Выбрать главу

Ён націснуў на ўвод ды абярнуўся. Мы з ім былі занадта розныя. Я не прымаў яго ўяўленняў пра “смешнае” ды “карыснае”, але і ён касіўся на мяне, як на звар’яцелага, не ў змозе зразумець, навошта я спыніў такую весялуху. Па ягоных запаволеных вачах я бачыў, што істота прыдумляе, як дэзавуяваць тое, што запусціў пад маю дыктоўку. Што будзе ў газетах, калі я дасягну Горада Святла? Уяўляю: “Казлакапытыя захапілі Аракула і перадалі на яго паклёп! Але іх перамог Двуххвосты Барсук! І зараз Аракул зноўку вяшчуе праўду!”

— У бок! — загадаў я, узводзячы куркі. — Што? — ён узняў рукі над галавой, але застаўся на месцы.

І тады я з нечуванай асалодай згроб яго за шыварат і адкінуў ад стала. Крэсла перакулілася, Ананас апынуўся на падлозе і папоўз па дошках ад мяне, закрываючыся рукамі ад стрэльбы. Быццам карцеч, якая з такой дыстанцыі разнясе косткі ў шчэпы, магчыма спыніць пальцамі. Ён лямантаваў:

— Не трэба забіваць! Бяры кантроль над сістэмай! Я проста пайду! Цябе Пастух таму даслаў? Каб ты прыбраў Сямёна Чаплю?

Я ўзняў зброю да пляча, упёрся шчакой, прыцэліўся у шкло і плаўна націснуў на спускі. Шчоўк, шчоўк. Якая была б эфектная сцэна. Каб у рулях засталіся патроны. Каб я не дастаў іх, пералазячы праз агароджу. Сказаўшы нядобрае слова, я перавярнуў стрэльбу руляй да сябе і нямоцна ткнуў прыкладам у “манітор”. Ён пераўтварыўся ў выбух шкляных пырскаў, вада пралілася на клавіятуру, з якой паляцелі іскры. Святло ў пакоі мільганула, але сістэма вытрымала замыканне. Я паддзеў клавіятуру прыкладам, скінуўшы яе на падлогу. Пасля стаў на яе нагой — тая вытрымала, як вытрымала і ўдар чаравікам. Надзейныя прыборы выраблялі напачатку віртуальнай эры. Узяўшыся за стрэльбу дзвюма рукамі, быццам яна была вялікім пестам для таўчэння крафтавага масла ў ступе, я ўдарыў так, што шрот літарак стрэліў па ўсім пакоі. Яшчэ ўдар — і клавіятура пераламалася папалам.

Задаволена агледзеў учынены разгром. Пераламаў ружжо, намацаў у кішэні паліто патроны, уставіў у ствалы і рушыў у пакой з генератарам. Ананасагаловы, які ўвесь гэты час прасядзеў, закрываючы твар далонямі, ажыў і папоўз за мной па падлозе:

— Не трэба! Там страляць не трэба! Бяда будзе, кажу! — вішчаў ён.

Але я быў ужо каля металічнага зубра. Прыцэліўся ў крышку і націснуў на гашэткі. Шандарахнула так, быццам нехта ўзарваў мне галаву. Бетонны каменны мех узмацніў гучнасць грохату, на нейкі час я страціў слых — у вушах загуло, а ў нос шыбанула едкім парахавым дымам. Карцеч прайшла праз метал, выламала камень разам металічнай накрыўкай рухавіка, адрыкашэціла ад сцен ды бліскавіцай мільганула ў мяне ля рэбраў. Ананас стаяў побач і крычаў мне ў твар, але яго было не чутно.

Пасля гэтага зрабілася цёмна і млосна, ногі падкасіліся, і я падумаў, што другая карцечына, відаць, уджаліла мяне, бо на столі і сценах бункера праступілі казачна прыгожыя зоры. І Сямён Чапля быў побач, ён нешта паўтараў мне ў твар, размахваючы сваімі худымі ручыдламі, у якіх як быццам было больш локцяў, чым у звычайнага, “не творчага”, чалавека. Але слых пачаў вяртацца, і я здолеў падняцца і зразумеў, што не паранены, а Чапля крычаў вось што:

— Генератар падсілковае ўваход! Нельга было страляць! Камяні падтрымлівалі замок! Мы маглі ж так назаўсёды застацца пад зямлёй! У бункеры!

Я патрос галавой — вушы балелі. З руляў курыўся дымок.

— Трэба ж розум мець! Хочаш пакараць — карай з галавой! — енчыў былы Аракул. — Супакойся! Падумай, а пасля рабі! Сталін казаў: помста — страва, якую трэба есці халоднай!

Перажыўшы так шмат, ён быў цяпер настолькі ўзрушаны, што нават перастаў мяне баяцца. Давялося зноўку пераламаць стрэльбу і, каб доўга не мучыцца з заплечнікам, зарадзіць той патрон, які я выцягнуў са стрэльбы дзеда-самагубцы. Чапля змоўк, пазіраючы на мяне з асуджэннем.

— І што мне зараз рабіць? Куды ісці? — ён пытаўся так, бы я — бессардэчны ўладальнік радыёстанцыі, які толькі што звольніў самага рэйтынгавага дыджэя. — Ідзі прэч, — загадаў я каротка. — Я думаю, сюды ўжо ідуць удзячныя аматары тваёй творчасці. — Я ж ні халеры не ведаю ў гэтым свеце! — крыўдліва даводзіў ён. — Чым займацца мне? — Валі ты, дружа, у Элеватары — памятаеш, як іх знайсці? Там праца ёсць — шуфлем махаць, за ежу.

Ён відавочна думаў працягваць спрачацца, таму я ўзняў стрэльбу і дыдактычна навёў яе на дыскваліфікаванага прарока. Ён забурчэў, як пусты страўнік, і, здаецца, акурат мармытаў нешта наконт вайсковых прыпасаў, што можна было б выцягнуць з бункера, бо навокал жа — згаладнелыя вёскі, дзе людзі нават кару з дрэваў паелі, але пачаў адыходзіць спінай, прэч ад мяне.