— Дык гэта. Я, кшталту, не зразумеў, — выгукнуў ён, пакінуўшы дыстанцыю прыцэльнага стрэла. — Што там з казлакапытымі? Іх жа няма, правільна? Іх жа я сам і прыдумаў? З Герадота спісаўшы! — Яшчэ як ёсць! — не збрахаў я. — Бачыў на ўласныя вочы! І сляды, і постаці. Такія чалавека кордам напалову рассякуць! То шчаслівай дарогі!
Дурань знік у цемры. А я застаўся адзін ля згаслага смарагдавага вока, якое стваралася з намерам упарадкоўваць свет, але замест гэтага — падпарадкоўвала яго.
Падумалася, што згаданы Сталін, магчыма, і меў рацыю, што помста, як і любое злачынства, сапраўды патрабуе халоднай галавы. Але ж толькі нягоднік помсціць з разлікам. Толькі падлюка старанна выношвае планы ў адказ на перажытую несправядлівасць. Толькі злыдзень будзе чакаць, пакуль рукі перастануць дрыжэць ад шалу. А добры — кінецца з кулакамі адразу, не пралічыўшы, выдаўшы сябе і свае намеры. Добры рэагуе на зло няўмела, непрафесійна, неахайна. Таму ён і добры. Дай такому чалавеку састыць, узважыць дзеянні, і ён даруе крыўдзіцелю.
Раздзел трэці
Перш чым пералезці праз агароджу, я ўзяў манекен ад фальшывай варонкі і падцягнуў яго бліжэй да сеткі. Абвестку пра міны кінуў побач. Хай усе бачаць, як менавіта бярогся ад “дзікіх” усёведны і найразумнейшы Аракул.
Стаў прадзірацца праз калючы гушчар. Зараз, ведаючы, што лес муціраваў не праз чорную магію, але ад электрамагнітнага выпраменьвання ваенных лакатараў, ніякай злавеснай аўры ў дрэвах ужо не адчувалася. Лес як лес. Пасохлы, прыдатны да хуткага збору сухога ламачча. Выйшаўшы на невялічкую палянку, наабдзіраў яловых лапак ды склаў аснову пад вогнішча. Выкрасіў іскру, раздзьмуў агеньчык. Дастаў не даедзеную Гердай бляшанку кацінага ласунку, паставіў яе ў полымя падагрэцца. Не тое, каб цёплым харч быў менш гідкі. Але так я меней пачуваўся катом: яны ежу не кіпяцяць. Калупнуў нажом, з’еў некалькі кавалкаў і, сплюнуўшы, адкінуў банку прэч: пакуль я недастаткова скаціўся.
Дастаў мапу і шчоўкнуў аракулавым ліхтарыкам. О, як жа Яго Найсвяцейшаства шкадуе пра свой падарунак! Як жа ён трасецца, ідучы па цёмных палях з непрацоўным налобнікам! Адшукаўшы вежу Аракула, я зразумеў, што прарабіў ладны шлях ад некалі вольнай муніцыпаліі. Яшчэ якіх дзесяць сантыметраў уніз — і мапа Беларусі скончыцца. Давядзецца перасоўвацца, абапіраючыся толькі на дарожныя пазнакі і расповеды мінакоў. Але да Горада Святла было яшчэ два ці, можа, нават тры сненні. З улікам таго, што маршрут наперадзе не ўпрыгожваў россып населеных пунктаў, што абяцалі магчымасць зарабіць на ежу, зноўку варухнулася думка пра вяртанне дадому. Але хутка прыгадаліся навіны, прачытаныя з воднага манітора, і жаданне знікла. Неўзабаве ва ўсіх мінскіх дзяржавах будуць уладарыць камісары-рабаўладальнікі з Кальварыі. Прага моцнай рукі падпарадкавала ім значную частку земляў у межах старой кальцавой. Я прыглядзеўся да дзвюх гарызантальных рысачак, перакрэсленых вертыкальнымі штрыхамі: частакол пачынаўся амаль адразу за Аракулам і цягнуўся ажно да Горада Святла, але не было ніякай магчымасці зразумець, што гэта такое. Як я ні ламаў галаву, уцяміць значэнне гэтай пазнакі я не здолеў.
Закідаўшы вогнішча, я пайшоў да сцяжыны, мабыць, ствараючы шмат хрусту ды тлуму — хай сабе мне і падавалася, што я праслізгваю між дрэваў, бы маўклівы цень. Я паспеў толькі высунуцца з гушчару, калі мне ў хрыбеціну ўтыкнулася штосьці цвёрдае, а сталёвы голас загадаў:
— Стой, раз, два!
Я замёр, аўтаматычна ўздымаючы рукі. Азірнуўся, ды не пабачыў нікога. Нават бялкоў вачэй, якія зазвычай цяжка схаваць.
— На калены! — скамандаваў той жа голас, здымаючы з майго пляча зброю.
Я падпарадкаваўся, скручваючы шыю ў спробах зразумець, што за нябачная істота мяне затрымала. Жвавыя пальцы тым часам пазбаўлялі мяне ад заплечніка. Дзівак чалавек! Думае, мяне можна абрабаваць! Думае, я магу пераносіць нейкія каштоўнасці! Захопнік пстрыкнуў святлом і сцягнуў з твару нейкую прыладу. У светлавых бліках я пазнаў ваенны цеплавізар. Начное бачанне. Такая цацка здавалася ў арэнду на рынку ў Грушаўцы і цынку, выглядае, жэрла не менш, чым Герда кацінага корму. Пяць хвілін каштавалі два поўныя зарады. Але забаўка вартая, я не пашкадаваў чатыры цынкі, каб пабадзяцца дзесяць хвілінак вакол возера, дзівячыся, як выглядаюць чалавечыя постаці ў розных спектрах. Чалавек, што спыніў мяне, мусіў быць вельмі заможным.