Выбрать главу

– Крычыш так… Як на свайго.

– Крычу, пакуль магу. Пакуль тут і мой, – сказала Надзея і сарамліва апусціла вочы.

– Добра, даем… А паслухаеш мяне?

– Куды ад цябе падзенешся, паляўнічы на цмока…

Я ўздрыгнуў. Паляўнічы на цмока… Я ж сапраўды палюю зараз на цмока, я хачу знайсці яго і… пасадзіць у клетку – здаць у дзіцячы дом. Дастаў з кішэні бірульку, працягнуў Надзеі.

– Глядзі…

– Што гэта? – Надзея ўзяла дракончыка з відавочнай насцярогай у вачах.

Я прыўзняў палец угару з маўклівай просьбай пачакаць, бо якраз жаваў, хутка даеў пельмені, пасунуў ад сябе талерку. Надзея забрала яе і аднесла, пасля прысела побач са мной.

– Ну?

Я стаў расказваць ёй пра ўсё: пра размову з Федаруком, пра допыт Падлужнага, пра загад Тамары закрываць справу, пра сустрэчу з Ганнай Латышонак і яе знаходку.

– Бачыш – я маю ўсе шансы трапіць у падручнікі па следстве: нідзе яшчэ не апісаны выпадак забойства, калі забілі маленькага драпежнага звярка, а ў выніку на полі апынуўся труп жанчыны!

– Не верыш? – прыжмурылася Надзея. – А ты ж казаў, там слядоў аніякіх не было. Бачыш, і тлумачэнне адразу: слядоў ласкі нельга было заўважыць. Памерла – і стала чалавекам зноў, – уздыхнула яна.

– Ты здзекуешся? Вось так мне і запісаць: жанчына абярнулася ласкай… Ты зможаш у ласку ператварыцца? Ты ж таксама ведзьма!

– Эх ты, недаверак! – Надзея ўскудлаціла мае валасы, пасля захапіла іх, пацягнула назад, прымусіла мяне адкінуць галаву. Наблізіла свой твар да майго, зазірнула ў вочы. Яе зрэнкі былі так блізка, што абрысы расплыліся, яе вочы ператварыліся ў нябачанае раней бяздоннае і жывое мроіва. Надзея зашаптала горача і адначасова ўсмешліва, з абяцаннем і перакананай верай: – Недаверак мой любы… Калі жанчына кахае – яна ўсё можа. Дзіва хіба – стаць жанчыне ласачкай? Ды калі засумую без цябе, калі доўга пабачыць не змагу – лелькай-матыльком да цябе прылячу, самы капрызны вецер спадарожным зраблю, каб нёс мае тонкія крылы імкліва. Тым матыльком, паўлінавым вокам, ведаеш? Прылячу і тымі вачамі на аксамітных крылах у душу табе зазірну, да самага донца. Пабачу там каханне тваё, пабачу сябе ў тваіх зрэнках і вярнуся самай шчаслівай дадому…

Надзеіна дыханне ветрыкам казытала мой твар. Я памкнуўся наперад, сустрэўся сваімі вуснамі з яе, прыпаў, прытуліўшы мякка яе галаву да сябе.

– Пусці… Пра справу думай, таварыш следчы! – вызвалілася Надзея. – Жанчына ўсё можа, ведай!

– Пачынаю верыць! – уздыхнуў я. – Яшчэ кавы кубачак з тваіх рук – і запішуся ў апалагеты вядзьмарства! А зараз пакуру і зраблю адзін званочак, ага?

– Ага… Куры і звані. Кава хутка.

Прысеў на лавачку ля хаты, дастаў з кішэні аркушы з раздрукоўкай тэлефонных званкоў Ганны Латышонак. Акуратна выкрэсліваў тыя, які не падыходзілі ніяк. Патрэбны нумар – з дзвюма лічбамі «4» – быў толькі адзін. Па часе супадала – вясна-лета мінулага года.

Я захваляваўся. Не разумеў, чаму так адбылося, таму зазлаваў на сябе. Гэты званок мог нешта прынцыпова змяніць? Няўжо трэба ўсур’ёз думаць аб дачыненні невядомага «паляўнічага на Цмока» да смерці Насці?

Закурыў, набраўшы нумар, зрабіў некалькі зацяжак і толькі тады націснуў выклік.

Насуперак маім думкам пра тое, што пачую механічны голас пра абанента, які знаходзіцца па-за межам дзеяння сеткі, пайшоў выклік, другі, і малады мужчынскі голас адказаў:

– Алё, слухаю!

– Добры вечар, – я павітаўся як мог бестурботна. – Валянцін?

– Хто пытае?

– Ды знаёмы…

– Які знаёмы? Такіх многа!

– Дык гэта Валянцін?

– Ну, Валянцін, Валянцін… Кажы, хто ты такі? І тут я зразумеў: зрабіў глупства. Мне трэба было дачакацца заўтрашняга дня, «прабіць» патрэбны мне тэлефон, пасля сабраць усю адпаведную інфармацыю пра абанента… Але ж я не ўпэўнены, што невядомы мне Валянцін згубіў свайго дракончыка падчас злачынства! Яшчэ была магчымасць выйсці з сітуацыі без турбот: назваць сябе якім чужым імем, урэшце спісаць усё на памылкова набраны нумар. А заўтра рабіць усё як след. Але я, насуперак гэтым кволым думкам, пайшоў, што называецца, ва-банк:

– З вамі размаўляе следчы пракуратуры Васіль Шайбак. Мне неабходна задаць вам некалькі пытанняў у сувязі з адной крымінальнай справай, якую я расследую, – афіцыйна паведаміў я.

– …Тваю! – нечакана прасіпеў мацюком мой суразмоўца, пасля я пачуў прыглушанае (мабыць, мікрафон прыкрылі рукой) пытанне: – Прабілі? Васіль Шайбак? – і пасля доўгай паўзы голасна, з прыкрым расчараваннем мужчына павітаўся са мной: – Здароў быў, калега!

– Не разумею… – збянтэжыўся ад нечаканасці я.