Мы ішлі па тратуары, які быў выкладзены невялікімі бетоннымі квадратамі, якія ад часу і маразоў месцамі пакрышыліся. Надыходзіла шарая гадзіна, даводзілася ступаць асцярожна, каб не спатыкнуцца на якую калдобіну.
– Чытаў, вядома, – адказаў я Раману. – Мусіў. Мы самі рыхтавалі кароткае паведамленне для мясцовых СМІ, але ж у журналістаў і свае каналы, і свае думкі. Іншы раз і яны нешта такое адкапаюць…
– Добра… – Раман зірнуў на мяне, быццам хацеў праверыць, ці можна было мне давяраць нейкія асаблівыя тайны. – Вы закончылі расследаванне? Ёсць пэўныя акалічнасці, па якіх справах зацікавіліся на ўзроўні, значна вышэйшым за ваш раённы.
Мы дайшлі да царквы, цяпер тут было пуста і нават вусцішна: чорныя купалы яе быццам нараджалі шэрань, якая скочвалася ўніз, распаўзалася і гусцела.
– Амаль закончыў, – кіўнуў я. – Курыце?
– Закурым, – пагадзіўся Раман.
Я прыпальваў і адчуваў, як ад хвалявання трапечуцца жылкі ў мяне на скронях. Вось ён, мой шанец! Цяпер выкласці ўсе вядомыя мне факты і сумненні. І заўтра будзе дастаткова адзінага званка адтуль – і Тамара нікуды не дзенецца, будзе генетычная экспертыза! І будзе мне дазвол і час на пошукі сведкаў смерці Насці, бо не бывае так, не можа так быць, каб ніхто нічога не бачыў, не чуў. Яшчэ раз усіх апытаць! Яшчэ раз прааналізаваць званкі і месцы знаходжання кожнага з жыхароў Ляўдка. Абсалютна не распрацаваны той мёртвы паэт Дылько: хто яго сябры, чым займаўся, дзе знаёмыя? Няпраўда, адшукаецца яшчэ нітачка… І Тамары крыўдаваць не будзе чаго: я ж не скаргу напісаў, не данос – я падзяліўся сваімі сумненнямі з чалавекам, якога цікавіць следства. З такім, з якім можна і трэба дзяліцца, бо намеснік генпракурора вышэй усё ж за пракурора раённага… Толькі што за акалічнасці? Спытаць? Але ж не скажа, калі адразу не сказаў, тут сумнявацца не варта, хай сабе пра раённы ўзровень прагучала ў яго словах пагарда ледзь улоўная, ды то было сігналам для мяне: не пытайся больш, чым табе сказалі.
– І якія высновы? – Раман зацягнуўся, выпусціў дым і стаў пільна глядзець на мяне.
Гэты позірк мяне непрыемна насцярожыў. Ён не проста глядзеў, ён быццам вывучаў мой твар. Раптам узнікла перакананне, што ён і слухаць уважліва не будзе, а будзе адсочваць мае пачуцці, якія павінны адлюстравацца на твары, аналізаваць іх, рабіць нейкія высновы.
– Выпадак насамрэч незвычайны. Ціхая вёсачка, забітая – маладая жанчына, вядомая яшчэ і нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Мёртвай яе знайшлі на суседнім з яе домам агародзе, цалкам аголенай, – пачаў я, адцягваючы для сябе момант, з якога мне трэба было зрабіць выбар.
– Сапраўдная завязка для трылера, – згадзіўся Раман. Ён глядзеў мне ў вочы. Пільна. Прафесійным позіркам. Ён казаў, усміхаўся куточкамі вуснаў, а вочы яго заставаліся засяроджанымі, яны нібыта падпарадкоўваліся іншай задачы, жылі асобна.
– Вывучэнне асабістай перапіскі Насці ў сацыяльных сетках нічога істотнага не дало, каб патлумачыць хаця б яе цяжарнасць, – працягнуў я. – У мяне ўзнікла версія выканання Насцяй ролі сурагатнай маці і канфлікту з заказчыкамі ў канцы, але тут у аварыю трапіў і разбіўся насмерць адзін дачнік (вёсачка стала дачным пасёлкам). Пры ім у машыне знайшлі труп дзіцяці ў маленькай, адмыслова зробленай труне…
– Насця нарадзіла за некалькі дзён да смерці? І пра дзіця ніхто не ведаў?
– Ляўдок – вёска з некалькіх хат, сваіх жыхароў там засталіся адзінкі. Насця з бацькам, які лічыўся раней знахарам-ведзьмаком, жылі адасоблена ад іншых, – патлумачыў я.
І тут віхурай узняліся думкі, якіх я ніяк не чакаў. Смерць праз некалькі дзён пасля родаў… Ці не гэта мела на ўвазе Тамара, калі даводзіла мне, што я даведаюся больш пра жанчын, калі аднойчы народзіць мая некалішняя жонка? Правільна, то ці не адзінае, з чым я не сутыкаўся яшчэ ў жыцці! Замільгацелі бачаныя дзесьці раней кадры нараджэння, успомніліся словы загадчыцы радзільнага аддзялення: «Невялікія разрывы яшчэ не зажылі». Вось жа! Роды для жанчын – траўма, наймацнейшы боль. Пра які сэкс, якія любошчы можа ісці гаворка праз лічаныя дні пасля родаў? Значыць… Сведчанне Падлужнага пра нейкія дзве аголеныя постаці пад дубам—брахня! Але і першая яго версія пра тое, быццам Насця абярнулася ў ласачку – таксама брахня, бо не да такіх жартачак парадзісе, нават калі і дапусціць, што яна магла такое рабіць. І значыць, Насця загінула неяк па-іншаму! Дык Тамара дакладна гэта зразумела? Але чаму вырашыла закрываць справу? Чаго яна спужалася? Пра нешта здагадвалася, ці ёй падказвала яе жаночая інтуіцыя: справа – далёка не просты крымінал? Федарук казаў: калі ёсць тыя, хто верыць у Цмока і жадае яго нараджэння, ёсць і тыя, якія таксама вераць, але супрацьстаяць гэтаму. Бірулька… «Паляўнічы на Цмока», які знік, бы пад ваду сышоў… Усё гэта пранеслася ў галаве адной кароткай асляпляльнай маланкай.