– Следчы райаддзела Горбач. Вяду праверку па заяве адной грамадзянкі па факце знікнення ў невядомым кірунку яе кватаранта, далёкага адзінага родзіча нібыта Валянціна Манько.
– Нібыта?
– Так. Гэты Валянцін жыў паўгода ў сваёй стрыечнай цёткі, як яна патлумачыла.
«Пляменнік» прыехаў, папрасіўся пажыць, абяцаў добра плаціць. Яе сястра жыла ў вёсцы на Віцебшчыне, памерла больш за дзесяць гадоў таму. Цётка ад таго часу не бачыла пляменніка. У яе свой дом, некалькі пакояў, пусціла пажыць.
«Пляменнік» тым вечарам пайшоў, па яго словах, да банкамата па грошы і не вярнуўся. Рэчы, тэлефон засталіся на кватэры. Дакументаў ніякіх. Сапраўдны Валянцін Манько ў бацькоўскім доме. Правяраем…
Надзея прынесла каву, паставіла кубак побач са мной, пайшла.
– Сітуацыя, – уздыхнуў я ў тэлефон. – Мне б таксама з ім хацелася пагаварыць, з гэтым «пляменнікам».
– Сур’ёзнае нешта? – больш для ветлівасці пацікавіўся Горбач.
– Пакуль і не ведаю, – самому сабе прызнаўся я. – А па «пальчыках» не спрабавалі выйсці?
– Ды ніводнага ў доме цёткі, вось дзе дзіва. Нават на яго тэлефоне. Ну, поспехаў!
Сонца зайшло. Аднекуль пацягнула холадам, я пацепнуў плячыма, узяў у абедзве рукі гарачы кубак з кавай. Выйшла Надзея, прысела побач, прытулілася. Мы маўчалі.
Я дапіў каву, паставіў кубак, пацягнуўся па цыгарэты.
– Курыш многа, – заўважыла з абвінавачваннем Надзея. – Нельга так – адну за другой, здароўе не купленае.
Я не зазлаваў. Яна мела рацыю, а да ўсяго, мне быў прыемны яшчэ і вось такі клопат. Таму не прыкурыў.
– Што задумаўся? – зазірнула мне ў вочы Надзея. – Гэткі ў цябе выгляд…
– Які?
– Разгублены нейкі. Стаміўся вельмі? Ідзі, апаласніся ды паляжы. Пачытай…
– Ведаеш, Надзюшка… – я ўзяў Надзеіну руку ў сваю, пагладжваў пальцы. – Яшчэ два месяцы таму я і ўявіць не мог, як буду казаць некалі такое іншаму чалавеку. Усё было такім звычайным, спакойным, зразумелым. А цяпер я нібыта стаю на вялікім раздарожжы. І мне трэба выбіраць. Мне сапраўды трэба выбіраць, і я разумею, наколькі важны для мяне гэты выбар.
– Тады выбірай, – ціха параіла Надзея. – Любы асэнсаваны выбар – лепш, чым плыць па цячэнні.
– Так, плыць ужо не атрымаецца…
Я сапраўды думаў над нечакана асэнсаваным раздарожжам. Мне можна было цяпер забыцца на справу, закрыўшы яе, як настойвае Тамара. Можна насуперак ёй адшукаць жонку Федарука і дзіця Насці Грыцук, дабіцца генетычнай экспертызы і адабраць дзіця. І вось цяпер гэты Валянцін і бірулька. А калі яны – нейкая нітачка? Сапраўдная, самая сур’ёзная з усіх?
Ажыў мой тэлефон, я зірнуў – нумар быў незнаёмы. Мільганула думка не адказваць, быццам я прадчуваў нешта нядобрае, але націснуў на кнопку.
– Слухаю.
– Добры вечар! Васіль Шайбак, следчы пракуратуры раёна?
– Так. Хто мяне турбуе?
– З генеральнай пракуратуры. Мяне завуць Раман. Ці можна з вамі сустрэцца і пагаварыць? Размова не зойме многа часу.
– Канечне, можна, – заспяшаўся я, адчуваючы непрыемнае сцісканне ў жываце. Што трэба ад мяне генеральнай пракуратуры?
– Калі вы не супраць, то можна сустрэцца зараз. Мы тут праездам, а паразмаўляць хацелася б асабіста. Мы можам пад’ехаць. Дзе вы жывяце?
– А дзе вы зараз? – змог спытаць я.
– Каля вашай пракуратуры.
– То я падыду праз дзесяць хвілін.
– Выдатна, мы чакаем.
Я застыў у разгубленасці.
– Нешта здарылася? – устрывожылася Надзея, углядаючыся ў мой твар.
– Ды як быццам нічога, – супакоіў я яе і самога сябе. – Мне трэба прайсціся да пракуратуры. Там мяне чакаюць… Думаю, размова хвілін на дзесяць. З генпракуратуры… – дадаў я, пабачыўшы, як не на жарт устрывожылася Надзея.
– Я буду чакаць…
– Я нідзе не затрымаюся.
Калі я наблізіўся да пракуратуры, з аўтамабіля, які стаяў ля будынка, выйшаў мужчына, на выгляд – амаль майго ўзросту ці крыху старэйшы за мяне. Апрануты ў джынсы і кашулю з кароткімі рукавамі, ён ніяк не ўдаваў чыноўнікам высокага рангу. Ні вусоў, ні барады на твары, падстрыжаны амаль пад нуль, трохі вышэй сярэдняга росту і спартыўнага целаскладу. Гэткі мацак.
– Васіль? – сустрэў ён мяне пытаннем. Пабачыў мой згодны ківок, дастаў з кішэні кашулі пасведчанне, разгарнуў і паказаў мне: – Гэта я вам званіў. У мяне крыху далікатная справа. Можа пройдземся?
– Калі ласка, – адказаў я. – Можна вось вуліцай – да царквы і назад. Тут ціха зусім.
Пакуль я ішоў сюды, паспеў супакоіцца. Быў зараз больш заінтрыгаваны, чым узрушаны.
– Выдатна… Прабачце за турботы ў непрацоўны час, але справа амаль прыватная, – пачаў Раман.
– Няма праблем, – адказаў я.
– Смерць жанчыны па справе, якую вы расследуеце, як вы разумееце, выклікала немалы рэзананс у СМІ, самі ж разумееце – кідаюцца ўсе на смажанае. А тут яшчэ чуткі пра нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю. Чыталі ж?