Выбрать главу

– А дзе ён працуе, вучыцца?

Ганна ніякавата шморгнула носам.

– Выбачайце… Аляксей, гэта мой сябра, вунь, – яна азірнулася назад, да барнай стойкі, – таксама пытаў пра Валянціна, і я не змагла нічога ўспомніць. Так атрымалася, я нічога не ведаю пра яго. Ён паведаміў толькі, што вучыцца завочна і працуе. Але дзе, не прызнаўся, быццам яму сорамна было. Адмахнуўся, маўляў, няварты ўвагі занятак. Я нічога пра яго не ведаю. Апрача імя.

– Зразумела, так бывае, – супакоіў я Ганну. – Што было далей?

– Я так хацела, каб ён прыехаў да нас, пабачыў на свае вочы наша месца. А тут мы ладзілі абрад, рэканструкцыю рытуалу: збіраліся ахвяраваць дзяўчыну Яшчуру. Я запрасіла Валянціна. Ён загарэўся, стаў пытацца: каго, якую менавіта дзяўчыну. Я расказала яму пра Насцю, бо мы ведалі ўжо ролі. Мы з ёй амаль пасябравалі, я спадабалася ёй, ну, разумееце, я адразу заўважыла яе… незвычайнасць. Але я гэтага не спужалася, у мяне была сяброўка лесбіянка. Я спакойна аднеслася да ўвагі Насці, патлумачыла ёй, чаму не змагу быць… яе блізкай знаёмай. Яна мне давярала. І Валянціну я адкрыла гэты Насцін сакрэт. Мне хацелася яго зацікавіць, бо ж… не зусім звычайна.

– І ён прыехаў?

– Не. Ён абяцаў: будзе абавязкова, але не прыехаў. Пазваніў толькі праз тыдзень, быў нейкі… халодны і грубы. Быццам я яму надакучыла і ён знайшоў мне замену. Я зразумела ўсё, паплакала трошкі, – Ганна злёгку пачырванела ад сваёй шчырасці. – Больш мы не сустракаліся, і ён мне не званіў. Я тады выдаліла яго кантакты…

– І не помніце нумар? Хоць колькі лічбаў? Аператар?

– Так, сёння нічога не запамінаеш, – без ценю віны прызналася дзяўчына. – Дакладна помню, што той жа аператар, што і мой. А яшчэ ў нумары былі дзве чацвёркі побач. Вось, усё ад тых сустрэч…

Падышоў Аляксей, паставіў на стол дзве шклянкі, бутэльку колы, паверхня шкла якой паспела пакрыцца халодным туманам. Я падзякаваў, ён адышоў зноў.

– А бірулька? На памяць засталася? – кіўнуў я на пластмасавага дракона, наліў напой у шклянкі і з задавальненнем адпіў са сваёй ці не палову.

– Не… – Ганна марудзіла з адказам. Таксама адпіла колы, кранулася асцярожна, быццам жывога, дракончыка на стале. – Калі Насцю прывезлі мёртвую ў яе дом, мы прыходзілі. Мне стала дрэнна, пачало ванітаваць, я выскачыла за хату. І там знайшла.

– Знайшла? – не зразумеў я.

– Гэтага дракончыка знайшла. У траве ля самай хаты…

17

У кожным канцы хаваецца новы пачатак.

Салон мабільнай сувязі яшчэ быў адчынены. Цяжарная маладзіца помніла мяне, ветліва ўсміхнулася:

– Яшчэ нешта шукаць трэба?

– Так, праца такая ў мяне – шукаць, – я пастараўся адказаць бестурботна, здаецца, атрымалася няблага, бо жанчына ўсміхнулася мне зноў, ужо спачувальна.

– Буду рада дапамагчы!

– Вельмі ўдзячны вам. Калі ласка, усё па гэтым тэлефоне ў перыяд з вясны мінулага года па восень… – Я дастаў мабільнік і прадыктаваў нумар Ганны Латышонак. – Мне можна пачакаць?

– Пачакайце, так, – жанчына засяродзілася на экране ноўтбука. – У мяне рабочы дзень скончыўся, але я вам дапамагу. Хвілін дзесяць, добра?

– Выдатна! Якраз пакуру, – я выйшаў з салона, заспяшаўся да блізкага адсюль універсама. Неабходнасць аддзячыць жанчыне цукеркамі была відавочнай: і дзень працоўны скончыўся, дык і паперу з пячаткай не стала патрабаваць…

Чаму яна так засаромелася, калі я працягнуў ёй цукеркі, зразумеў не адразу. На хаду зазіраючы ў паперы, шукаючы там нумары з дзвюма лічбамі «4», раптам успомніў, як яна выразна пасунула па стале да мяне гэтыя аркушы – правай рукой.

І пальцы яе былі без пярсцёнкаў. Жанчыны, жанчыны…

Вяртаўся на кватэру знаёмай мне ўжо да кожнай калдобіны на асфальце вуліцай, і гэтая дарога зноў выклікала ў мяне згадкі пра плынь. Сам не ведаю чаму, але бірулька-дракон заставалася ў маёй руцэ, я не стаў класці яе ў кішэню. Дзіўная пластмаса – не мокне ад утрымання ў далоні, хоць і тлуставатая. Быццам і цвёрдая, але пазногаць пакідае след, як добра націснуць. Значыць, рэжацца нажом. Кшталту замерзлага кавалка сала. Нічога падобнага я нідзе не бачыў, значыць, нешта рэдкае, спецыфічнае.

Чаму і як ён там апынуўся? Пачнём з самага бяскрыўднага. Найбольш верагодна: той хлопец займеў нейкія стасункі з Насцяй. Прыязджаў да яе. Тым больш, як казала Ганна, яна паказвала яму старонку Насці ў сацсетках. Можа, запаў. А тут яшчэ мужчынскае самалюбства закалола шылам у адным месцы: падумаеш, лесбіянка – не бачыла сапраўдных мужыкоў! Ёсць жа ў нас такое перакананне: жанчыны таму кахаюць жанчын, што мужыкоў, вартых кахання, не сустракаюць. Іншы варыянт: той Валянцін мог падарыць-перадаць свайго дракончыка іншай жанчыне. Яшчэ: падобная бірулька не адна была зроблена. Карацей, цалкам усё можа быць бяскрыўдным. Ці зусім не бяскрыўдным. Калі гэты дракончык – яго, і ён насамрэч яго згубіў тут…