– Ды не, пакуль непаразуменняў не было, – пастараўся запэўніць я Рамана.
– Дзякуй за размову! Будзем чакаць ад вас паведамленняў, як знойдзеце нешта незвычайнае ці ўзнікнуць пытанні і складанасці.
Я не мог не адзначыць для сябе яшчэ адзін прафесійны штрых: аўтамабіль спыніўся на некалькі крокаў наперадзе, і, такім чынам, калі гэты Раман сядаў у машыну, я не пабачыў нічога ў салоне. Той факт, што мужчына сеў на задняе сядзенне, таксама нешта казаў.
Я вяртаўся прыцемкамі. Квола ўздрыгнуў тэлефон у кішэні. Дастаў, паглядзеў: Надзея тэлефанавала і тут жа выключылася. Не стаў перазвоньваць – вунь ужо бачны дом.
Яна сустрэла мяне ў веснічках, зазірнула ў вочы.
– Усё добра, – бадзёра ўсміхнуўся я. – Ідзём да мяне!
Мы зайшлі ў дом, і я паўтарыў усхвалявана-радасна:
– Усё добра! – прыгнуўся, абхапіў Надзею пад каленямі ў нечаканай хвалі пяшчоты, падняў на рукі.
– Дурны! Я ж табе не дзяўчынка, надарвешся! – запляскала яна далонямі па маіх плячах. Потым заціхла, я паволі апусціў яе, рукі слізгалі па пяшчотнай скуры яе ног.
– Сяргей твой яшчэ не спіць?
– Не, чытае. Але хутка будзе класціся, заўтра зноў збіраецца на рыбу: у яго яшчэ два дні вольныя, хоча паспець.
– Пакліч яго… І дай мне потым, калі ласка, свой тэлефон. Зраблю адзін званок.
Надзея ні пра што не пыталася. Пазваніла і прамовіла:
– Брацік, падыдзі да Васіля… ты патрэбны. Адключылася, працягнула мабільнік мне.
Я пагартаў свой даведнік, набраў нумар на Надзеіным тэлефоне.
Федарук доўга не адказваў, я зрабіў выклік яшчэ раз. Не дзіўна – незнаёмы для яго нумар. Нарэшце пачулася яго насцярожанае:
– Алё, слухаю. Хто мяне турбуе?
– Гэта следчы пракуратуры Васіль Шайбак, – прадставіўся я. – Выбачайце, не са свайго тэлефона. Я хацеў вам паведаміць: справа будзе закрыта.
– Дзякуй, – адказаў ён, і я міжволі ўсміхнуўся, уявіўшы яго ў гэты момант— настолькі разгублена прагучаў адказ.
– Жывіце спакойна, Алесь Тарасавіч, – працягнуў я. – Адно папрашу вас: калі вы заўважыце нешта істотнае для сябе ў плане, скажам так, бяспекі вашай сям’і, то патэлефануйце мне. Абавязкова патэлефануйце. І менавіта на гэты нумар. Дамовіліся? І яшчэ: я вас буду турбаваць час ад часу пытаннямі, ці ўсё добра. Абяцаеце мне адказваць шчыра і падрабязна?
– Так-так, абяцаю, – спешна згадзіўся Федарук, і я адключыўся.
– Кавы згатую? – ціха спыталася Надзея.
– Ага. На траіх. І каньяк будзем, ага?
– Ага, – пераадольваючы напружанне, усміхнулася яна, пайшла ставіць чайнік.
Сяргей пакруціў пластмасавага дракончыка ў руках колькі секунд, паклаў на стол.
– Што цікавіць следапыта?
– Што можаш разумнае прыдумаць, тое і цікавіць, – адказаў я і адкаркаваў бутэльку. – Мне трэба знайсці майстра. Абавязкова.
– З якога перапуду гуляем у такі час? Мне заўтра ўставаць на досвітку, – Сяргей кіўнуў незадаволена на бутэльку.
– Значыць, не ўставаць, – адказаў я. – Ты ж самы блізкі з радні Надзеі, вось і хачу ў цябе папрасіць дазволу на шлюб з ёй, – роблена ўрачыста назваў я прычыну.
– Ды ну? – хмыкнуў Сяргей, потым азірнуўся на Надзею: – Калі ён праўда табе нешта прапаноўваў, дык гані яго!
– Гэта чаму? – пагрозліва наблізіўся я да Сяргея, прыўзняўшы вышэй бутэльку.
– Бо наліваеш патроху ў такім выпадку!
– Затое часта! Тактыка ў мяне такая…
– Маўчы, тактык, – Сяргей спыніў нашу гульню, пасур’ёзнеў, узяў кілішак з каньяком. – Ваша здароўе! – Выпіў, закінуў у рот кавалак шакаладкі, пражаваў і стаў тлумачыць: – Давай па справе, мне ўставаць рана. Запамінай. Матэрыял – фтарапласт. Вельмі каштоўны тым, што хімічна ўстойлівы – раз. Два – не электрызуецца. Не зношваецца, хоць на выгляд і мяккі. У механізмах невялікіх і дакладных, у робататэхніцы, скажам, прымяняецца вельмі шырока: падшыпнікі, калёсікі, іншае. Дэталі з яго не дэфармуюцца. Першы раз я з ім пазнаёміўся на вытворчасці мікрасхем. Там яго вельмі шмат дзе. Што да бірулькі, дык яна велікаватая, каб быць зробленай з нейкай дэталі. Хутчэй за ўсё, рабілі непасрэдна з кавалка. Значыць, на заводзе па вытворчасці фтарапласту. У нас у краіне такіх няма, наколькі я ведаю. Але ёсць участкі па вытворчасці дэталяў з яго для патрэб той жа электроннай прамысловасці. Якасць работы… – Сяргей зноў узяў у рукі бірульку, стаў тлумачыць, кранаючы мезенцам асобныя месцы дракончыка: – Вялікія рэзы зроблены ўпэўнена, за раз ці два. Дробныя дэталі выкананы касым разаком, глыбока, упэўнена… Карацей, рабіў майстар-рэзчык па дрэве, тут няма пытанняў.
– Значыць, трэба шукаць майстра, які працуе на заводзе па вытворчасці дэталей з фтарапласту?