Выбрать главу

– Тое вынікае, паважаны Васіль, што няма ні вядзьмарства, ні містыкі – а ёсць з’явы ў жывой прыродзе, у сістэме чалавечых адносін, якія маюць месца, але пакуль (звяртаю ўвагу – пакуль) не могуць быць намі патлумачанымі. Як і тыя ж забабоны і прымхі, над якімі мы сёння смяемся. Да прыкладу, вы ж ведаеце, напэўна: нельга нежанатым садзіцца на рог стала?

– Чуў, – усміхнуўся я. – Праўда нельга?

– Праўда! І патлумачылі тое, калі адкрылі статычную электрычнасць. Натуральная шэрсць і футры жывёл у адзенні – усё гэта вельмі моцна электрызавалася. А статыка мае ўласцівасць сцякаць да краю, вастрыя. Чалавек сядаў на кут і мог атрымаць электрычны разрад. Куды? Жанчына – у чэрава, мужчына – у вобласць прастаты. Ток невялікі, але ўдар мог быць вельмі моцным. Стрэс… бяздзетнасць. І калі вось так пільна глянуць на гэтыя нібыта забабоны, то высветліцца, што ўсе яны маюць сэнс, няхай пакуль і схаваны ад нас у большасці выпадкаў.

Шчыра кажучы, мяне ўразілі тлумачэнні сваёй нечаканасцю і прастатой з адначаснай дасканаласцю. Але рэаліст ува мне супраціўляўся:

– Вам засталося патлумачыць прарочыя сны…

– Прыйдзе час! І амаль прыйшоў, – быццам толькі і чакаў такі скепсіс Федарук. – Сённяшняя квантавая фізіка, вы ж ведаеце пра такую, літаральна з ног на галаву ставіць наша ўяўленне пра сусвет. Элементарная часцінка можа быць адначасова ў двух месцах, і значыць, існаванне паралельнага свету – не фантастыка. Нядаўнія эксперыменты выявілі: у мікрасвеце працэсы, якія мусяць адбыцца, уплываюць на існуючы стан рэчываў! Будучае ўплывае на сучаснасць! Навуковы факт. То чаму здзіўляцца, калі нашы продкі перадалі нам у карыстанне такую вядомую прыкмету: вернешся назад – чакай непрыемнасцей. Гадоў праз колькі механізм гэтай прыкметы будзе такі ж просты, як і прадказанне дажджу па ластаўках. Але многага пакуль нельга патлумачыць. Таму, калі я буду вам казаць, што чагосьці не ведаю, я прызнаюся ў гэтым шчыра. Я навуковец, мне нельга саромецца нечага не ведаць.

– Дзякуй за шчырасць…

– Няма за што дзякаваць, праўда. Ці магу я вас папрасіць? – Федарук пільна паглядзеў мне ў вочы, з павагай: – Вы ж зрабілі для сябе нейкія вывады з усёй… гісторыі. І не памыліліся пакуль, – тут ён уздыхнуў. – Мне цікава ведаць ход вашых думак, разважанняў. Прашу мне прабачыць, я не пытаюся пра нейкія сакрэты следства. Мне здаецца, вы не да канца прайшлі…

– Так, пакуль не да канца, – не стаў хаваць я праўды. – Але дайду.

– Не сумняваюся. Дык важнай падказкай стала рэпліка аднаго нашага сябра?

– Калі вы пра пеўня, які зможа знесці яйка, калі народзіцца курыцай, то так.

Федарук уздыхнуў, хоць асаблівага шкадавання я не заўважыў.

– Сталася, дык сталася. Рана ці позна… Вы маеце ўчэпісты розум. Калі вы ўспомнілі пра Трою, пра тое, што кожны міф можна разглядаць як завуаляваны факт, я зразумеў, што вы дойдзеце да ісціны.

– Так, тая рэпліка паскорыла следства, надала правільны кірунак, – згадзіўся я, адчуваючы прыемнае казытанне самалюбства. – Хоць, скажу вам шчыра, спачатку я быў перакананы, што вы ўсе звязаныя з нейкай сям’ёй ці, горш за тое, групай з іншай краіны, якая замаўляе тут дзяцей. А іх выношваюць сурагатныя маці. Усё падыходзіла: цяжарнасць у вялікай тайне, той факт, што Насця – лесбіянка, але выношвала дзіця.

Сумненні пачаліся пасля таго, як я даведаўся пра Цмока. Насця ў перапісцы са сваёй сяброўкай прызналася: ёй трэба нарадзіць гэтую істоту.

Мне патлумачылі пра міф. Стары Зміцер, бацька Насці, нечакана сказаў, што калі дачка выйшла замуж за Яшчура, дык і мусіць нарадзіць Цмока. І тут вось гэтая падказка: каб певень знёс яйка, ён павінен нарадзіцца курыцай. У прыродзе, кажуць, здараецца, калі курыца можа прыняць выгляд пеўня, але не страчвае пры гэтым магчымасці несці яйкі. Атрымалася, у міфе нічога нерэальнага не было. Насця нарадзілася хлопчыкам у целе дзяўчынкі, ведаю, прырода іншы раз так жорстка жартуе з людзей.

– Значыць, вы, скарыстаўшы прыродны факт, паклалі міф на рэальную глебу…

– Калі хочаце, хай будзе глеба… Так, калі ў прыродзе чорная курыца можа ператварыцца знешне ў пеўня, значыць, у міфе пад ёй можа хавацца жанчына-лесбіянка. Чорная – у дадзеным выпадку не колер, а вядзьмарства, бо ведзьмакі – чорная сіла ў вачах хрысціянства. Такім чынам, Насця і была тым самым чорным пеўнем, які павінен быў знесці яйка. Вяскоўцы бачылі, як неяк восенню менавіта Насця стала цэнтральнай фігурай аднаго з абрадаў, якія вы тут ладзілі сваім гуртом. Аддалі яе Яшчуру. Ад восені да сёння – тыя самыя месяцы для выношвання дзіцяці. А пасля я атрымаў і пацвярджэнне сваіх разваг ад Ганны Латышонак, пабачыў і само месца. Прызнаюся: уразіла… Ведаю сёння, хто быў бацькам. Той паэт, Андрэй Дылько.