Выбрать главу

Асаблівую павагу сярод моладзі і пэўнай часткі разумнейшых немаладых супрацоўнікаў Віктар Паўлавіч здабыў у мінулым годзе. Тады стаяла неймаверная гарачыня, медсёстры ў бальніцы мусілі ратавацца, надзяваючы свае халаты на голае цела. А тыя халаты – з сінтэтыкі белай, то не касцюмы ўрачоў са шчыльнай зялёнай тканіны. Дык трусы і станікі жанчын, якія дастаткова сэксуальна падкрэслівалі вабныя формы ў большасці медработнікаў, выклікалі ў асобных пурытан, як мужчынаў, так і жанчын, літаральныя прыступы шаленства. Дайшло да таго, што пасыпаліся скаргі ад найбольш пільных грамадзян у райвыканкам. Тамара расказвала, што на адной апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама, той яшчэ самадур, накінуўся на галоўурача: развёў бардэль, медсёстры амаль голыя ходзяць. На гэта Віктар Паўлавіч, выслухаўшы з’едлівыя абвінавачанні і патрабаванні неадкладна навесці парадак, спакойна адказаў: «Згодна з санітарнымі нормамі, медыцынскі персанал павінен пераапранацца ў спецадзенне, знімаючы сваю вопратку. Мы атрымалі тыя медыцынскія халаты па лініі гуманітарнай дапамогі пяць гадоў таму. Грошай, якія былі выдзеленыя на спецадзенне за мінулыя пяць гадоў, хапіла толькі на касцюмы пяці маладым урачам. Іншыя даношваюць старыя ці купляюць пры выпадку касцюмы за свае грошы. Калі мне сёння пералічаць патрэбныя мільёны (тут галоўурач назваў суму з дакладнасцю да рубля), заўтра ўвесь медперсанал будзе апрануты згодна з патрабаваннямі санітарыі і дыенталогіі. У адваротным выпадку медсёстры будуць насіць тыя самыя празрыстыя халаты, якія сталі празрыстымі з прычыны цалкам выпрацаванага рэсурсу і распаўзаюцца літаральна на вачах». Кіраўнік раёна быў уражаны менавіта дакладнай лічбай і, каб годна выйсці з сітуацыі, тут жа падняў начальніка фінаддзела і запатрабаваў знайсці хоць колькі грошай. Пазней нехта казаў, што сам галоўурач крадком заахвоціў медперсанал насіць халаты на голае цела, каб нарэшце атрымаць грошы, якія выбіваў некалькі гадоў.

Віктар Паўлавіч сустрэў мяне ў сваім кабінеце з ужо прынесенай на яго загад асабістай справай. Яшчэ калі я тэлефанаваў яму, ён ужо ведаў пра смерць сваёй работніцы. І цяпер выглядаў вельмі засмучаным.

– Грыцук Насця… Вельмі шкада, шчыра кажу. Моцная маладая жанчына, не грэблівая. Угаварылі працаваць у хірургічным аддзяленні, там і сіла ў руках трэба, і самі разумееце, якія бываюць людзі пасля аперацыі, – пасля паціскання рукі прапанаваў мне сесці галоўурач, і пасунуў да мяне тонкую папку – асабістую справу. – Там усё чыста.

– Віктар Паўлавіч, мне, самі разумееце, пакуль трэба як мага больш даведацца пра… вашу былую работніцу.

– Асабіста магу адзначыць толькі станоўчае: старанная, выключная выканаўца, ніякіх заўваг па рабоце, ніякіх эксцэсаў з хворымі. Працуе… працавала пяць гадоў. Сустракаўся з ёй я часта, бо мой профіль – хірургічны. Маўклівая, няўсмешлівая, але ветлівая. Вы б хацелі пагаварыць з усім персаналам, як я разумею? Магу саступіць вам свой кабінет, тут не перашкодзяць.

– Дзякуй вам, Віктар Паўлавіч, напачатку я хацеў бы пагаварыць са старшай медсястрой…

– Я запрасіў і яе, і загадчыцу аддзялення. Яны павінны падысці… – галоўурач пацягнуўся да кнопкі апарата: – Андрэеўна, калі ласка, запрасіце да мяне старшую медсястру хірургічнага аддзялення. І загадчыцу адразу, – аддаў ён распараджэнне сакратарцы.

У расчыненых дзвярах з’явілася мажная жанчына гадоў сарака ў белай шырокай куртцы і такіх жа белых шырокіх штанах, і я не мог для сябе не адзначыць тое, як галоўурач прыўзняўся, жэстам паказаў жанчыне на крэсла ля стала:

– Праходзьце, Ганна Антонаўна. Гэта, – ён павярнуўся да мяне, – следчы пракуратуры. Ганна Антонаўна – старшая медсястра хірургічнага аддзялення. Прычыніце дзверы, калі ласка.

Я прыўстаў таксама, і, унутрана задаволены сваім выхаваннем, злёгку нахіліў галаву, вітаючы жанчыну.

– Ганна Антонаўна, вы, думаю, здагадваецеся, з якой прычыны ў нас такія… госці і чаму я вас паклікаў. Мне вас пакінуць сам-насам? – зірнуў на мяне Віктар Паўлавіч.

– Не, дзякуй, не трэба. Тут не допыт, хачу папярэдне пагутарыць. Праўда, фармальнасці нейкія трэба выканаць, таму прашу вас, – звярнуўся я да жанчыны, – ваша прозвішча, дзе жывяце, пасада…