– І да чаго вы прыйшлі? – нагадаў пра сябе Раман.
Чаму мне так не падабаецца яго пранізлівы позірк? Ён хоча злавіць мяне на хлусні? Акалічнасці… Ён казаў пра нейкія акалічнасці справы, якія занепакоілі аж генпракуратуру. Што гэта можа быць? Удзельнікі справы – звычайныя людзі, у іх няма і не было ўплывовых сваякоў ці знаёмых… Ён паказаў мне пасведчанне. Ну, няхай яно і сапраўднае, няхай ён і працуе там, але ж можа цікавіцца зусім па іншай прычыне! Ён можа толькі прыкрывацца сваім пасведчаннем, яго інтарэс да справы мне невядомы, хто ён такі і што ці хто за ім сапраўды стаіць – я не ведаю…
– Справу будзем закрываць, – нечакана для сябе цвёрда вымавіў я і адчуў абсалютную ўпэўненасць у тым, што гаварыў. – Відавочна, Насця зацяжарыла ад Дылько. Хутчэй за ўсё, яна паспрабавала стаць нармальнай жанчынай, цераз сілу згадзіўшыся на сэкс з мужчынам і нараджэнне дзіцяці. На жаль, не праверым, але ўскосна ўсё пацвярджаецца мёртвым дзіцем, якое вёз на могілкі гэты самы паэт.
– Дзіця дакладна тое, якое нарадзіла Насця Грыцук?
Пытанне было хуткім. Яно – галоўнае з таго, што хоча ведаць гэты Раман, зразумеў я. Бо я таксама следчы. Мяне таксама нечаму вучылі. Я не люблю, калі са мной гуляюць. Калі мяне скарыстоўваюць. Калі ад мяне нешта хаваюць.
– Больш няма якому быць, – паціснуў я плячыма, даючы зразумець субяседніку, што ў мяне няма ніякіх сумненняў на гэты конт. – Восенню мінулага года ў Ляўдку ладзіўся нейкі стары абрад… Там Насцю Грыцук ажанілі з гэтым паэтам.
– Цікава, які абрад такі? Хто ладзіў? Нешта сур’ёзнае? Хто там галоўны?
На гэты раз я канчаткова зразумеў мэту сустрэчы са мной гэтага Рамана – чаму яму трэба было абавязкова пабачыцца са мной, а не зрабіць кароткі афіцыйны запыт: ён хоча ведаць не столькі пра ход расследавання і яго вынік, колькі пра маё разуменне сітуацыі, адносіны да справы. І другая мэта, відавочна, – дзіця Насці.
– Дачнікам іншы раз няма чаго рабіць, вось яны і ладзяць то Купалле, то Дзяды, то нейкага Куста…
Я стараўся гаварыць максімальна пераканаўча, абыякава. Дакладна я не мог бы цяпер адказаць нават самому сабе, навошта мне было хавацца ад прадстаўніка генпракуратуры, чаму сваё першае памкненне распавесці яму пра ўсе мае сумненні я замяніў на цалкам адваротнае? Не, не толькі з-за падазрэнняў і незразумеласці сітуацыі. Можа, таму, што я сам пакуль не мог вызначыцца: як я стаўлюся да таго Цмока? Таму, што не зразумеў яшчэ да канца імкненняў пэўнай часткі людзей нешта змяніць у жыцці? Так, я яшчэ не вызначыўся сам. Я сам не зразумеў. А яму, гэтаму Раману, трэба дзіця. І таму пакуль… пакуль мае сумненні павінны застацца са мной. Толькі са мной. Каб пасля не шкадаваць.
– Дык якім чынам загінула Насця?
Раман пытаўся, як і перад гэтым, хутка, прафесійна, і не пераставаў сачыць за выразам майго твару. Не, хлопча, я хоць і правінцыяльны следчы, але ж таксама навучаны…
– Смерць, хутчэй за ўсё, вынік няшчаснага выпадку. Адзін фермер прызнаўся, што ў тую ноч ля старой коннай грабалкі ён бачыў дзве аголеныя постаці – мужчыну і жанчыну. Відавочна, любошчы пад месячыкам. У грабалкі быў ненадзейны рычаг фіксацыі зубоў. Форма, даўжыня зуба суадносяцца з той ранай, якая была зафіксавана на целе трупа.
– Значыць, няшчасны выпадак? – на гэты раз задумліва спытаў Раман.
– Мы прыйшлі да такой высновы, – згодна кіўнуў я галавой. – Можна, пры жаданні, фантазіраваць наконт наўмысных дзеянняў таго ж Дылько, але не мае сэнсу, тым больш ён мёртвы. Ды і той факт, што ён сам рабіў труну для памерлага дзіцяці, вёз патаемна яго на могілкі, кажуць на карысць менавіта няшчаснага выпадку…
Дзіўна, але мне і самому ў той момант такая версія падалася вельмі рэальнай. А чаму б такому і не быць? Можа, у Насці з такой выбуховай нечаканасцю абудзілася звычайная жанчына, што яна стала прагнуць пяшчоты і ласкі ад мужчыны кожную хвіліну, не зважаючы на нядаўнія роды?
– Зразумела, дзякуй, – Раман хутка падаў мне руку, коратка паціснуў, азірнуўся і махнуў рукой.
Я пабачыў той самы аўтамабіль, які стаяў ля пракуратуры, метраў за пяцьдзясят ад нас. Ён газануў і з лёгкім шумам колаў наблізіўся.
– Выбачайце за пературбацыю. Калі трэба будзе – званіце без аніякіх там, – казаў Раман, а сам усё вывучаў мае вочы. – Нам вядома, вашаму пракурору хутка на пенсію, іншы раз у такіх выпадках здараецца гэтакі мяккі, добразычлівы ціск на следства…