Выбрать главу

Я бачыў перад сабой нечаканы працяг штодзённага звыклага свету, быццам нехта ўзняў мяне над зямлёй, і я змог упершыню пабачыць усю ваколіцу свайго, нібыта цвёрдага месца. Іншае жыццё, жыццё незвычайнае, невядомае, існуе.

Я павярнуўся і пайшоў да сваіх.

Надзея і Сяргей чакалі мяне: на траве бялела разасланая хусцінка, на ёй ляжалі прыхопленыя з сабой бутэрброды, стаяў тэрмас.

– Ідзі, есці будзем, – гукнула Надзея.

Сяргей за гэты час змяняў некалькі месцаў, мяняў прынаду, сыпаў звараныя крупы ў канаву. І дамогся свайго: пакуль я блукаў ўздоўж канавы, выцягнуў тры краснапёркі, цяпер чакаў, пакуль на падкормленае месца збярэцца рыба.

Мне не хацелася зараз засяроджвацца на рыбалцы. Было спакойна на душы ад майго невялікага адкрыцця: жыццё рознае і насамрэч зусім не такое простае, як здаецца. Думка ўвайшла ў маю свядомасць аксіёмай, цяпер заставалася спакойна перабіраць факты-карцінкі, дапускаючы самую неверагодную ў выніку.

Я адышоў крокаў на колькі ад вады.

– Вудзь за мяне, – кіўнуў я Сяргею. – Паляжу крышку.

– Ну падрамі сабе, – з разуменнем згадзіўся ён.

Я не стаў тлумачыць Сяргею, што мне хацелася зусім не драмаць.

Чаму мяне захацелі пазбавіць памяці? Пра што такое я даведаўся, што пачуў ад дачнікаў у Ляўдку, што можа быць небяспечным для іх? Акушэрка прызналася ў прыёме родаў? І яны зразумелі, што іх хлусня – быццам дзіця-гідрацэфал Насціна – лёгка можа быць раскрыта? Не, наўрад, яны ж загадзя прадумалі менавіта такое тлумачэнне. Тое непажаданае для іх было прамоўлена выпадкова… Яно не абмяркоўвалася перад сустрэчай. Яны чакалі ад мяне пытанняў пра жыццё і смерць Насці, пра іх адносіны з ёй, і рыхтавалі адказы. Якіх пытанняў яны не чакалі ад мяне? Успомнім…

Пэўная разгубленасць Федарука выявілася, калі я спытаў пра Яшчура. Занерваваўся? Так, крыху… Пра Цмока? Не, ён толькі здзівіўся, але адказваў, правільней, – збіраўся адказваць мне грунтоўна… Пераказваць міф. Стой! Тая рэпліка з месца перад гэтым! Федарук тады па праўдзе разгубіўся, заспяшаўся хутчэй нешта казаць. Так, я спытаў наконт дзіўнага месца ў іхнім міфе, калі там першапачаткова апісваецца абсурдная сітуацыя: певень не можа знесці яйка. І тады прагучалі словы… Як там было? «Тады пеўню трэба нарадзіцца курыцай». А калі гэта падказка, ключ?

Я рыўком устаў, на мяне азірнулася Надзея, усміхнулася запытальна.

– Усё добра, – кінуў я ёй. – Слухай, Сяргей, – гукнуў я, – кажуць, журналісты – самыя дасведчаныя людзі і ведаюць пра ўсё на свеце. Праўда?

– Няпраўда, – уздыхнуў ён, паклаў вуду, якую трымаў у руцэ, напружана сочачы за паплаўком, які ледзь-ледзь ляніва варушыўся. – Малькі гуляюць… Хопіць нам сёння рыбы, душа свята атрымала, згодныя?

– Не забывайцеся на ўмову: чысціце рыбу вы! – папярэдзіла Надзея, падышла да мяне, апусцілася побач на траву. – Таварыш следчы, якое пытанне замучыла?

Сяргей таксама падышоў і прысеў:

– Прафесія журналіста вымагае ведаць… вяршкі. Так во, нахапаешся ўсяго патроху. Пытайся, можа, некалі і ведаў ды забыў, паспрабую ўспомніць.

– А курыца можа стаць пеўнем? – сеў і сур’ёзна задаў я пытанне.

Сяргей нават не ўсміхнуўся, толькі глянуў на мяне пільна.

– Можа, – і пацвердзіў кіўком галавы. – Толькі не зусім.

– Гэта як? – насцярожыўся я ўнутры.

– Ну, значыць, будзе не зусім самцом, пісюн не вырасце, – усміхнуўся Сяргей. – Прырода – штука дзіўная. Вось сярод земнаводных змена полу – з’ява распаўсюджаная. Вядома, калі ўсіх самцоў трытонаў вынішчыць, дык некаторыя самкі ператворацца ў самцоў. Ёсць нейкія прыхаваныя механізмы і магчымасці…

– Дык а курыца? – нецярпліва вярнуў я Сяргея да сваёй тэмы.

– А курыца… Помніцца, было ў маёй практыцы такое. І пісалі мы нават пра такі выпадак. У адной бабулькі курыца стала пеўнем. Біёлагі тлумачаць лёгка, помніцца, шукаў абгрунтаванне. Калі ў вялікім гурце курэй няма пеўня, дык нейкая курыца можа пачаць сябе паводзіць як певень, робіцца лідарам. Пасля ў яе адрастае вялікі грэбень, хвост… Карацей, мяняецца знешнасць, яна набывае ўсе прыкметы пеўня. Адзінае – унутрана пеўнем не робіцца, апладняць іншых курэй не можа.

– Лесбіянка, – сам сабе радасна ўсміхнуўся я. – Але ж яна можа знесці яйка!

– Ну, мабыць, зможа, – паціснуў плячыма Сяргей. – А гэта важна?

– Важна, – замест мяне нечакана адказала Надзея. – Менавіта такая курыца і зможа знесці яйка, з якога народзіцца Цмок…

– І вельмі важна, што яна чорная, – пляснуў я ў далоні, падскочыў: – Я згодзен адзін пачысціць усю рыбу! Замест пляшкі, якую я вінен табе за такую інфармацыю, Сяргей.