– Еш…
Надзея прысела насупраць, падперла рукой шчаку, глядзела з сумам і замілаваннем.
– Цяжка мне табе патлумачыць, – уздыхнула яна. – То і не буду гэтага рабіць. Калі сам пачаў задаваць сабе пытанні – знойдзеш адказы. Адно скажу, і не будзем больш на гэтую тэму, добра? Дык вось… Ты пра дзяржаву кажаш так, быццам тое нейкая адмысловая сістэма, якая не падлягае крытыцы. А ведаеш, я табе параю: разбяры па элементах дзяржаву, гэтую сістэму. І пабачыш: уся яна складаецца з людзей. Самых звычайных людзей. Больш за тое, нехта туды трапляе зусім выпадкова. Памятаеш, старажытныя грэкі казалі пра ідэальнае грамадства, у якім кіраваць павінны вучоныя? Ведаеш чаму? Таму адказваць, напрыклад, за культуру краіны можа толькі той чалавек, які ведае не толькі сваю культуру, але і суседнія, і чужыя, далёкія. Вучоны разумее выключную значнасць культуры для развіцця грамадства. А калі прыйшоў той, для каго помнік драўлянага дойлідства – усяго толькі старая царква, якая не мае ніякай карысці, далягляд псуе, вока мазоліць? Такі кіраўнік закамандуе тую царкву знесці ды пабудаваць новую з сучасных матэрыялаў па сучасным праекце, каб прыгожа (у яго разуменні)! Катастрофа для культуры краіны. І так ва ўсім. У сімволіцы, мове, літаратуры… У адукацыю прыходзіць выпадковы чалавек – і вось панесліся эксперыменты: то дзесяць, то дванаццаць, то адзінаццаць гадоў навучання ў школе, то экзамены, то тэсты. Вось падручнікі перапісваюцца найперш па гісторыі, пасля – па літаратуры, вось ужо родная мова літаральна знікае са школ, вось вывучаюць яе па гадзінах столькі ж, колькі замежную… Дык як і каму іх спыніць? Знаеш, як баліць таму ж вучонаму, калі ён бачыць бездань, у якую коціцца краіна, а нічога зрабіць не можа?
– Што ты да культуры прычапілася? – паспрабаваў аджартавацца я, бо словы Надзеі сталі нечаканым і не самым прыемным адкрыццём для мяне. Неяк не думаў я раней вось так пра дзяржаўнае кіраванне, што ўсё – ад людзей, а людзі – розныя.
– Культура вызначае нацыю, народ… – мякка працягвала тлумачыць Надзея.
– Не будзе гэтай культуры, будзе іншая.
– Не будзе ніякай, калі сваю вынішчыць. Культура па загадах не з’яўляецца. І тады знікне народ.
– А якая ў прынцыпе розніца, кім мне тут звацца? Беларусам, бамбаросам, бульбарусым? – я разгарачыўся, гаварыў гучна і не спыніўся, калі на кухню зайшоў Сяргей.
– Слушнае пытанне, – ён прысеў побач, узяў мой відэлец, начапіў пельменіну і акуратна зняў яе зубамі. Пракаўтнуў, пражаваўшы, працягнуў: – На яго няма чаго адказаць таму чалавеку, які такое пытанне задае. Тады ты сабе і стой убаку. Адно хоць не перашкаджай… Ты вось яшчэ зразумей і прымі: Надзея такая, якая ёсць, у яе гэты боль не адняць, ён з ёй будзе. Як і нос птушынай дзюбай. Калі яна табе мілая з такім носам, то прымі і з такім болем.
– Сяргей… Не трэба. Усе людзі розныя, – ціха прамовіла Надзея.
Мне захацелася пакрыўдзіцца: чым я магу перашкаджаць і каму? Але стрываў, пастараўся не прыдаваць значэння пачутаму: надта ж засмучанай выглядала Надзея, калі казала апошнія словы.
– Надзюш… Не крыўдуй на мяне, калі ласка, – павініўся я сам. – Зразумей: мяне вучылі сцерагчы законы, а не распавядалі пра значнасць культуры… Вельмі смачныя пельмені.
– Смачныя, пацвярджаю, – кіўнуў Сяргей, адправіў у рот яшчэ адну пельменіну, устаў і пайшоў да парога. – Не крыўдзі мне сястру, – ці то жартам, ці то ўсур’ёз прыгразіў.
– Ды я не крыўдую, – Надзея працягнула руку цераз стол, кранула далонню маю галаву, злёгку ўзвіхурыла валасы. – Помніш гісторыю? Варвары захапілі Рым. Але іх культура была настолькі слабой і неразвітай, а культура рымлян такой моцнай, што праз некаторы час варвары зніклі – а з’явіліся новыя рымляне. Можна заваяваць краіну, але нельга заваяваць народ. Ён проста можа знікнуць, калі яго культура растане ў іншай. Прабач, я табе так кажу, бы вучню… А пельмені звычайныя, то я ў іх мяса паклала сапраўднае.
– Вунь як! Я і ёсць вучань…
– Ну, тады яшчэ адзін факт майму вучню, – усміхнулася Надзея. – У краінах, дзе нацыянальная палітыка – адна з галоўных у дзяржаве, і жыць добра. Скандынаўскія краіны, напрыклад.
– А Ісландыя? – я ўспомніў сваю размову з Федаруком.
– Вось, Ісландыя. Там ці не самая жорсткая міграцыйная палітыка ў свеце, нацыянальнае ставіцца вышэй за ўсё…
– І ў Ісландыі іншы раз пустуе іх адзіная турма, – дадаў я.
– Вось бачыш… Даядай!
– Многа мне! – прызнаўся я, бо і сапраўды ўжо наеўся, а ў талерцы заставалася яшчэ трэць.
– Не еў жа ні халеры ўвесь дзень! – прыкрыкнула Надзея, і ў яе атрымалася так па-хатняму, так непасрэдна і цёпла, што я залыпаў вачыма.