе няхай і абед, а нам – снеданне… Устаём, сорам які! – павярнулася да мяне, усміхнулася разгублена: – Ужо дзевяць! Пагавораць суседачкі…

Мы і сапраўды ўчора, пакуль майстравалі новыя вароты ў Надзеін двор, дамовіліся пра ранішнюю рыбалку сёння. Сяргей юнаком часта прыязджаў да сваёй цёткі, Надзеінай маці, і любіў тут хадзіць на рыбу. У яго на радзіме не было ні ракі, ні больш-менш добрай азярыны – адно копанкі, у якія дзятва запускала карасёў. Тыя пладзіліся і праз гадоў пяць выводзіліся – не раслі вялікімі, хіба на паўдалоні. А з заходняга боку нашага райцэнтра пачыналіся асушаныя балоты, цэлая сістэма каналаў і канаў. Рыбе хапала месца і ежы, то вяліся тут і паўсюдныя карасі, і ліні, і плоткі з акунямі. І шчупакі, вядома. Пра ўсё гэта мне расказваў Сяргей, смакуючы будучую рыбалку.

Аказваецца, у юнацтве Надзея была яго спадарожніцай па канавах, любіла не менш за свайго стрыечнага брата вудзіць рыбу, пры гэтым шанцавала ёй не меней за яго, хіба што бракавала спрыту і вытрымкі. Я напачатку здзівіўся, калі Надзея прызналася, што адну нядзелю ахвяруе рыбалцы з задавальненнем. А потым самому стала непрыемна ад свайго здзіўлення. Было прыкра з-за сваёй немагчымасці канчаткова вызваліцца ад свайго стэрэатыпу ўспрымання Надзеі як звычайнай гандляркі, для якой галоўнае ў жыцці – рынак і грошы. Добра хоць, устрымаўся, не паддаўся хвіліннаму здзіўленню, не выказаў яго ўголас, не лыпнуў вачамі…

Дарога, падалося, была вельмі доўгай. Пакінулі машыну і яшчэ ішлі ўздоўж адной канавы, зарослай па берагах густой ракітай, пераходзілі па даўно пакладзеным, але сёння патрэбным бадай адно вось такім рыбакам, як мы, мастку.