Выбрать главу

Ён абмацаў мае кішэні, знайшоў нож і дастаў яго, расшпіліў заплечнік, стаў вельмі прафесійна яго патрашыць. Гэты быў не падобны да тых дурняў, што служылі Цару Гары. Ліхтарык, замацаваны пад руляй караткаствольнага аўтамата з глушыльнікам, высвечваў кожнае шво ў маім плецаку. Заўважыў бутэльку, у якой пляскалася рэшта фірмовага віскі, але не стаў яе канфіскоўваць, кінуў назад у маю торбу на лямках. Значыць, адабраць каштоўнасці не было мэтай. Агледзеўшы заплечнік, ён зашпіліў яго і вярнуў.

— Так. Устаць. Ідзі наўпрост, — даў каманду сталёвы голас. Пакуль я падымаўся, паспеў разглядзець апранутую ў чорнае постаць. Рухаўся чалавек абсалютна бязгучна, і ўвесь час, пакуль я ішоў да асфальту — а менавіта туды кіраваў мяне захопнік, — у мяне было адчуванне, што за спінай нікога няма, што я прыдумаў сабе дзівака з цеплавізарам. — Стой, раз, два! — нагадаў пра сябе голас, як толькі мы дайшлі да гасцінца. — Рукі за спіну! Сеў на кукішкі!

Я асцярожна апусціўся на асфальт. Сядзець у гэтай позе з рукамі за спінай было нязручна. Цела перакульвала назад, я нахіліўся наперад і прыўзняўся на дыбачкі. Але праз тузін уздыхаў пальцы ног забалелі, давялося адкінуцца і абаперціся грудзямі на калені. Праз тры хвіліны пакутлівага балансавання ўсё, што было ніжэй за калені, так безнадзейна зацякло, што, калі б я нават вырашыў ускочыць і пабегчы, не здолеў бы зрабіць і два крокі.

І, выглядае, мой выдатна трэніраваны захопнік пра гэты расклад добра ведаў, нездарма ж не парупіўся мяне звязаць. Хутчэй за ўсё ён дзейнічаў паводле інструкцыі, прыдуманай для такіх сітуацый задоўга да таго, як цеплавізары зрабіліся прыладай, карыснай поўныя суткі.

Неўзабаве з напрамку дарогі ад Элеватараў ды запраўкі пачуўся конскі тупат. Коні не беглі, а няспешна ішлі, і было іх нямала. Там мітусілася шмат агеньчыкаў, здалёк усё нагадвала дыскатэку. Маўклівая постаць побач са мной папераджальна тройчы міргнула ліхтарыкам. Яму адказалі адным бліскам.

— Устаць. Пяць крокаў да ўзбочыны! — было загадана мне.

Я ўзняўся на нетрывалых нагах, цалкам прадказальна адразу ж бухнуўся назад на калены і толькі вось гэтак, амаль паўзком, выканаў загад. Пакуль я коўзаўся, у цягліцы пайшла кроў, а разам з ёй у ікры, шчыкалаткі ды ступакі ўтыркнуліся маленечкія голачкі. Паязд я сустрэў са святочным выразам на твары: так мяне ў жыцці не крывіла.

Спачатку з цемры выйшла шэсць фігур, па тры з кожнага боку. Яны абмацвалі ліхтарыкамі асфальт і ўзбочыны, відаць, шукаючы выбухоўкі ці іншыя пагрозы каравану. У іх былі “Калашнікавы” з падствольнікамі, пераносныя кулямёты і нават антыкварны супрацьпяхотны гранатамёт М79. Парад стралковай зброі прамінуў маўкліва, толькі метал бразгаў на кожным кроку. За імі цягнуліся тры вазы асноўнага абозу. Запрэжаныя чатырма коньмі кожны, фургоны былі пастаўленыя на капітальныя шасі з беспаветранай гумы. Па баках яны былі ўзмоцненыя лістамі брані. Усталяваныя на рухомыя карзіны хуткастрэльныя пушкі, знятыя з БМП, надавалі вазам нават паэтычны выгляд. Апошні фургон, таксама аточаны ўзводам, прыпыніўся каля нас.

— Вой, а хто гэта ў цябе такі красівы? — спытаў майго захопніка кплівы голас. Успыхнуў пражэктар, які скіраваўся проста на маю перакрыўленую фізію. — Захапіў выведніка свінажопых. Хаваўся ў лесе ля Аракула, — слова “рыскун” гэтым людзям таксама было не блізкае. — А вы ці не ведаеце, чаму гэта Аракул не блішчыць? — пацікавіўся іншы, уладарны, голас з воза. Ён увесь час прамаўляў з крышачку пытальнай інтанацыяй — нават калі ні пра што не пытаў. — Што ў гэтага з тварам? Ты што, яму апендыцыт выразаў? — то быў другі, больш нахрапісты. — Мяне жабай паставілі. Ногі зацяклі, — прамармытаў я, але ніхто мяне не слухаў. — Гэты селянін падобны да выведніка, як я падобны да Мошэ Даяна, я вам скажу! — прамовіў уладарны голас зверху. Ён звярнуўся да мяне: — Вы кім такім будзеце? — Трэба ісці, нельга караван расцягваць, — пачаў нервавацца адзін з тых, хто стаяў за возам. — Я — Кнігар. Іду ў Горад Святла. Са свінагаловымі не знаёмы. — Нейкі ён дохлы. Ды ў паліто. З чаго ты ўзяў, што ён выведнік? — запытаўся кплівы. — Свінажопыя, адназначна! Ён цынку пры сабе не мае! — Эй, ты чаго цынку пры сабе не маеш? — пацікавіўся з’едлівы голас. — Скончыўся ўвесь, — змрочна адказаў я. — Што будзем з ім рабіць, таварыш Караваншчык? — з усмешкай звярнуўся кплівы да ўладарнага. Я прапаную стрэльнуць у башку, на ўсялякі выпадак. Каб мінімізаваць рызыкі. А то раптам ён напраўду свінажопы? — мне падалося, што ён жартаваў. Здзеклівы зноў звярнуўся да майго захопніка: — А зброя ў яго была?

Ён моўчкі паказаў мой нож і стрэльбу.

— Ці магу я пацікавіцца, якім будзе імя вось гэтага вашага спецыяліста? — нецярпліва запытаўся ўладарны голас у кагосьці ўнутры фургона. — Я іх увесь час блытаю, яны падобныя, бы селядцы ў бочцы Хацкеля Мардухавіча Шагала, я вам скажу. Трэцяе сненне ідзем без адпачынку, а як звяртацца, не ведаю. — Гэты — радавы ўзвода альфа, франтальнае забеспячэнне. — А імя, дадзенае чалавекам, які яго нараджаў, ці мае? — Якое імя ў цябе? Саша, здаецца? — Сіргей, —няўпэўнена азваўся мой кампаньён. Магчыма, ён і сам паспеў забыцца на чалавечае імя. — Сярожанька, даражэнькі вы мой! Вы бачыце ў сустрэтага вамі селяніна свіны лыч? Не? А капыты вы ў яго бачыце? Таксама не? А ў раёне дупкі вы яму ліхтарыкам свяцілі? Вы знаходзілі там ружовы хвосцік гнуткай спіралькай Не? Дык я вам скажу, Сярожанька, гэты селянін і свінарылыя — гэта дзве бальшыя разніцы! Вы куды ішлі? — запытаўся голас у мяне. — У Горад Святла, — я ўзняў галаву, прымружваючыся ад пражэктара. — Вось, бачыце, Сярожанька, чалавек з галечы, цягнецца да ведаў, да літаратуры! Як Шалом Алейхем! Называе сябе “Кніжнікам”, можа, нават і вершы піша, я вам скажу, Сярожанька, у гэтага селяніна можа быць выдатная будучыня. Я проста вось бачу зараз, як ён выступае са сцэны ў “Метраполі” і яму пляскае публіка ў добрых касцюмах. — Нам трэба рушыць. Стаяць небяспечна, — нагадалі ззаду. — І я вас здзіўлю, Сірожанька, але мы возьмем гэтага селяніна з сабой, каб пагутарыць пра тое, як зараз жывецца моладзі, — заявіў той, да каго звярталіся, як да Караваншчыка. — Вы што! Нельга! Ну ніяк! Гэта парушэнне пратаколаў бяспекі! — адказаў яму нехта ў кібітцы. — Я вас умаляю, не трэба паводзіцца так, як быццам бы я ваш пасажыр! Гэта вы — і ўвесь ваш ЦАХАЛ — мае пасажыры! — адрэзаў Караваншчык. — Лезьце сюды, малады чалавек! — загадаў ён з брычкі.