Выбрать главу

Тут былі сапраўды дзікія мясціны. Я быў не тое каб уражаны – перада мной быццам адкрыўся іншы свет, усё адно як перакінулі ў іншую краіну.

Балота. Сапраўднае беларускае балота пачыналася ад больш-менш цвёрдага берага канавы і слалася далёка-далёка роўнай паверхняй з рудой травой, невысокімі кустамі. Туман плямамі вісеў над асобнымі мясцінамі, метраў за пяцьсот ён ужо здаваўся шчыльным покрывам, закрываў гарызонт. І хоць сонца ўзнялося высока, пачало адчувальна прыграваць, туман не знікаў, наадварот, як быццам гусцеў, пачаў варушыцца, узнімацца ўверх… Балота быццам выдыхала з сябе ледзь прыкметна сівую ўзвесь.

Сюды даўно не прыходзіў ніхто з рыбакоў, прынамсі ў гэтым годзе дык дакладна ніхто, хоць без цяжкасці ўгадваліся на беразе шырокай канавы наседжаныя некалі рыбацкія месцы.

Рыба быццам чакала нас. Сяргей сам насадзіў белых тлустых чарвякоў на кручок Надзеінай вуды, даў ёй, і, пакуль настройваў дзве свае, Надзея з ціхім войканнем захаплення выцягнула з застылай чорнай вады бліскучую рыбіну.

– Ого! Які лінёк! – Сяргеевы вочы заззялі ад азарту, ён хутка зняў рыбіну з кручка, паправіў прынаду: – Сама цяпер, успомніла ўсё? Я таксама хачу!

– І табе хопіць! – адказала Надзея з усмешкай, дадала весела: – А я ізноў першая рыбіну злавіла, ага! – і па-дзіцячы паказала язык.

Дзве гадзіны, пакуль сонца не ўзнялося высока, мы вудзілі рыбу, і мне не хапала часу думаць пра нешта іншае, акрамя паплаўка: ён і на дзесяць хвілін не застываў у нерухомасці. І хоць рыбак з мяне атрымаўся ўрэшце самы няўдалы – мае падсечкі у асноўным былі халастымі, дзясяткі з два карасёў, краснапёрак і плотак я выцягнуў. І даволі ладных, іх прыемна было адчуваць у руцэ. Потым паклёўкі сталі больш рэдкімі і вялымі, нарэшце паплаўкі ўсіх нашых вуд замерлі.

Я ўжо каторы раз паглядаў уздоўж канавы, якая бегла ў бясконцасць балота, гублялася ў кустоўі. Нарэшце папрасіў Сяргея, каб паназіраў за маёй вудай, пайшоў берагам. Чым далей я заходзіў у балота, тым вусцішней рабілася вакол. І хоць быў зыркі сонечны дзень, незразумелая трывога панавала ў наваколлі. Дзікая глуш – упершыню я зразумеў глыбінны сэнс гэтых слоў. Ісці ўздоўж канавы было ўсё цяжэй: кусты густа разрасліся на берагах, іх трэба было абыходзіць, а на два крокі ўбок пад нагамі было ўжо тваніста. Не ведаю, што мяне цягнула сюды.

Канава паступова меншала: балота, некалі ўстрывожанае чалавечым умяшаннем у сваю спрадвечную ціш, зарубцоўвала нанесеныя раны – канава зарастала, зацягвалася. Яшчэ паўсотня метраў – і яе не стала ўвогуле, наперадзе была плоская змрочная раўніна.

Тут ніколі не касіліся травы, тут не хадзілі людзі. Ногі ў гумавых ботах, якія мне даў Сяргей, былі па шчыкалатку ў чорнай вадзе, я рабіў крок – і зямля спружыніла пад нагамі, калыхалася, хвалямі разыходзіліся ваганні. Я адчуваў: стаю, нібыта на тоўстай травяной коўдры, не надта трывалай, а пад нагамі ў мяне – чорныя халодныя нетры.

Працяжна крыкнула нейкая птушка, я ўздрыгнуў ад неспадзеўкі. Крык быў незнаёмы мне, я не ведаў, хто так крычыць. Ці птушка ўвогуле? Глуш не проста заварожвала, яна быццам высмоктвала з мяне думкі і жаданні, насычала незразумелай трывогай. Я думаў над тым, як жа страшна тут можа быць чалавеку, аднаму, калі ён заблукае, згубіць сцежку. Тут жа згінуць – і ніхто ніколі нічога не даведаецца…

Мне раптам падалося, што я пачаў гразнуць. Павярнуўся, выцягнуў адну нагу і цяпер ужо сапраўды пабачыў – другая нага амаль па калена ў вадзе. Даследчык! Я вылаяў сябе, ступіў крок і другі да колішняга берага канавы, а цяпер усяго больш-менш цвёрдага грудка, і там закурыў.

Чаму я сюды ішоў? Чаго не бачыў? Што хацеў зразумець? Проста цікава было?

Не… Іншае цягнула. Той кантраст між жывым горадам і гэтым пустэльным балотам. Гэтая неакрэсленая дакладна лінія падзелу на жывое і мёртвае. Дакладней, на жывое і па-іншаму жывое, бо балота ж не было мёртвым – вось, зноў крыкнула птушка… Здавалася неверагодным: за нейкія дзесяць кіламетраў ёсць горад і асфальтаваныя вуліцы, па якіх бестурботна ходзяць людзі, дзе няма ціхага аднастайнага звону камароў, ад якіх перастаў ужо ратаваць рэпелент і якія нахабна лезуць у вочы. Іншае, невядомае, небяспечнае і варожае жыццё існавала тут, а адкуль яно пачыналася? Я вось цяпер стаяў на цвёрдым нібыта грудку, але дзе гарантыя, што пада мной – не тая ж прорва, што тут не проста больш тоўсты слой той расліннай коўдры? І што мяне трымае тут, на паверхні? Адмерлае жыццё. Мінулае балота.

І як далёка прорва распаўзаецца адсюль? Хіба не стаіць горад на гэтым мінулым, хіба не жывём мы ўсе над прорвай? Там яна не адчуваецца, а вось тут засведчыла сябе пад хісткай плёнкай амаль прывіднай цвёрдасці…